Пракуратура правяла праверкі ў загарадных аздараўленчых лагерах Брэсцкай вобласці, паведамляе прэс-служба ведамства.
Усяго ў рэгіёне функцыянуе 23 лагеры. Парушэнні былі зафіксаваны ў шэрагу з іх — як у сферы харчавання, так і па пытаннях бяспекі.
У лагерах Драгічынскага і Ляхавіцкага раёнаў прадукты захоўваліся з парушэннямі, а праверка адпаведнасці страў заяўленаму меню праводзілася фармальна. У некаторых выпадках санітарна-гігіенічныя нормы не выконваліся зусім.
На тэрыторыі лагера ў Кобрынскім раёне правяраючыя выявілі небяспечныя ўмовы: гульнявая горка не была замацавана, а лесвіца аказалася зламанай.
Асаблівую ўвагу прыцягнулі факты пранікнення старонніх. У Ляхавіцкім раёне падлеткі, якія не з’яўляліся ўдзельнікамі змены, бесперашкодна патрапілі на тэрыторыю лагера і купаліся ў вадаёме без нагляду дарослых.
Фота з адкрытых крыніц