Для аператыўнага рэагавання на праблемныя і спрэчныя сітуацыі, звязаныя з умовамі, аплатай працы ўдзельнікаў жніва, у Федэрацыі прафсаюзаў дзейнічае шматканальны тэлефонны нумар. Зараз званкі прымаюцца з 08:00 да 20:00 па рабочых днях, а са жніўня цэнтр будзе працаваць і ў выхадныя дні. Прадстаўнікі прафсаюзаў гатовы неадкладна рэагаваць на ўсе пытанні работнікаў, занятых на ўборцы ўраджаю. Звароты прымаюцца па нумары 8 801 100 1111 (званок бясплатны для абанентаў «Белтэлекама» і мабільных аператараў, A1, МТС, БеСТ (Life)).
— Прыём зваротаў вядзецца ў Міжгаліновым маніторынгавым цэнтры ФПБ, які дзейнічае з мая гэтага года. У перыяд уборачнай кампаніі асаблівая ўвага спецыялістаў цэнтра накіравана на аказанне дапамогі аграрыям, — расказалі ў прэс-службе ФПБ.
Забяспечанасць спецадзеннем і сродкамі індывідуальнай абароны, расцэнкі пры выкананні работ і аплата працы ў цэлым, арганізацыя харчавання і санітарна-бытавых умоў — па ўсіх гэтых і іншых пытаннях прафсаюзы гатовы аказаць неабходную падтрымку работнікам. У тым ліку пры неабходнасці будзе арганізаваны выезд спецыялістаў на месца для ўдакладнення сітуацыі.
Дарэчы, такая практыка ў прафсаюзах дзейнічае не ўпершыню, і яна даказала сваю эфектыўнасць. У мінулым годзе пасля звароту работнікаў на гарачую лінію прафсаюзаў былі аператыўна вырашаны пытанні па паляпшэнні ўмоў працы, выплаце прэміяльных узнагароджанняў і інш.
Трэба адзначыць, што напярэдадні жніва прафсаюзы правялі маніторынгі ўмоў працы аграрыяў ва ўсіх рэгіёнах. У цэлым тэхнічная інспекцыя працы ФПБ адзначае высокую гатоўнасць прадпрыемстваў да старту ўборачнай кампаніі. Разам з тым былі зафіксаваны і асобныя недахопы, звязаныя з забяспечанасцю работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны, спецадзеннем і абуткам, праходжаннем медагляду. Па рэкамендацыі прафсаюзаў, наймальнікі ўзялі на сябе абавязацельствы аператыўна вырашыць усе гэтыя пытанні.
Алена КРАВЕЦ