Як адзначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько, сёння на ўзроўні дзяржавы ўдзяляецца вялікая ўвага развіццю сферы турызму, адпачынку і аздараўлення грамадзян. Адпаведныя падыходы замацаваны ў стратэгічных дакументах — Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, Нацыянальнай стратэгіі развіцця турызму. Прафсаюзы ў сваю чаргу ўносяць істотны ўклад у развіццё ўнутранага турызму, у тым ліку з акцэнтам на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне.
Кіраўнік нацыянальнага прафцэнтра таксама падкрэсліў, што сёння прафсаюзная інфраструктура прадастаўляе шырокі спектр напрамкаў і паслуг, але важна ўкараняць у сваю работу арыенціры, прадыктаваныя часам, каб кожны мог выбраць прыдатны варыянт для паўнацэннага адпачынку, умацавання здароўя і ўсебаковага знаёмства з краінай.
Прамысловы, гісторыка-культурны, падзейны, гастранамічны, медыцынскі, экалагічны, адукацыйны турызм — сёння прафсаюзамі распрацаваны сотні ўнікальных маршрутаў па Беларусі. Але спектр прапаноў і паслуг працягвае развівацца. Напрыклад, у Год беларускай жанчыны ўжо ёсць запыт ад людзей на арганізацыю тэматычных экскурсій, што раскрываюць жыццё і асобу вядомых беларусак, якія сваёй штодзённай працай і дасягненнямі праславілі краіну далёка за яе межамі.
Трэба адзначыць, што прафсаюзы традыцыйна надаюць асаблівую ўвагу пытанням адпачынку і аздараўлення працоўных. Ужо сёння рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па мадэрнізацыі інфраструктуры, рэканструкцыі і будаўніцтве, абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў сістэмы ФПБ.
Дзякуючы праведзенай рабоце значна пашыраны магчымасці для якаснага аднаўлення здароўя, сямейнага, індывідуальнага і карпаратыўнага адпачынку працоўных і членаў іх сем’яў. Акрамя таго, падтрымліваючы сацыяльную накіраванасць, кожны член прафсаюза мае права на 25-працэнтную скідку на пражыванне і адпачынак ва ўсіх прафсаюзных аб’ектах.
Алена КРАВЕЦ