Пра гэта заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын, выступаючы на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое прайшло ў Маскве.
Не проста не збаўляючы тэмпы, а набіраючы абароты
Кіраўнік урада нашай краіны акцэнтаваў увагу на тым, што на пасяджэнні падводзяцца пэўныя вынікі і вызначаецца стратэгія на перспектыву праз прызму трыццацігадовага юбілею падпісання Дагавора аб утварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі, які заклаў падмурак Саюзнай дзяржавы. І галоўнае, адзначыў Аляксандр Турчын, — Саюзная дзяржава адбылася, прайшоўшы этапы станаўлення і загартоўкі, даказала сваю жыццяздольнасць, стойкасць і эфектыўнасць.
— Мы з упэўненасцю рухаемся па нарастаючай траекторыі нашай інтэграцыі, не проста не збаўляючы тэмпы, а набіраючы абароты, таму што гэта адпавядае запыту народаў нашых краін, павышэнню іх духоўнага і матэрыяльнага дабрабыту, — канстатаваў ён.
Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што дзякуючы прэзідэнтам Беларусі і Расіі, якія выступаюць драйверамі гэтых працэсаў, бакі істотна прасунуліся наперад па многіх кірунках.
— Расія з’яўляецца асноўным партнёрам Беларусі ў эканамічным і палітычным аспектах, — асабліва адзначыў Аляксандр Турчын. — Думаю, можна адкінуць сціпласць і канстатаваць, што нашы ўрады таксама працуюць зладжана і на вынік.
Ён адзначыў, што Расія ў 2025 годзе ўмацавала статус ключавога партнёра для Беларусі, і агучыў красамоўную лічбу: каля 60 % усіх прыцягнутых прамых замежных інвестыцый прыпадае на долю расійскіх інвестараў.
Пры гэтым Беларусь таксама істотна нарошчвае інвестыцыі ў эканоміку Расіі яшчэ больш хуткімі тэмпамі:
— Прырастаем ва ўзаемным гандлі. За 2025 год знешнегандлёвы абарот Беларусі і Расіі павялічыўся на 5,6 %. Яшчэ больш высокімі тэмпамі расце гандаль паслугамі.
Прэм’ер-міністр упэўнены: узятая прыстойная хуткасць збліжэння:
— Створана паўнавартасная прававая база эканамічнай інтэграцыі. Цяпер важна сваімі рукамі не знівеліраваць ўжо дасягнутае і не ўзводзіць новыя бар’еры.
Трэнд на якасць становіцца вызначальным
Патэнцыял эканамічнага росту беларускі бок бачыць перш за ўсё ў некалькіх кірунках. Прэм’ер-міністр агучыў у якіх:
— Першы — прамысловая кааперацыя і сумесная рэалізацыя інавацыйных праектаў, што забяспечыць дабаўленую вартасць, загрузку вытворчых магутнасцяў, эканамічную аддачу ўкладзеных сродкаў, магчымасць інвеставаць у новыя праекты, а таксама імпартанезалежнасць і тэхналагічны суверэнітэт. Канчатковая мэта — нацыянальная бяспека і рост дабрабыту народа.
Ён адзначыў, што ў развіццё гэтага кірунку на пасяджэнні разглядаюцца два ўзаемаўвязаныя стратэгічна важныя дакументы — «тавар Саюзнай дзяржавы» і стварэнне Камітэта па стандартызацыі і якасці саюзнай дзяржавы:
— Іх ключавая задача — абарона саюзнага рынку, павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі, што выпускаецца. У сучасных умовах агрэсіўнай канкурэнцыі менавіта трэнд на якасць становіцца вызначальным на ўсіх узроўнях.
Прэм’ер-міністр акцэнтаваў увагу на тым, што беларускі лідар вялікую ўвагу надае пытанням якасці:
— У нас пяцігодка якасці, адроджаны Дзяржаўны знак якасці.
