Top.Mail.Ru

Прафсаюзы правяраюць гатоўнасць дзіцячых лагераў перад летнім сезонам

З набліжэннем летняй аздараўленчай кампаніі прафсаюзы Беларусі традыцыйна падключаюцца да работы па ацэнцы гатоўнасці дзіцячых аздараўленчых лагераў і цэнтраў да прыёму дзяцей. Галоўная задача — дапамагчы ўстановам своечасова звярнуць увагу на магчымыя слабыя месцы, каб ужо непасрэдна да адкрыцця сезону ўмовы былі бяспечнымі і камфортнымі як для адпачынку дзяцей, так і для працы супрацоўнікаў установы.


Маніторынгі гатоўнасці дзіцячых лагераў праходзяць у два этапы. Першы — напярэдадні адкрыцця змен, калі спецыялісты наведваюць установы і ацэньваюць, наколькі яны гатовы да адкрыцця. Другі этап праводзіцца ўжо ў перыяд функцыянавання лагераў, каб пры неабходнасці аператыўна аказаць садзейнічанне ва ўстараненні ўзнікаючых пытанняў.

Так, прафсаюзныя спецыялісты пры наведванні ўстаноў разглядаюць шырокае кола пытанняў. Асаблівая ўвага — да ўстаноўкі, выпрабавання і надзейнасці мацавання спартыўнага і гульнявога абсталявання. Акрамя таго, спецыялісты ацэньваюць, якая праца праведзена па выдаленні, напрыклад, аварыйных дрэў, ці апрацавана тэрыторыя ад кляшчоў, ці праводзіўся рамонт спальных пакояў, душавых і санітарна-бытавых памяшканняў, ці абнаўлялася абсталяванне ў харчаблоках, ці адбывалася замена або чыстка кандыцыянераў, бактэрыцыдных лямпаў, бойлераў і іншага неабходнага абсталявання. Асобны акцэнт робіцца на арганізацыю пітнога рэжыму. Важна, каб ва ўстановах заўсёды быў доступ да чыстай пітной вады, а падача халоднай і гарачай вады была арганізавана бесперабойна.

Не застаюцца без увагі і ўмовы працы работнікаў лагераў і цэнтраў. Падчас маніторынгаў спецыялісты глядзяць, як арганізаваны працоўныя месцы, ці забяспечаны супрацоўнікі сродкамі індывідуальнай абароны, ці праводзіцца неабходнае навучанне і інструктажы па пытаннях аховы працы. Дарэчы, менавіта гэтыя моманты з’яўляюцца характэрнымі парушэннямі.
Як адзначылі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў, маніторынгі выканання заканадаўства аб ахове працы — гэта дзейсная прафілактычная работа, якая дазваляе загадзя выяўляць магчымыя недахопы і аператыўна прымаць меры па іх устараненню. Летась прафсаюзныя спецыялісты наведалі 152 дзіцячыя аздараўленчыя лагеры і цэнтры па ўсёй краіне. Падчас маніторынгаў было выяўлена больш за 500 парушэнняў заканадаўства аб ахове працы. Пры гэтым большасць выяўленых пытанняў устараняліся аператыўна, прама падчас маніторынгу.

У цэлым прафсаюзы Беларусі ўдзяляюць вялікую ўвагу тэме аздараўлення і арганізацыі летняга адпачынку і занятасці дзяцей. Кожны год у адпаведнасці з галіновымі пагадненнямі і калектыўнымі дагаворамі арганізацый прафсаюзы разам з наймальнікамі накіроўваюць грашовыя сродкі на патанненне кошту пуцёвак у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Традыцыйна аказваецца дапамога ў набыцці неабходнай мэблі, абнаўленні гульнявога і спартыўнага абсталявання. Акрамя таго, ужо з пачатку вясны праводзяцца суботнікі па ўборцы тэрыторый, рамонце і добраўпарадкаванні дзіцячых аздараўленчых устаноў.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю