Top.Mail.Ru

Прэзідэнт прыняў з дакладам Прэм’ер-міністра

Унутраны парадак дня і пытанні знешняга вектара 


Аляксандр Турчын далажыў кіраўніку дзяржавы аб сітуацыі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Наперадзе — уборачная кампанія, а таму задача па гатоўнасці тэхнікі ў гэты гарачы час, пастаўленая Аляксандрам Лукашэнкам, — пытанне нумар адзін. Акрамя таго, у кабінеце беларускага лідара ішла размова аб супрацоўніцтве з Узбекістанам і Расіяй, дзе днямі кіраўнік урада знаходзіўся з рабочымі візітамі. Тэма развіцця беларуска-расійскага ўзаемадзеяння асабліва актуальная ў сувязі з маючай адбыцца сустрэчай двух лідараў, а таксама правядзеннем XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які ў бліжэйшыя дні пройдзе на тэрыторыі Мінскай вобласці. 

«Трэба, каб усе камбайны былі ў рабоце»

Найперш размова ў кабінеце Прэзідэнта зайшла аб сітуацыі ў прамысловасці. «Я вас прасіў, каб вы жорстка трымалі на кантролі гэтыя пытанні, — нагадаў сваё ранейшае патрабаванне да Прэм’ер-міністра Аляксандр Лукашэнка. — Гэта найбольш будзе праблемны наш кірунак, які павінен функцыянаваць як належыць і прыносіць у гэтыя складаныя часы грошы. Перш за ўсё ў бюджэт».

Што датычыцца прамысловасці, Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што ў Беларусі вырабляецца ўсё. «Умеем вырабляць, — дадаў ён. — Як прадаём? Таму вось на гэта звярніце ўвагу, што датычыцца ўнутраных праблем».

Падчас абмеркавання бягучай сітуацыі ў сельскай гаспадарцы кіраўнік дзяржавы праінфармаваў Аляксандра Турчына, што напярэдадні па шэрагу пытаннях размаўляў з губернатарам Гомельскай вобласці. 

«Звярніце ўвагу на падрыхтоўку камбайнаў да ўборкі, бо ўжо праз тыдзень — дзесяць дзён пачнецца ўборка, — паставіў задачу Прэзідэнт. — І не толькі рапсу. У нас жа яшчэ і азімы ячмень — тое, на што мы разлічвалі». 

Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб у гэту гарачую пару ўся тэхніка была ў спраўным стане. «Трэба, каб усе камбайны былі ў рабоце, — канкрэтызаваў ён. — Гэта злачынства, калі не адрамантуюць камбайны. Ураджай нядрэнны, яго трэба сабраць. У сілу таго, што і ўраджай нядрэнны (а ўраджайнасць збожжавых культур прыстойная будзе), нам трэба сур’ёзна падрыхтавацца да гэтага».

Прэзідэнт нагадаў, што ўсё па гэтым пытанні было сказана ім у мінулым годзе. «На кожны камбайн ужо даўно павінны быць замацаваны людзі, — падкрэсліў ён. — Дзе б яны ні знаходзіліся, хоць у космасе, — на камбайн. Няхай наводзяць парадак чалавек або сямейны экіпаж і будуць гатовы праз тыдзень выйсці ў поле. Гэта вельмі важна».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы параіў не забываць, што трэба скончыць нарыхтоўку травяных кармоў. 

«Вельмі добрая пляцоўка для абмеркавання бягучых пытанняў»

Асобным блокам прагучалі пытанні ўзаемадзеяння Беларусі з шэрагам сяброўскіх дзяржаў. На мінулым тыдні Аляксандр Турчын знаходзіўся з рабочым візітам ва Узбекістане. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў кіраўніка ўрада, як складваюцца адносіны з нашымі ўзбекскімі сябрамі. 

Акрамя таго, Прэзідэнт заўважыў, што днямі падчас візіту Прэм’ер-міністра Беларусі ў Санкт-Пецярбург адбылася яго размова з Прэм’ер-міністрам Расіі Міхаілам Мішусціным. Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў дэталі гэтай размовы.

«Гэта вельмі актуальна перад маёй сустрэчай з Прэзідэнтам Расіі, на якой мы, як звычайна ў гэтым плане, абмяркоўваем тое, што не вырашана ўрадамі, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Ці ёсць такія пытанні? Як іх будзем вырашаць? Ну, і праблемныя пытанні, калі яны ёсць, у нашых адносінах».

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што праз некалькі дзён наша краіна прыме XIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. «Вельмі добрая пляцоўка для абмеркавання бягучых пытанняў, — падкрэсліў ён. — І не толькі бягучых, але і стратэгічных. Таму трэба будзе вам гэтым займацца перш за ўсё, паколькі ў мяне працяглая камандзіроўка».

У сувязі з працяглай камандзіроўкай за мяжу Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў у кіраўніка ўрада, ці ёсць пытанні, якія трэба будзе вырашаць. «Можа, ёсць прапановы?» — пацікавіўся ён у Прэм’ер-міністра.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


Даслоўна

«З месяца ў месяц мы бачым пазітыўную дынаміку»

У размове з журналістамі Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр ТУРЧЫН звярнуў увагу на сітуацыю ў эканоміцы ў бягучы перыяд. «Вынікі пяці месяцаў работы ўнушаюць асцярожны аптымізм, — канкрэтызаваў ён. — Мы выйшлі на траекторыю няхай невялікага, але тым не менш росту. І нашы разлікі паказваюць, што гэта траекторыя захаваецца і далей».


Асноўная ўвага ўрада ў цяперашні час, па словах Аляксандра Турчына, скіравана на прамысловай сферы. «Сітуацыя ў прамысловасці неаднародная, — канстатаваў ён. — Ёсць прадпрыемствы, якія дастаткова паспяхова працуюць. Шэраг прадпрыемстваў, на якіх ёсць праблемы. Мы павінны разумець, што сёння мы канкурыруем на сусветных рынках (напрыклад, з такімі краінамі, як Кітайская Народная Рэспубліка), дэфіцыту тавараў нідзе няма. Таму гэта ўсё складана. Аднак тым не менш з месяца ў месяц мы бачым пазітыўную дынаміку: рост аб’ёмаў вытворчасці і г. д.».

У цэлым сітуацыя ў прамысловасці, па словах кіраўніка ўрада, цалкам задавальняць не можа. «Але калі такія тэндэнцыі будуць працягвацца (а ёсць усе перадумовы меркаваць, што так і будзе), то, думаю, праз некалькі месяцаў мы таксама выйдзем на станоўчую дынаміку менавіта ў прамысловасці, — заўважыў Аляксандр Турчын. — Яшчэ раз хачу падкрэсліць: сітуацыя ў прамысловасці вельмі неаднародная. Таму гаварыць аб тым, што праблема ва ўсім прамысловым комплексе, я б не стаў. Але на асобных прадпрыемствах ёсць сур’ёзныя праблемы, звязаныя як з аб’ектыўнымі, так і суб’ектыўнымі фактарамі».

Па словах Прэм’ер-міністра, адной з тэм даклада Прэзідэнту была яго камандзіроўка ў Санкт-Пецярбург, дзе адбылася сустрэча кіраўнікоў урадаў краін СНД, у тым ліку з Прэм’ер-міністрам Расійскай Федэрацыі Міхаілам Мішусціным. «У нас, вядома, была магчымасць абмеркаваць увесь спектр нашых беларуска-расійскіх узаемаадносін, тыя пытанні, якія ў нас узнікаюць, — удакладніў Аляксандр Турчын. — Мы прымалі цэлы шэраг канкрэтных рашэнняў. Літаральна ўчора нашы спецыялісты былі па выніках нашых дамоўленасцяў у Маскве, і ўчора вечарам мы з Міхаілам Уладзіміравічам яшчэ раз стэлефанаваліся. Шэраг пытанняў вырашылі станоўча, на ўзаемавыгадных умовах».

Аб гэтым кіраўнік урада далажыў беларускаму лідару. «На бліжэйшай сустрэчы з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным яны будуць абмяркоўваць усе нашы ўзаемаадносіны, — канстатаваў ён. — Але, як гаворыць наш Прэзідэнт, мы, урады, пастараліся зрабіць так, каб тэм для абмеркавання прэзідэнтамі было як мага менш».

Аляксандр Турчын праінфармаваў, што 8-9 ліпеня ў Мінску з візітам чакаюць Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева. «Мы з ім сустракаліся, фактычна абмеркавалі тэматыку маючага адбыцца візіту, магчымыя наведванні падчас візіту, беларуска-ўзбекскія ўзаемаадносіны, якія развіваюцца вельмі дынамічна і паспяхова, — праінфармаваў Прэм’ер-міністр. — Таму мы з задавальненнем чакам Прэзідэнта (Узбекістана. — „Зв.“) для таго, каб лідары нашых краін узнялі ўзровень нашых узаемаадносін на новы этап. І калі не сёлета (а я думаю, што ўсё-такі ў гэтым годзе) першае даручэнне аб дасягненні мільярднага тавараабароту мы выканаем. І стаіць задача да 2030 года яго падвоіць. Амбіцыйная задача, пад якую трэба прыкласці вельмі шмат намаганняў для таго, каб выканаць даручэнні кіраўнікоў дзяржаў».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю