Top.Mail.Ru
249

Прафсаюзы запускаюць новую сістэму арганізацыі настаўніцтва на прадпрыемствах

Традыцыйна прафсаюзы займаюцца пытаннямі адаптацыі на працоўных месцах новых супрацоўнікаў. Федэрацыяй прафсаюзаў удасканалены падыходы ў рабоце па гэтым кірунку. Адпаведныя змены замацаваны ў прыкладным Палажэнні аб настаўніцтве ў арганізацыях.



— Галоўная мэта настаўніцтва застаецца ранейшай — гэта стварэнне эфектыўнай сістэмы для адаптацыі работнікаў у прафесіі і калектыве, фарміраванне іх адказных адносін да сваёй работы, — падкрэсліў Дзмітрый Аляксейчык, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін. — Вопыт па гэтым кірунку работы ў прафсаюзаў вялікі. Мы прааналізавалі практыку апошніх гадоў, тыя пытанні, якія ўзнікалі на месцах, і прапануем шэраг навацый, якія дапамогуць удасканаліць гэту работу. У прыватнасці, на дадзеным этапе рэкамендуецца прымяняць сістэму настаўніцтва не толькі для маладых спецыялістаў, але і для іншых катэгорый работнікаў: тых, хто ўпершыню прыняты на работу, асвойвае сумежную прафесію або вярнуўся на работу пасля працяглага перапынку. Яшчэ адна важная змена — увядзенне дадатковых мер падтрымкі і абароны для настаўнікаў. Так, прадугледжваецца, што ў службовую інструкцыю работніка, які выконвае функцыю настаўніка, могуць уносіцца адпаведныя змяненні. Гэта дае магчымасць на падставе калектыўнага дагавора, іншых лакальных прававых актаў або працоўнага дагавора ўстанаўліваць такому работніку стымулюючыя выплаты (надбаўкі, прэміі, бонусы і інш.).

Акрамя таго, у палажэнні дэталізаваны ролі адказных асоб у працэсе арганізацыі настаўніцтва: ад кіраўніка структурнага падраздзялення да ўпаўнаважанага работніка, вызначаны формы правядзення гэтай работы, дакладна прапісаны ўсе этапы — ад заключэння пагаднення аб супрацоўніцтве паміж настаўнікам і работнікам, які навучаецца, да падвядзення вынікаў і іх ацэнкі. Таксама аптымізаваны тэрміны настаўніцтва — да 6 месяцаў.

— У цэлым прымяненне на практыцы абноўленага палажэння аб настаўніцтве дае магчымасць зрабіць працэс адаптацыі новых супрацоўнікаў на рабочых месцах больш эфектыўным, ацэньваць і пры неабходнасці карэкціраваць праграму настаўніцтва для таго, каб супрацоўнікі максімальна хутка асвойвалі неабходныя практычныя прафесійныя навыкі і інтэграваліся ў калектыў, — падкрэсліў Дзмітрый Аляксейчык. 

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: Пазачарговы ХІ з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі пройдзе ў снежні гэтага года

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю