Пракуратура Віцебскай вобласці выявіла парушэнні ў эксплуатацыі тармазных башмакоў — крытычна важнага элемента для бяспекі руху на чыгуначных пуцях. Пра гэта БелТА паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Віцебскай вобласці.
Тармазны башмак — асноўны сродак замацавання рухомага саставу на ўхілах або ў перыяд стаянкі пры адчэпленым лакаматыве. Належнае прымяненне дадзенага інвентара выключае самаадвольны сыход вагонаў на галоўныя пуці, прадухіляючы рызыку сутыкнення цягнікоў, сходу саставаў і пашкоджання інфраструктуры.
Выяўлены істотныя недахопы ў частцы захаванасці і ўліку тармазных башмакоў з моманту іх паступлення да выключэння з інвентара, што стварала прамыя пагрозы жыццю і здароўю работнікаў аб’яднання, якія былі задзейнічаныя ў эксплуатацыі чыгуначных вагонаў. Праверка паказала, што кнігі інвентару строгага ўліку вяліся з парушэннямі, у тым ліку ў іх не было подпісаў кіраўнікоў філіялаў, а звесткі ў інструкцыях па абслугоўванні пуцей неагульнага карыстання часта не адпавядалі рэчаіснасці. У адных выпадках выяўлены лішак не ўлічанага належным чынам інвентара, у іншых — яго значная недастача.
Павышаную ўвагу пракуроры надалі фактам неналежнага замацавання вагонаў на пуцях неагульнага карыстання ў Віцебску, на якіх тармазны башмак знаходзіўся на недапушчальнай адлегласці ад колавай пары. Пры гэтым факт такой яго лакацыі не быў адлюстраваны ва ўліковых дакументах.
Акрамя таго, у некаторых філіялах выкрытыя выпадкі эксплуатацыі башмакоў з дэфектнай або нечытальнай маркіроўкай, парушэнні ў частцы афарбоўкі і нанясення нумароў, а таксама выкарыстання інвентара з механічнымі дэфармацыямі. Падобнае становішча спраў стала магчымым з-за адсутнасці зацверджаных парадкаў кляймення і захоўвання маёмасці, а таксама невыканання кіраўнікамі абавязку па прызначэнні асоб, адказных за захаванасць і эксплуатацыю сродкаў замацавання рухомых саставаў.
Намеснік пракурора Віцебскай вобласці на адрас упаўнаважанай службовай асобы ўнёс прадстаўленне, у якім запатрабаваў забяспечыць захаванасць інвентару строгага ўліку і бяспеку руху на чыгуначных пуцях неагульнага карыстання, а таксама разгледзець пытанне аб прыцягненні вінаватых да дысцыплінарнай адказнасці.