Top.Mail.Ru

Лукашэнка: «Гэта закранае працоўныя калектывы і правы нашых людзей»

Прэзідэнт правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў па актуальных эканамічных пытаннях


На парадку дня — абмеркаванне важных эканамічных тэм. У прыватнасці, у Палацы Незалежнасці ішла размова аб інстытуце кіраўнікоў у працэдурах урэгулявання неплацежаздольнасці. Разгледзелі і праект Указа Прэзідэнта «Аб забеспячэнні выплаты заработнай платы і ўзнагароджанняў». Акрамя таго, падчас нарады былі ўнесены прапановы па ўзмацненні жорсткасці на заканадаўчым узроўні да ліцэнзавання гандлю электроннымі цыгарэтамі і адпаведнымі сумесямі. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, вынясенне гэтых пытанняў на такі высокі ўзровень звязана з тым, што яны напрамую закранаюць працоўныя калектывы і правы нашых людзей. 

«Былі ж прадпрыемствы ў цяжкім стане, але мы іх не абзывалі банкрутамі»

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што працягваецца практыка абмеркавання вельмі значных праблем, а таксама агучыў тры тэмы, якія падлягаюць разгляду падчас нарады з кіраўніцтвам урада. 

«Па-першае, інстытут упраўляючых, — канкрэтызаваў беларускі лідар, гаворачы аб гэтым у кантэксце ўрэгулявання неплацежаздольнасці. — Хацелася б, каб дакладчык па гэтым пытанні, міністр эканомікі, далажыў нам, адкуль такая з’ява прыйшла ў Беларусь? Што яна азначае? І самае галоўнае, навошта яна нам? Гэта ж новая з’ява ў незалежнай Беларусі».

Прэзідэнт нагадаў, што два гады таму ў сферы ўрэгулявання неплацежаздольнасці арганізацый быў прыняты новы закон, які некалькі разоў абмяркоўваўся на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. 

«Мы змянілі падыходы да працэдур, зрушыўшы акцэнты з банкруцтва на аздараўленне і захаванне прадпрыемстваў і, адпаведна, працоўных месцаў», — канкрэтызаваў беларускі лідар і пацікавіўся, які эфект атрыманы ад так званых антыкрызісных упраўляючых. 

У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў савецкія часы. «У нас што, банкруты былі, мы іх так называлі? — удакладніў ён. — Былі ж прадпрыемствы ў цяжкім стане, але мы іх не абзывалі банкрутамі». 


Прэзідэнт падкрэсліў, што хацеў бы пачуць адказы на пытанні, якія ён паставіў па так званых антыкрызісных упраўляючых. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць, як адбіліся навацыі ранейшага закона на зніжэнні стратнасці ў эканоміцы. Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, ці ёсць выяўленыя практыкай вузкія месцы, якія варта ліквідаваць для далейшага недапушчэння стратнасці, банкруцтва.

«Дырэктар вырашаў гэтыя пытанні» 

Другая тэма, якая гучала падчас нарады ў Палацы Незалежнасці, — заработная плата і ўзнагароджанне людзей за выкананую работу. Падрыхтаваны адпаведны праект Указа Прэзідэнта «Аб забеспячэнні выплаты заработнай платы і ўзнагароджанняў». 

«Я працаваў дырэктарам (сельгаспрадпрыемства. — „Зв.“), многія тут кіраўнікамі працавалі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Якая была праблема ўвогуле з налічэннем заработнай платы і атрыманнем узнагароджання? Ніякіх праблем не было. Дырэктар вырашаў гэтыя пытанні».

Па словах Прэзідэнта, дзяржава не абмяжоўвала кіраўніка прадпрыемства плаціць заработную плату і пэўную прэмію. «Раптам з’яўляецца пытанне па заработнай плаце і ўзнагароджанні», — канстатаваў беларускі лідар, папрасіўшы міністра працы і сацыяльнай абароны далажыць, у чым тут праблема. 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў краіне выбудавана дакладная сістэма, дзякуючы якой кожны атрымлівае плату за сваю працу. «І калі мы нешта паабяцалі і не выплацілі, куды чалавеку ісці? — паставіў пытанне Прэзідэнт. — Як абараніць свае інтарэсы? Ён вымушаны ісці ў суд, шукаць на гэта грошы, адрываючы ад сям’і і дзяцей, марнаваць сілы, нервы, час і іншае».

Аляксандр Лукашэнка праінфармаваны, што ў парламент унесены ініцыятывы, якія прадугледжваюць узмацненне мер адказнасці за нявыплату заработнай платы. Прэзідэнт удакладніў, як яны ўвязаны з праектам указа, які прапаноўваецца да прыняцця. 


«Курэнне — гэта жах»

Трэцяя тэма, якая закраналася падчас нарады, датычылася ўзмацнення жорсткасці на заканадаўчым узроўні да ліцэнзавання гандлю электроннымі цыгарэтамі і адпаведнымі сумесямі. 

«Медыкі б’юць трывогу з-за папулярнасці электронных цыгарэт, якая расце, асабліва сярод моладзі нашай: студэнтаў і школьнікаў, — канстатаваў Прэзідэнт. — Усё часцей гучаць заклікі абмежаваць і нават татальна забараніць іх вытворчасць і абарот».

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, ці не прывядуць гэтыя меры да фарміравання падпольнага гандлю электроннымі цыгарэтамі і сумесямі да іх. «Памятаю, калі мы ўводзілі гэтыя электронныя (вырабы для курэння. — „Зв.“), пытанне стаяла ў тым, што ў Расіі гэта зараза ўжо існуе, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Граніц у нас няма. Мы можам не ўводзіць. Але каму мы добра зробім? Адтуль завязуць. Ужо завозілі, колькі хацелі і колькі трэба. Ну, вырашылі выраўняць сітуацыю. І раптам з’яўляецца гэта тэма».

Па словах кіраўніка дзяржавы, трэба прыняць адпаведнае рашэнне: быць або не быць курыльным электронным сістэмам у нашай краіне. 

«Я ўвогуле ў кураве слаба разбіраюся, як і ў алкаголі, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Таму хацелася б ад спецыялістаў, якія або кураць, або ўніклі ў гэту тэму, каб патлумачылі, што гэта такое. Гавораць, што гэта горш, чым тытунь. Ну, паслухаем і прымем адпаведнае рашэнне».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён катэгарычны праціўнік як алкаголю, так і курэння. «Але курэнне — гэта жах, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Ну, выпіў там 100 грамаў... Хто не п’е? П’юць. А курыць, гробіць сваё здароўе, калі медыкі ўжо дакладна ведаюць, што першапрычына раку лёгкага — курэнне. Паспрабуем знайсці раўнавагу. Давайце абмяркуем і прымем, як я ўжо сказаў, адпаведнае рашэнне». 

«Або вы мяне, хлопцы, не чуеце, або вы стаміліся ад работы»

Паколькі падчас нарады прысутнічалі і губернатары, закрануў кіраўнік дзяржавы і праблему падзяжу жывёлы. Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз звярнуў увагу на захаванасць жывёлы. У якасці негатыўнага прыкладу ён прывёў Гродзеншчыну, якая, будучы адным з лідараў у сельскай гаспадарцы, дапусціла павелічэнне падзяжу жывёлы. 

«Амаль тысячу галоў дадаў да мінулага года ў студзені», — канкрэтызаваў Прэзідэнт, звяртаючыся да старшыні Гродзенскага аблвыканкама, дадаўшы, што строга спытае з губернатара. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што ў шэрагу рэгіёнаў сітуацыя з захаванасцю жывёлы яшчэ горшая.