Аляксандр Турчын выказаў надзею, што дакументы, якія прымаюцца, дазволяць выйсці на новы кааперацыйны ўзровень у рамках Саюза, выбудаваць канструктыўную работу на агульным рынку, выключыць стварэнне дублюючых і залішніх вытворчасцяў.
Ён нагадаў, што паміж суб’ектамі Беларусі і Расіі высока развіты кааперацыйныя сувязі:
— Возьмем, напрыклад, наш «БелАЗ», які з’яўляецца вядучым сусветным вытворцам кар’ернай тэхнікі. І гэта паўнавартасны тавар Саюзнай дзяржавы нумар адзін сусветнага ўзроўню. Амаль 50 % камплектуючых выраблена ў Расійскай Федэрацыі.
Кіраўнік урада нашай краіны канстатаваў, што ў саюзных органах бакамі прымаецца шмат добрых і правільных рашэнняў, але канчатковы вынік залежыць ад таго, як яны падыходзяць да іх рэалізацыі.
— Далёка не заўсёды мае месца той высокі ККД для нашых эканомік, які патэнцыяльна мог бы быць, — мяркуе ён.
Што датычыцца пазітыўных прыкладаў саюзнага супрацоўніцтва, Аляксандр Турчын прывёў міжнародную прамысловую выставу «ІНАПРАМ. Беларусь», якая ўпершыню прайшла ў верасні 2025 года ў Мінску.
— Гэты праект для нас набывае статус рэгулярнага, і мы гатовыя да правядзення выставы ў верасні 2026 года ў Мінску, — адзначыў Прэм’ер-міністр.
Ён таксама выказаў надзею, што сёлета ўдзел рэгіёнаў Расіі, буйных кампаній з усяго свету будзе яшчэ больш маштабным:
— Мы працягнем абмеркаванне і пошук новых рашэнняў у прамысловай палітыцы.
Стварыць максімальна камфортныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання
Другім кірункам для далейшага эканамічнага росту інтэграцыі Аляксандр Турчын назваў рэалізацыю намечаных задач па лічбавай трансфармацыі:
— Яна спрыяе выраўноўванню інстытуцыйных умоў па ўзаемадзеянні суб’ектаў гаспадарання, інвестараў і дзяржавы. У сувязі з гэтым прынцыпова важна максімальна паскорыцца і завяршыць рэалізацыю мерапрыемстваў па прызнанні электроннага лічбавага подпісу ў электронным дакуменце пры трансгранічным інфармацыйным узаемадзеянні.
Трэці кірунак, на які звярнуў увагу Прэм’ер-міністр, — развіццё малога і сярэдняга бізнесу:
— Гэты кірунак вельмі шчыльна ўзаемаўвязаны з папярэднім. У Рэспубліцы Беларусь працягваецца работа па стварэнні інфармацыйнай сістэмы «Лічбавая платформа для суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва». У ходзе стварэння ў яе будуць паступальна інтэгравацца лічбавыя сэрвісы і базы даных лічбавай платформы МСП РФ.
Таксама ён паведаміў, што буйныя прамысловыя прадпрыемствы Беларусі размясцілі на расійскай платформе заказы на больш чым сто відаў камплектуючых і матэрыялаў і каля 30 расійскіх малых і сярэдніх прадпрыемстваў адгукнуліся на гэты попыт. У рабоце камерцыйныя кантракты на пастаўку.
— Наша задача — стварыць максімальна камфортныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання, магчымасць безбар’ернага ўзаемадзеяння паміж сабой, — акцэнтаваў увагу кіраўнік урада.
Турызм — як пункт росту
Аляксандр Турчын таксама звярнуў увагу на тое, што ў рамках Саюзнай дзяржавы ўпэўнена набірае тэмпы турыстычная галіна. Дзякуючы створанаму бяспечнаму асяроддзю, адсутнасці меж, транспартнай даступнасці год ад года павялічваецца ўзаемны турпаток.
— Разам з тым адчуваецца недахоп інфраструктуры, — канстатаваў ён. — У рамках Саюзнай дзяржавы мы можам стымуляваць узаемныя інвестыцыі ў турыстычную інфраструктуру, выпрацоўваць меры падтрымкі турызму, сінхранізаваць рэгуляванне турыстычнай дзейнасці ў дзвюх краінах, ствараць і прасоўваць турыстычныя прадукты на знешні контур.
Каменціруючы планы па адкрыцці ў Смаленску турыстычна-інфармацыйнага цэнтра Саюзнай дзяржавы, Прэм’ер-міністр выказаў упэўненасць, што ў агляднай перспектыве такі ж турыстычны цэнтр адкрыецца і ў адным з гарадоў нашай краіны.
— Акрамя таго, у высокай ступені гатоўнасці яшчэ тры дакументы, якія неабходныя для запуску трансгранічных прыгарадных зносін Саюзнай дзяржавы чыгуначным транспартам, — нагадаў ён.
Рэзюмуючы сваё выступленне, Аляксандр Турчын адзначыў, што насычаны парадак дня пасяджэння адлюстроўвае зацікаўленасць Беларусі і Расіі ў паглыбленні ўзаемадзеяння ў пошуку рашэнняў па пытаннях, якія ўзнікаюць, а таксама ў стварэнні новых пунктаў росту ў інтарэсах дзвюх дзяржаў і народаў.
Даслоўна
Старшыня ўрада Расійскай Федэрацыі Міхаіл Мішусцін:
— З задач, запланаваных на 2024 і 2026 гады, значная частка — і мы можам сёння гэта канстатаваць — выканана. У першую чаргу ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, а таксама энергетыцы, транспарце і лагістыцы, падатковай і мытнай сферах, навуцы, адукацыі, культуры і ў многіх іншых галінах.
Мы працягваем нарошчваць узаемны тавараабарот. Па выніках 11 месяцаў мінулага года ён склаў практычна 4 трыльёны рублёў.
Пашыраем таксама кааперацыю ў прамысловасці. Увасабляем у жыццё 26 інтэграцыйных праектаў, каб умацаваць незалежнасць ад замежных пастаўшчыкоў у розных галінах. Можна адзначыць аўтамабільную галіну, сельскагаспадарчае машынабудаванне, мікраэлектроніку, оптыку. Па выпуску станкоў актыўна сумесна працуем. Узаемадзейнічаем таксама ў авія- і суднабудаўнічай галінах.
Дарэчы
Што ў партфелі?
Па выніках пасяджэння быў падпісаны шэраг дакументаў.
У іх ліку пастановы Саўміна Саюзнай дзяржавы «Аб асноўных кірунках рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», «Аб выніках гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі за 2024 год і студзень — лістапад 2025 года», «Аб наданні прадукцыі беларускіх і расійскіх вытворцаў статусу «тавар Саюзнай дзяржавы», «Аб праекце пастановы Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы «Аб стварэнні Камітэта па стандартызацыі і якасці саюзнай дзяржавы», «Аб праекце Саюзнай дзяржавы «Стварэнне ўмоў для функцыянавання турысцкага інфармацыйнага цэнтра Саюзнай дзяржавы», «Аб ходзе выканання Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі ў 2022—2026 гадах канцэпцыі міграцыйнай палітыкі Саюзнай дзяржавы» і іншыя.
Таксама падпісаны рэзалюцыі «Аб ходзе падрыхтоўкі праектаў дакументаў, неабходных для запуску трансгранічных прыгарадных пасажырскіх зносін Саюзнай дзяржавы чыгуначным транспартам», «Аб ходзе работы па распрацоўцы стратэгіі фарміравання агульнай інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы на перыяд 2026—2030 гадоў», «Аб укараненні вынікаў, атрыманых у ходзе рэалізацыі праграмы Саюзнай дзяржавы «Удасканаленне сістэмы абароны інфармацыйных рэсурсаў Саюзнай дзяржавы і дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ва ўмовах нарастання пагроз у інфармацыйнай сферы („Парытэт“)» і іншыя.