У аўторак у Доме ўрада адбылася сустрэча Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына з намеснікам Прэм’ер-міністра Азербайджанскай Рэспублікі Самірам Шарыфавым. Падчас чарговага пасяджэння міжурадавай камісіі дзвюх краін бакі абмеркавалі перспектывы далейшага двухбаковага супрацоўніцтва.
«Задача ўрадаў — забяспечыць выкананне ўсіх дамоўленасцяў»
Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын адзначыў, што аб эфектыўнасці работы міжурадавай камісіі дзвюх краін можна меркаваць па тым факце, што любыя пытанні, якія ўзнікаюць, заўсёды вырашаюцца на ўзроўні камісіі. «Мы іх не выносім ні на ўзровень Прэм’ер-міністраў, ні на ўзровень кіраўнікоў нашых дзяржаў. Таму я хацеў бы падзякаваць нашым сустаршыням за іх працу і спадзяюся, што і ў далейшым камісія будзе гэтак жа эфектыўна працаваць», — звярнуў увагу Аляксандр Турчын.
Кіраўнік урада падкрэсліў, што Беларусь і Азербайджан, гэта ні для каго не сакрэт, гістарычна звязваюць вельмі цесныя сувязі. «Надзейнасць нашай дружбы пацверджана неаднаразова ў розных сітуацыях і, вядома, такі высокі ўзровень узаемаадносін стаў магчымым дзякуючы нашым лідарам — прэзідэнтам нашых краін, паважаным Ільхаму Гейдаровічу Аліеву і Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, — падкрэсліў кіраўнік урада. — Таму і задача ўрадаў нашых краін — забяспечыць выкананне ўсіх тых дамоўленасцяў, якія ў нас ёсць».
Прэм’ер-міністр з задавальненнем адзначыў, што ўсе тыя праекты, якія былі намечаны і абмяркоўваліся, у той ці іншай ступені рэалізуюцца. Аляксандр Турчын падзякаваў азербайджанскім калегам за гэта. «Тое, што мы абмяркоўвалі на сустрэчы з паважаным Ільхамам Гейдаравічам (падчас візіту ўрадавай дэлегацыі ў Азербайджан у маі 2025 года. — „Зв.“) — яго пазіцыя па паглыбленні нашага ўзаемадзеяння шляхам стварэння сумесных прадпрыемстваў на тэрыторыі Азербайджана дае свой эфект». У якасці станоўчых прыкладаў кіраўнік беларускага ўрада адзначыў ліфтабудаванне і машынабудаванне. «І, вядома, асобныя словы падзякі Прэзідэнту Азербайджана за наша супрацоўніцтва ў галіне камунальнай тэхнікі. Гэта яго рашэнне».
Аляксандр Турчын дадаў, што дэлегацыю Азербайджана чакае вельмі насычаная праграма, у тым ліку наведванне выстаўкі «Белагра». «Таму я думаю, што ў выніку нашага інтэнсіўнага ўзаемадзеяння будуць нараджацца і новыя праекты, і новыя пункты судакранання», — рэзюмаваў кіраўнік беларускага ўрада.
«Узровень узаемаадносін паміж нашымі дзяржавамі знаходзіцца на вельмі высокім пункце»
У сваю чаргу Самір Шарыфаў адзначыў высокі ўзровень узаемаадносін паміж краінамі. Віцэ-прэм’ер падзякаваў беларускаму боку за сардэчны прыём і гасціннасць. «Нягледзячы на тое, што наша міжурадавая камісія заточаная на пытаннях эканамічнага і гандлёвага супрацоўніцтва, але пытанні гуманітарнага супрацоўніцтва нам таксама трэба ахопліваць. Тым больш, што ўжо пэўныя напрацоўкі ёсць у плане супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, культурных абменаў. Гэта яшчэ раз паказвае, што ўзровень узаемаадносін паміж нашымі дзяржавамі знаходзіцца на вельмі высокім пункце».
Апошні візіт Прэзідэнта Беларусі ў Азербайджан, наведванне Карабаха ў маі 2024 года, нагадаў госць, стаў вельмі важным паказчыкам таго ўзроўню адносін паміж краінамі, які надае дадатковы імпульс усяму супрацоўніцтву: «Мы адчулі ваша сяброўскае плячо ў працэсе аднаўлення Карабаха. І сёння, я думаю, мы абмяркуем шляхі далейшага пашырэння супрацоўніцтва ў гэтай сувязі. Міжурадавая камісія, мы лічым, з’яўляецца вельмі важным інстытуцыянальным фарматам для развіцця нашага супрацоўніцтва. Я думаю, што ў ходзе цяперашняга пасяджэння мы атрымаем магчымасць абмеркаваць тыя пытанні, якія патрабуюць дадатковага паскарэння і намецім новыя напрамкі нашага супрацоўніцтва».
Лічбы тавараабароту, па меркаванні віцэ-прэм’ера Азербайджана, дастаткова пазітыўныя. «Пэўная пазітыўная дынаміка назіраецца. Аднак задача падваення аб’ёму ўзаемнага гандлю таксама перад намі стаіць. Гэта даручэнне нашых Прэзідэнтаў, — звярнуў увагу намеснік Прэм’ер-міністра. — Мы цалкам падзяляем вашу пазіцыю ў дачыненні да стварэння сумесных вытворчасцяў. На наш погляд, пэўныя напрацоўкі ёсць, і трэба паглядзець тыя дадатковыя сферы, у якіх мы маглі б наладзіць або сумесную вытворчасць, або сумесную вытворчую кааперацыю на тэрыторыі Азербайджана. Мы разглядаем гэты фактар не толькі з пункту гледжання развіцця нашага супрацоўніцтва і пэўных галін прамысловасці Азербайджана, але таксама як дастаткова пазітыўны фактар у плане геаграфічнай дыверсіфікацыі гандлёвых патокаў з Беларусі».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА