Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па пытаннях ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці. На разгляд вынесены падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях ліцэнзавання», перадае БелТА.
«Лічу, што пытанне вельмі важнае і актуальнае для краіны ў цэлым», — адзначыў беларускі лідар.

Ён папрасіў парламентарыяў удзяліць сур’ёзную ўвагу гэтаму пытанню. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў абмеркаваць найбольш вострыя навелы дакумента, каб вызначыць падыходы да яго далейшай дапрацоўкі ў парламенце.

Гаворачы пра сам тэрмін «ліцэнзаванне», Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта свайго роду правілы гульні. «У аснове ляжыць дазвол. Ёсць ліцэнзія — іду працую. Могуць быць і абмежаванні, — сказаў ён. — Неабходна разумець, што калі мы гаворым пра абмежаванні, то яны з’яўляюцца вымушанымі і павінны быць накіраваны на карысць, а не на шкоду».
«Ліцэнзаванне — не самамэта. Зарэгуляваць можна любы від дзейнасці. Але залішнія бар’еры, недастаткова ўзважаныя рашэнні, нават недапрацаваныя фармулёўкі могуць вельмі неспрыяльна адбіцца як на людзях, так і на эканоміцы», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе абазначыў падыходы па пытанні ўвядзення ліцэнзавання дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта прадугледжана падрыхтаваным Міністэрствам эканомікі праектам закона «Аб змяненні законаў па пытаннях ліцэнзавання».

«Мы паслядоўна на працягу шэрага гадоў данастройваем дзяржаўнае рэгуляванне адукацыйнай дзейнасці. Падкрэслю, данастройваем, а не закручваем гайкі, як часам спрабуюць гэта падаць нядобрасумленныя СМІ або псеўдаэксперты, якія ўцяклі за мяжу, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ні ў якім разе не трэба залішне глядзець па баках. Трэба рабіць тое, што выгадна для нашай дзяржавы. Вядома, меркаванні мы будзем заўсёды ўлічваць».
«У пытанні ліцэнзавання адукацыі павінна быць пастаўлена кропка», — заявіў Прэзідэнт.
«Асноўнае патрабаванне ў гэтым пытанні — абараніць нашых дзяцей ад усялякіх прайдох, забяспечыць роўныя ўмовы работы як для дзяржаўных, так і для прыватных суб’ектаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сфера адукацыі з’яўляецца дзяржаваўтваральнай. «Таму мы яе будзем рэгуляваць з улікам нацыянальных інтарэсаў. Як бы камусьці гэта ні падабалася», — адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт папрасіў далажыць, як ліцэнзаванне адукацыі ўжо сябе паказала, ці ўдалося навесці парадак у галіне. Ён адзначыў, што крытэрыі для атрымання ліцэнзіі павінны быць дакладныя і зразумелыя для ўсіх, і пацікавіўся, якія меры плануецца прыняць, каб не ствараць непатрэбнага напружання і ў галіне, і ў грамадстве.