Спіс дамоў, якія падлягаюць рэнавацыі, падрыхтуюць у Беларусі, паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Надзея Сяўрук, перадае Sputnik.
Паводле яе слоў, праграма рэнавацыі ў краіне пачне дзейнічаць з наступнага года — яна закладзена ў плане дзейнасці ўрада на наступную пяцігодку.
«Дзяржаўныя органы сумесна з Мінбудархітэктуры і МЖКГ ужо зараз вядуць работу над вызначэннем крытэрыяў, калі дамы будуць падлягаюць мадэрнізацыі, капітальнаму рамонту або рэнавацыі. Наступныя пяць гадоў мы будзем актыўна займацца гэтым пытаннем», — сказала прадстаўнік ведамства на прэс-канферэнцыі.
Сяўрук растлумачыла, што ў рэспубліцы ёсць жылыя дамы, якія немэтазгодна рамантаваць капітальна, паколькі інжынерныя сістэмы і канструктыўныя элементы ў іх знаходзяцца ў нездавальняючым стане, а тэрміны эксплуатацыі будынкаў значна перавышаны.
У якасці прыкладу спецыяліст прывяла двухпавярховыя дамы 1905 года пабудовы ў Мінску, якія могуць патрапіць у праграму рэнавацыі. Яна адзначыла, што капрамонт аднаго квадратнага метра ў гэтых дамах можа абысціся ў 1200–1300 рублёў, тады як сярэдні кошт па рэспубліцы складае каля 340 рублёў.
«Пры гэтым не факт, што атрымаецца ўстанавіць асобныя інжынерныя сістэмы, таму што яны не прадугледжаны там у цэлым. А знос ужо настолькі моцны, што пабудаваць на нейкай аснове, рэнававаць, мадэрнізаваць гэты жылы дом будзе дзяржаве больш эканамічна выгадна, чым праводзіць там капітальны рамонт», — дадала намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі МЖКГ.