Top.Mail.Ru

«Праграма нацэлена на адно — каб праз пяць гадоў беларусы жылі багацей»: эксперты — аб Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026—2030 гады

Як распрацоўвалі праграму сацэканамразвіцця на 2026—2030 гады, якая плануецца да зацвярджэння на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу, якія механізмы будуць фінансаваць выкананне ключавых задач для эканомікі на наступныя пяць гадоў і на што арыентавана праграма, расказалі эксперты. 



Задачы і прыярытэты

Дарэчы, работа над Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця вялася больш за год. 

— Мы прыступілі да яе распрацоўкі ў чацвёртым квартале 2024 года. Спачатку трэба было сфарміраваць канцэпцыю — гэта асноўныя палажэнні і падыходы, на аснове якіх будавалася ўся праграма. Каб прыцягнуць меркаванні экспертаў, мы вывучалі пазіцыі навуковай супольнасці, даручэнні Кіраўніка дзяржавы па навуцы і бізнесе, размаўлялі з дзяржаўнымі органамі аб іх бачанні развіцця на пяць гадоў наперад, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання Міністэрства эканомікі Аляксей Зубовіч. — Калі канцэпцыя сфарміравалася, на яе аснове ўжо распрацоўвалі саму праграму. Па сутнасці, мы ўпершыню зрабілі так, што канцэпцыя стала асновай самой праграмы — прапрацавалі яе вельмі дэталёва. 

Затым праграму напоўнілі новым зместам. Важнай падзеяй сталі выбары Прэзідэнта: ён пазначыў свае пасылы аб развіцці Беларусі, і насельніцтва іх падтрымала. 

— Мы ўлічылі гэтыя ідэі — з інаўгурацыйнай прамовы, перадвыбарных выступленняў і сказаных на дарогу слоў падчас прызначэння ўрада — і дапрацавалі праграму адпаведна. Пасля гэтага Прэзідэнт вырашыў яшчэ раз уважліва праглядзець дакумент разам з экспертамі, навуковай супольнасцю і дэлегатамі УНС. Стварылі працоўную групу, якая праверыла праграму і ўнесла неабходныя карэкціроўкі, — удакладніў начальнік галоўнага ўпраўлення. 

Аляксей Зубовіч пералічыў, якія менавіта дапрацоўкі былі зроблены: 

— У асноўным яны закранулі дадатковыя прыярытэты, перш за ўсё ў сферы абароны. Таксама ўвялі асобны блок па маладзёжнай палітыцы і скарацілі колькасць індыкатараў.

У праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку вызначана некалькі ключавых прыярытэтаў. Асноўныя з іх звязаны з развіццём чалавека: дэмаграфічная бяспека, развіццё чалавечага патэнцыялу, стварэнне спрыяльнага і якаснага асяроддзя для жыцця. Далей ідуць развіццё канкурэнцыі, тэхналогій, лічбавізацыі эканомікі. А яшчэ сярод прыярытэтаў — моцныя рэгіёны, развіццё абароннага сектара, павышэнне абараназдольнасці краіны, а таксама турыстычны патэнцыял.

Механізмы рэалізацыі

Для рэалізацыі задач прадугледжаны ўсе даступныя механізмы фінансавання і падтрымкі — як за кошт бюджэту, так і з удзелам прыватнага сектара. Дзяржаўныя праграмы ў першую чаргу накіраваны на выкананне сацыяльнай функцыі дзяржавы: гэта будаўніцтва і рамонт інфраструктуры, дарог, развіццё сацыяльных аб’ектаў, арэнднае жыллё і іншыя праекты, якія ствараюць базавыя ўмовы для жыцця людзей і работы бізнесу.

— Прыватны сектар актыўна задзейнічаем у інвестыцыйных праектах, каб забяспечыць прыярытэтнае выкананне дзяржаўных задач. Для гэтага распрацавалі спецыялізаваны крэдытны прадукт — да 7 гадоў з ільготнымі стаўкамі 6-7 %. Ён ахоплівае тэхналагічнае развіццё, падтрымку рэгіёнаў і новы прыярытэт — рэалізацыю турыстычнага патэнцыялу, — расказаў Аляксей Зубовіч.

Павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў і паслуг на знешніх рынках будуецца на стварэнні запатрабаванай прадукцыі. 

— Гэта асобны прыярытэт: развіццё канкурэнцыі, тэхналагічнай устойлівасці і лічбавізацыі. Ключавое — запуск новых галін эканомікі, такіх як самалётабудаванне, маштабаванне вытворчасці робатаў і беспілотных сістэм, фармацэўтыка, мікраэлектроніка. Гэтыя кірункі запатрабаваныя ў свеце, і мы плануем канкурыраваць на глабальных рынках, адначасова павышаючы ўнутраную канкурэнтаздольнасць, — звярнуў увагу начальнік галоўнага ўпраўлення.

«Ніякіх абяцанняў пра яхты»

Старшыня праўлення Беларускага таварыства «Веды» Аляксей Аўдонін расказаў, на што арыентавана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года.

Эксперт адзначыў, што распрацоўшчыкі праграмы сацэканамразвіцця на наступную пяцігодку выканалі вялікую работу, каб улічыць усе фактары, зрабіць праграму аб’ектыўнай і адпаведнай сусветным тэндэнцыям. 

— Сусветны рынак перажывае крызіс перавытворчасці і структурныя змены. Нам трэба выбудаваць вытворчасць так, каб напаўняць унутраны рынак і развіваць эканоміку нават без знешняга попыту. Пры гэтым заставацца канкурэнтнымі на глабальных рынках — прадукцыя павінна прысутнічаць ва ўсіх рэгіёнах. Для гэтага спатрэбяцца велізарныя намаганні: зніжэнне сабекошту праз сучасныя тэхналогіі, аптымізацыя кіраўніцкіх рашэнняў, зніжэнне бюракратыі і гэтак далей, — звярнуў увагу ён.

Службовыя асобы і ведамствы скрупулёзна вывучылі як нашы сацыяльна-эканамічныя працэсы, так і сусветную эканоміку. 

— Яны стварылі комплексную Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяць гадоў з прыярытэтамі, вельмі важнымі для насельніцтва. Праграма скіраваная на адно — каб праз пяць гадоў беларусы жылі багацей, — сказаў эксперт. — Параметры, кірункі і прыярытэты даюць выразныя інструменты і крокі, ніякіх абяцанняў пра самалёты, яхты, дамы і фабрыкі для ўсіх да 2030 года — усё гранічна канкрэтна і рэалістычна. Галоўная мэта — забяспечыць грамадзянам упэўненасць у заўтрашнім дні не толькі на дзень наперад, а на перспектыву да 2030 года.

Эксперт звярнуў увагу: вядомы брытанскі часопіс The Economist, які кіруецца глабалістамі, прагназуе 2026 год як час нявызначанасці, росту ваенных канфліктаў і сутыкненняў. 

— Мы ж на парозе гэтага года кажам адваротнае: у нас усё будзе стабільна, праграма развіцця працуе, узрушэнняў не прадбачыцца, — заўважыў ён.

У гэтай сувязі ключавым новаўвядзеннем у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 года стаў менавіта блок па бяспецы. 

— Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў на нарадах: нельга займацца эканомікай і мірнай працай, калі на граніцах і ўнутры краіны ёсць пагрозы — вайна, унутраныя канфлікты, ціск НАТА. Бяспека дазваляе спакойна развіваць грамадства, але яна шырэй чыста ваеннага аспекту. Гэта абарона гандлёвых шляхоў, лагістычных ланцужкоў, фінансавых транзакцый — усяго знешняга контуру эканомікі. Бо без яго нацыянальная эканоміка не зможа дасягнуць высокага росту, — адзначыў Аляксей Аўдонін.

Беларусь як экспартна арыентаваная краіна праводзіць палітыку абароны сваіх інтарэсаў. 

— Адсюль плённыя візіты Прэзідэнта ў Расію, на Блізкі Усход, у Афрыку і Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён — для кантрактаў і дамоўленасцяў, якія забяспечаць рэалізацыю праграмы. Яна не фармальнасць: чыноўнікі яе старанна прапрацавалі, але цяпер патрабуе жорсткай практычнай імплементацыі, — сказаў на заканчэнне эксперт.

Эканоміка — гарантыя пераадолення праблем 

Эксперт у галіне нацыянальнай бяспекі, афіцыйны прадстаўнік РГА «Белая Русь» Аляксандр Цішчанка расказаў, якія пытанні нацыянальнай бяспекі будуць абмяркоўвацца на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу.

У красавіку мінулага года на першым пасяджэнні VII УНС прынялі Ваенную дактрыну і канцэпцыю нацбяспекі, нагадаў ён. 

— Другое пасяджэнне выходзіць на практычную плоскасць: калі тады ішлі размовы аб сістэме поглядаў і прынцыпах, то зараз у нас ёсць канкрэтны план абароны на пяць гадоў. Гэта значыць, што мы дакладна ацэньваем абстаноўку, разумеем сітуацыю і ведаем, што рабіць, — адзначыў Аляксандр Цішчанка. 

Становішча каля нашых граніц не становіцца лягчэй, падкрэсліў ён. 

— Раней пагрозы былі гіпатэтычнымі — ці будзе вайна? — а сёння яны рэальныя. На паўднёвых граніцах ужо ідзе вайна, заходнія і паўночныя суседзі ўпалі ў мілітарысцкую агонію і рыхтуюцца да канфлікту. Як сказаў Прэзідэнт, калі хтосьці да гэтага рыхтуецца, значыць, на гэта і разлічвае, — падкрэсліў эксперт. — Канцэпцыя і дактрына былі прыняты своечасова — яны ўлічваюць усе рызыкі, выклікі і пагрозы вакол нас.

Усё ўпіраецца ў эканоміку: гісторыя войнаў паказвае, што перамагаюць толькі моцныя эканомікі, звярнуў увагу Аляксандр Цішчанка. 

— Савецкі Саюз, які выстаяў супраць усёй Еўропы дзякуючы менавіта эканамічнай моцы, — яскравы прыклад. Сёння мы вымушаны надаваць эканоміцы яшчэ больш увагі праз пагрозы ад суседзяў і Захаду. Першае, што яны спрабуюць знішчыць, — нашу эканоміку праз санкцыі і ціск. Але эканоміка — гарантыя нашага выжывання і пераадолення праблем. У адрозненне ад заходніх апанентаў, якія шукаюць гаспадароў, мы шукаем партнёраў. Санкцыі не спыняюць нас, а даюць старт для руху наперад, — упэўнены ён.

Па матэрыялах БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю