Top.Mail.Ru

Прамыя сувязі паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі не страчваюць сваёй актуальнасці

«Моцныя рэгіёны — роўна моцная краіна, і гэта ўжо не тактыка, а стратэгія», — аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у лістападзе мінулага года на ўрачыстай цырымоніі ўшанавання аграрыяў падчас абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2024» у Клімавічах.


Яшчэ ў далёкім 2009 годзе ўпершыню ў Пасланні Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі беларускаму народу і парламенту з’явіўся спецыяльны раздзел «Аб прыярытэтах рэгіянальнага развіцця». Ён датычыўся не толькі ролі і месца рэгіёнаў ва ўнутрырэспубліканскай сацыяльна-эканамічнай стратэгіі развіцця краіны, але і міжнароднай дзейнасці, фактычна надаючы апошнім суб’ектнасць і адносную самастойнасць у рамках дзейнай нацыянальнай знешнепалітычнай дактрыны.

У бягучым перыядзе стратэгічнае рашэнне, накіраванае на павышэнне значэння рэгіёнаў, не толькі не страціла сваю важкасць, а наадварот, істотна ўзмацнілася. Кіраўнік дзяржавы 21 лютага падпісаў Указ № 74 «Аб узмацненні ролі старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў». Указам вызначаны новыя інструменты для павышэння дабрабыту рэгіёнаў праз узмацненне статусу мясцовых выканкамаў і іх старшынь, больш эфектыўнае мясцовае кіраванне, што дасць магчымасць раскрыць рэзервы для якаснага росту ў цэлым для нацыянальнай эканомікі.

Фармат супрацоўніцтва па прынцыпе «знізу-ўверх», зыходзячы з патрэб на месцах, дазваляе больш мабільна і, галоўнае, эфектыўна выбудоўваць міждзяржаўныя адносіны ў рамках Саюзнай дзяржавы. Больш за тое, менавіта выбудоўванне прамых, даверных і ўзаемавыгадных адносін, у першую чаргу Аляксандра Лукашэнкі з шэрагам кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў, выратавала ў пэўны момант Саюзную дзяржаву ад долі іншых, менш паспяховых рэгіянальных саюзаў на постсавецкай прасторы.

У сваю чаргу беларускі ўрад выпрацаваў асаблівы механізм узаемадзеяння ў такім фармаце, увёўшы персанальную адказнасць, прызначыўшы шэраг службовых асоб адказнымі за выкананне канкрэтных дамоўленасцяў.

Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з суб’ектамі Расійскай Федэрацыі ажыццяўляецца ў рамках заключаных пагадненняў аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве (81 пагадненне з 73 расійскімі рэгіёнамі). Акрамя таго, заключана каля 450 дагавораў паміж абласцямі Рэспублікі Беларусь, Мінскам і суб’ектамі Расійскай Федэрацыі, а таксама паміж беларускімі раёнамі, гарадамі і расійскімі муніцыпальнымі ўтварэннямі. Эфектыўным інструментам рэалізацыі двухбаковых адносін з’яўляюцца сумесныя саветы дзелавога супрацоўніцтва, рабочыя групы па супрацоўніцтве, створаныя з 80 рэгіёнамі Расіі.

На працягу апошніх гадоў стабільна вядучыя пазіцыі ва ўзаемным гандлі Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй займаюць Цэнтральная, Уральская, Прыволжская і Паўночна-Заходняя федэральныя акругі. З расійскіх рэгіёнаў лідарамі з’яўляюцца Масква, Санкт-Пецярбург, Цюменская, Маскоўская, Смаленская, Бранская, Свярдлоўская, Ленінградская, Калінінградская, Варонежская вобласці, Рэспубліка Татарстан, Краснадарскі край. У 2023 годзе ў лік лідараў увайшлі і новыя суб’екты — Забайкальскі край, Хакасія і Архангельская вобласць.

У буйных гарадах Расіі зарэгістраваны 16 беларускіх гандлёвых дамоў, дзейнічае сетка фірменных нацыянальных беларускіх крам і дылерскіх цэнтраў.

З 2014 года пад эгідай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі штогод праводзяцца форумы рэгіёнаў дзвюх краін. Летась форум адбыўся ў Беларусі. Дыялогавая пляцоўка ўпершыню дзейнічала адразу ў трох гарадах — Віцебску, Полацку і Наваполацку — і сабрала каля дзвюх тысяч удзельнікаў, уключаючы больш як 300 суб’ектаў гаспадарання. Беларусь была прадстаўлена ўсімі абласцямі, расійская дэлегацыя ўключала прадстаўнікоў 56 суб’ектаў, з якіх 14 — на ўзроўні кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў. Па выніках Форуму-2024 было падпісана больш за сто кантрактаў на суму звыш 1 мільярда 300 мільёнаў беларускіх рублёў.

Гэты праект не толькі даказаў на практыцы сваю эфектыўнасць, але і знайшоў сваіх прыхільнікаў у шэрагу іншых краін. Па аналагічным алгарытме наша краіна працуе ўжо з Узбекістанам, Кітайскай Народнай Рэспублікай. На парадку дня — Азербайджан.

У цэлым сёння больш як тысяча беларускіх прадпрыемстваў звязана з Расіяй вытворчай кааперацыяй. Кожная другая кампанія з беларускім капіталам за мяжой знаходзіцца ў Расіі. У Беларусі функцыянуе каля 2500 арганізацый з расійскім капіталам. Валодаючы значным прамысловым патэнцыялам, рэгіёны Беларусі і Расійскай Федэрацыі разглядаюць прамысловую кааперацыю паміж прадпрыемствамі дзвюх краін, і перш за ўсё ў машынабудаванні, у якасці найбольшага патэнцыялу развіцця інтэграцыйных працэсаў. Сёння ў розных формах кааперацыі з расійскімі прадпрыемствамі задзейнічана больш як палова беларускіх прадпрыемстваў, што дазваляе аб’яднаць прамысловы і інтэлектуальны патэнцыял для забеспячэння істотнага эканамічнага прагрэсу нашых краін. Стварэнне сумесных буйных вытворчасцяў, прамысловых кластараў — адзін з найбольш перспектыўных кірункаў дзейнасці ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Ёсць і пэўныя недапрацоўкі. У прыватнасці, пастаўленую ў пачатку года Аляксандрам Лукашэнкам задачу па экспансіі мультыбрэндавых і/ці спецыялізаваных беларускіх гандлёвых сетак на расійскі рынак наўрад ці можна прызнаць выкананай. Да гэтага часу не падрыхтавана ні рабочая Канцэпцыя мультыбрэндавай беларускай гандлёвай сеткі, у якой будуць не толькі класічныя гандлёвыя памяшканні для розніцы, але і магчымасць арганізацыі ўласнай сеткі крам-дыскаўнтараў і/або фармату dark store і e-commerce, уключаючы фірменны маркетплэйс, ні адпаведныя бізнес-планы для сумесных гандлёвых аб’ектаў у расійскіх рэгіёнах.

У той жа час статыстыка гандлю паміж суб’ектамі дзвюх краін, прыклады імпартазамяшчальных праектаў у рамках прамкааперацыі прадпрыемстваў сведчаць аб тым, што Беларусь ужо цяпер выступае важным партнёрам Расіі. Але патэнцыялу і канкрэтных кірункаў для пашырэння двухбаковага эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва яшчэ дастаткова.

Георгій ГРЫЦ, кандыдат эканамічных навук

Даведка

У адпаведнасці з распараджэннем урада, за 30 членамі ўрада Рэспублікі Беларусь, а таксама кіраўнікамі дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, замацавана 57 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, якія з’яўляюцца асноўнымі гандлёвымі партнёрамі і маюць значны эканамічны патэнцыял.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю