Эксперты прадставілі даныя аб стане атмасферы за 2025 год, вылучыўшы беларускія гарады з найбольш спрыяльнай абстаноўкай. Па выніках назіранняў за мінулы год шэраг прамысловых цэнтраў паказаў стабільна высокую якасць паветра. Як паведаміла начальнік службы экалагічнай інфармацыі Белгідрамета Алена МЕЛЬНІК, папярэдняя ацэнка дазваляе аднесці да ліку лідараў Салігорск, Баранавічы, Оршу, Бабруйск, Барысаў, Ліду, Рэчыцу, Мазыр і Светлагорск. На гэтых тэрыторыях на працягу 2025 года не было зарэгістравана ніводнага выпадку перавышэння ўстаноўленых гігіенічных нарматываў.
Спецыяліст таксама адзначыла, што ў большасці выпадкаў экалагічнае становішча можна ахарактарызаваць як спрыяльнае. Перыяды, калі якасць паветра вызначалася як нездавальняючая або небяспечная, мелі нязначную долю ў агульнай карціне. Дарэчы, маніторынг праводзіцца на пастаяннай аснове на 87 пунктах па ўсёй краіне, прычым 26 прамысловых гарадоў знаходзяцца пад асаблівым кантролем. Для аналізу прымяняецца комплексны падыход, які ўлічвае параўнанне з гігіенічнымі нарматывамі і спецыяльны індэкс якасці атмасфернага паветра.
Алена Мельнік звярнула ўвагу і на перавышэнне колькасці цвёрдых часціц (пылу) у шэрагу гарадоў. Праблема традыцыйна носіць сезонны характар: з’ява звычайна фіксавалася вясной і летам, асабліва пры дэфіцыце ападкаў. Найбольш прыкметная колькасць дзён з павышанай колькасцю пылу (10-12 % ад агульнай колькасці) была адзначана летась у Гомелі, Брэсце і Віцебску. Традыцыйна характэрная для Жлобіна сітуацыя з канцэнтрацыяй дробнадысперснага пылу таксама захоўвалася, аднак існуе тэндэнцыя да паступовага паляпшэння паказчыкаў. Акрамя таго, у Магілёве і Жлобіне ў асобных раёнах перыядычна фіксаваліся кароткачасовыя павышэнні ўзроўню дыяксіду азоту.
Аміна НАЗАРАВА
Фота: БелТА