У пачатку кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, якім створана рабочая група па дапрацоўцы праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026–2030 гады. У яе склад уключаны дэлегаты Усебеларускага народнага сходу, дзеючыя і былыя кіраўнікі органаў дзяржаўнай улады, арганізацый рэальнага сектара эканомікі, навуковых і грамадскіх арганізацый. Кіраўніком рабочай групы прызначаны старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка.
Сістэмны падыход
Старшыня Нацбанка на пасяджэнні рабочай групы адзначыў, што асаблівасцю гэтай праграмы з’яўляецца тое, што яна ўпершыню падлягае зацвярджэнню на Усебеларускім народным сходзе ў адпаведнасці з прынятымі зменамі ў Канстытуцыю. Па словах Рамана Галоўчанкі, прапановы па дапрацоўцы праграмы перш за ўсё датычацца выкарыстання сістэмнага падыходу ў выбудоўванні прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, забеспячэння іх узаемнай увязкі з актуальнымі праблемамі і перспектывамі развіцця.
«Асноўнай мэтай прадстаўнічай рабочай групы з’яўляецца аператыўная дапрацоўка праекта праграмы з улікам меркавання членаў Усебеларускага народнага сходу. Асабліва падкрэслю, што наша задача — не напісаць нейкі новы дакумент. Нагадаю, што канцэпцыю праекта ў цэлым кіраўнік дзяржавы ўзгадніў. Работа праведзена вялікая, і базавую аснову дакумента мы падтрымліваем. Мэта ў нас адна — зрабіць адзіны дакумент будучага развіцця краіны. І гэты дакумент павінен быць максімальна простым для ўспрымання, каб кожнаму грамадзяніну было зразумела, якіх мэт плануе дасягнуць краіна за найбліжэйшыя пяць гадоў», — растлумачыў Раман Галоўчанка.
Прыярытэты і задачы
Кіраўнік Нацбанка падкрэсліў, што работа з праектам праграмы павінна весціся ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства аб дзяржаўным прагназаванні. Менавіта там прапісана іерархія пабудовы праграмы. «На наш погляд, прыярытэты пяцігодкі павінны быць канкрэтнымі і адначасова аб’ёмнымі, накіраванымі на дасягненне мэт гэтага часу, спрыяць ліквідацыі розных сістэмных дыспрапорцый, якія яшчэ сустракаюцца, напрыклад арэнднае жыллё, рамонт і будаўніцтва дарог і гэтак далей. Акрамя таго, павінна быць забяспечана спалучанасць гэтых прыярытэтаў з прыярытэтамі нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2040 года. Нагадаю, іх там пяць: сямейныя каштоўнасці і асобасны рост, якасная адукацыя, тэхналагічная незалежнасць і пабудова інтэлектуальнай эканомікі, канкурэнтнае і даступнае бізнес-асяроддзе, экалагічная бяспека і рэсурсная эфектыўнасць. Адсюль і задача рабочай группы — трэба ўдакладніць прыярытэты пяцігодкі», — падкрэсліў Раман Галоўчанка.
Па яго словах, яшчэ да першага пасяджэння члены рабочай групы падрыхтавалі прапанаваныя прыярытэты ў развіцці краіны. «Першае — захаванне насельніцтва, умацаванне здароўя нацыі і падтрымка сям’і. Другое — развіццё чалавечага патэнцыялу, якасная адукацыя, выхаванне гарманічнай і патрыятычнай асобы. Трэцяе — стварэнне якаснага і зручнага асяроддзя для жыцця. Чацвёртае — рост канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі і паскарэнне тэхналагічнага развіцця. Пятае — лічбавая трансфармацыя эканомікі і дзяржаўнага кіравання, развіццё эканомікі даных. Шостае — развіццё ўнікальнага патэнцыялу кожнага рэгіёна.
«З іншага боку, індыкатары павінны адлюстроўваць мэту па павышэнні канкурэнтаздольнасці краіны, навукаёмістасць, прадукцыйнасць. Гэта класіка, без якой немагчыма абысціся. Таму трэба паглядзець, якія макрапаказчыкі павінны быць уключаны ў праграму і, самае галоўнае, выставіць іх дастатковы ўзровень», — дадаў Раман Галоўчанка.
Ён адзначыў, што праведзеная ўрадам і Міністэрствам эканомікі работа над праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў цэлым заслугоўвае высокай ацэнкі. Але ёсць прабелы, якія трэба дапрацаваць, і зрабіць гэта рабочая група зможа толькі разам з урадам. «Таму вялікая нагрузка кладзецца і на Міністэрства эканомікі, і на галіновыя міністэрствы».
У тэму
Драйверы росту
Як адзначыў журналістам намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй КАРТУН, асноўны пасыл пяцігадовай праграмы — рост эканомікі не ніжэй за сярэднесусветны ўзровень. «Ён, у прынцыпе, захоўваецца. Але самае галоўнае — гэта паскоранае інвестыцыйнае развіццё, каб інвестыцыі апярэджвалі тэмпы эканамічнага росту, што стварае задзелы для будучага стабільнага росту. Згодна з нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця Беларусі на перыяд да 2040 года, мы ставім задачу ўвайсці ў топ-50 краін па ўзроўні ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці. У нас ёсць усе шанцы гэта зрабіць, таму таксама трэба паглядзець, чым мы зоймемся ў найбліжэйшыя пяць гадоў, каб значна паскорыць гэты працэс», — падкрэсліў Андрэй Картун.
Адной з задач пяцігадовай праграмы ён назваў вызначэнне выклікаў, якія стаяць перад эканомікай. «Гэта і геапалітычная сітуацыя, і пэўная турбулентнасць на асноўных рынках збыту, і гэтак далей. Наша задача, з аднаго боку, — акрэсліць дастаткова амбіцыйныя планы развіцця, а з другога боку — вызначыць, як эканоміка зможа адаптавацца да тых ці іншых шокаў і быць гатовай да іх», — заключыў намеснік старшыні праўлення Нацбанка.
Сяргей КУРКАЧ