Пракуратура Светлагорскага раёна праверыла ўмовы захоўвання і тэрміны прыдатнасці харчовай прадукцыі пры рэалізацыі ў сельскіх крамах, паведамляе БелТА.
Работнікі раённай пракуратуры правялі наглядныя мерапрыемствы па аб’ектах гандлю Светлагорскага філіяла Гомельскага аблспажыўтаварыства. Асаблівую ўвагу надалі гандлёвым пунктам у сельскай мясцовасці, галоўны акцэнт — на выкананне патрабаванняў заканадаўства пры захоўванні і рэалізацыі харчовай прадукцыі. Не абышлося без парушэнняў.
Так, у краме ў гарпасёлку Парычы выяўлена больш за 50 тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Большасць пратэрмінаваных пазіцый — мясныя. Былі пытанні і па мясцовай кулінарыі. На скрынках з гатовай прадукцыяй і паўфабрыкатамі адсутнічала інфармацыя аб яе назве, даце вырабу, тэрміне прыдатнасці. Акрамя таго, у рэалізацыі былі загнілі садавіна і гародніна.
У аграгарадках Чыркавічы і Казлоўка на вітрынах — больш за 20 пратэрмінаваных прадуктаў, у асноўным — малочных. У асобных выпадках такія тавары рэалізоўвалі больш за тры месяцы.
«Паколькі наяўнасць на паліцах у магазінах пратэрмінаванай і сапсаванай прадукцыі стварае пагрозу прычынення шкоды жыццю і здароўю спажыўцоў пракурор Светлагорскага раёна ў адрас філіяла Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства ўнёс прадстаўленне аб ліквідацыі парушэнняў на гандлёвых аб’ектах, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць. Канфіскаваныя і ўтылізаваныя пратэрмінаваныя прадукты. Рэалізуюцца тавары прамаркіраваныя. Галоўнаму дзяржаўнаму санітарнаму ўрачу раёна накіравана даручэнне аб прыцягненні юрыдычных асоб да адміністрацыйнай адказнасці за дапушчаныя парушэнні пры ажыццяўленні гандлю», — заключылі ў абласной пракуратуры.