У пачатку гэтага года ў прафсаюзныя грамадскія прыёмныя, якія штотыдзень прымаюць звароты ад грамадзян па сітуацыі на спажывецкім рынку, паступалі паведамленні аб адсутнасці гародніны або наяўнасці айчыннай плодаагародніннай прадукцыі неналежнай якасці. Дарэчы, усе гэтыя звароты разглядаліся з наведваннем гандлёвых аб’ектаў і ў большасці выпадкаў факты пацвердзіліся.
У сувязі з гэтым прафсаюзы падключыліся да маніторынгаў фарміравання і выкарыстання аб’ёмаў стабілізацыйных фондаў. Прафсаюзныя спецыялісты ва ўсіх рэгіёнах з бягучага месяца па май 2026 года будуць звяртаць увагу не толькі на колькасць агародніны, якая закладваецца, але і на ўмовы захоўвання, каб прадукцыя захоўвала сваю якасць і ўласцівасці.
— Стабілізацыйныя фонды адыгрываюць важную ролю ў падтрыманні стабільнасці на спажывецкім рынку, асабліва ў міжсезонны перыяд. Калі да вясны натуральным чынам скарачаюцца запасы прадукцыі мінулага ўраджаю, а новага ўраджаю яшчэ няма, менавіта стабфонды дазваляюць гарантаваць наяўнасць у гандлёвых аб’ектах якаснай плодаагародніннай прадукцыі па даступных коштах. Гэта важны механізм, які дапамагае згладзіць магчымыя сезонныя ваганні і забяспечвае насельніцтва неабходнымі таварамі незалежна ад пары года, — адзначыў Дзмітрый Аляксейчык, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. — Мы бачылі, якія хваляванні былі ў людзей, калі яны не знаходзілі звыклую для сябе прадукцыю ў крамах у пэўны перыяд. Так, безумоўна, гэта быў невялікі прамежак часу, і сітуацыя з наяўнасцю той жа бульбы хутка вырашылася, разам з тым недапушчальныя сітуацыі з рэалізацыяй няякаснай прадукцыі. Таму наша задача — не толькі пераканацца, што сфарміраваныя фонды гатовы забяспечваць рынак якаснай прадукцыяй, але пры неабходнасці мы гатовы падставіць плячо.
Трэба дадаць, што паралельна з маніторынгамі сховішчаў для гародніны прафсаюзы будуць праводзіць «народны» кантроль і ў гандлёвых аб’ектах па ўсёй краіне. Пад увагай — наяўнасць і якасць «баршчавога набору» беларускай вытворчасці. У выпадку ўзнікнення нестандартных сітуацый будуць інфармавацца адпаведныя дзяржорганы.
Акрамя таго, прафсаюзныя спецыялісты працягваюць прымаць у абласных цэнтрах і горадзе Мінску заўвагі і прапановы грамадзян аб сітуацыі на спажывецкім рынку. Звярнуцца асабіста да «народных кантралёраў» можна праз грамадскія прыёмныя кожны чацвер з 11:30 да 20:30. Таксама звароты прымаюцца і анлайн — праз спецыяльную форму «Паведаміць аб сітуацыі з цэнамі». Уся падрабязная інфармацыя — на афіцыйным партале ФПБ.
Алена КРАВЕЦ