У якасці негатыўнага прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў Магілёўшчыну. Напярэдадні ён заслухаў даклад, у тым ліку на гэту тэму, кіраўніка вобласці Анатоля Ісачанкі. «Як Ісачанка гаворыць: „Мы па годзе выраўняем“, — удакладніў дэталі даклада Прэзідэнт. — Як выраўняеце, калі ўжо тысяча загінула? Я не разумею, як тут выраўняць можна? Або вы мяне, хлопцы, не чуеце, або вы стаміліся ад работы». 

Даслоўна

«Ключавое патрабаванне Прэзідэнта — стабільная работа арганізацый»

У размове з журналістамі міністр эканомікі Юрый ЧАБАТАР падкрэсліў, што ключавое патрабаванне Прэзідэнта — стабільная работа арганізацый. «І галоўнае ў гэтай рабоце — роля мясцовых улад, аблвыканкамаў, райвыканкамаў разам з міністэрствамі, — адзначыў ён. — Патрабаванне ключавое, як у савецкія часы, — работа прадпрыемстваў у звязку з прапановамі, мерамі з боку ўлады. Гэта калабарацыя павінна адыграць асноўную ролю». 

Кіраўнік эканамічнага ведамства патлумачыў, чаму гэта пытанне разглядалася на ўзроўні Прэзідэнта. «За два гады работы закона („Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці“. — „Зв.“) у новай рэдакцыі практыка паказала, што да кіраўнікоў, антыкрызісных упраўляючых з’явіліся пытанні з боку розных органаў, — расказаў Юрый Чабатар. — Дзесьці злоўжыванне, парушэнне заканадаўства, таму гэта пытанне і было вынесена на разгляд у кіраўніка дзяржавы для таго, каб навесці парадак і выпрацаваць выразныя, зразумелыя патрабаванні да такіх кіраўнікоў». 

Па словах міністра эканомікі, на любым прадпрыемстве павінен быць кіраўнік з адпаведнай кваліфікацыяй. Разам з мясцовымі органамі ўлады ён павінен прыводзіць прадпрыемства ў парадак. «Крайні выпадак — гэта ліквідацыя прадпрыемстваў, — канстатаваў ён. — І тут самае галоўнае — задавальненне патрабаванняў па заработнай плаце, перад бюджэтам. Гэта святое і на гэта мы таксама зробім акцэнт, калі будзем уносіць прапановы па праекце закона». Ён удакладніў, што стаіць задача распрацаваць і прыняць такі законапраект у бягучым годзе.

Міністр эканомікі расказаў і аб тым, што сабой уяўляюць антыкрызісныя ўпраўляючыя. «Сёння корпус антыкрызісных упраўляючых — гэта спецыяльная працэдура, канкрэтныя людзі, якія праходзяць навучанне прававым асновам работы ў банкруцтве і эканоміцы, — патлумачыў Юрый Чабатар. — Яны праходзяць спецыяльную атэстацыю некалькіх відаў. Гэта сапраўды ўнікальныя людзі. Думаю, што ў рамках дапрацоўкі праекта патрабаванні да іх кваліфікацыі мы, вядома, павысім».

«Заканадаўчы абавязак любога кіраўніка»

Міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ звярнуў увагу на тое, што пытанні забеспячэння выплаты заработнай платы своечасова і ў поўным аб’ёме — заканадаўчы абавязак любога кіраўніка любой арганізацыі, любой формы ўласнасці. «На жаль, не ўсе кіраўнікі выконваюць заканадаўства, — удакладніў міністр. — З 2023 года, у адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы, дзейнічае дасудовы парадак спагнання запазычанасці па заработнай плаце».

Цяпер Дэпартаменту дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны дадзена права ў выпадку атрымання інфармацыі аб правапарушэнні з любых крыніц запытаць у юрыдычнай асобы дакументы, прааналізаваць іх, і калі будзе ўстаноўлены факт нявыплаты заработнай платы, вынесці патрабаванне такой юрыдычнай асобе, якое ва ўстаноўлены тэрмін павінна быць выканана. 

«У выпадку невыканання патрабавання дэпартаментам выносіцца адпаведнае рашэнне. Яно накіроўваецца ў органы прымусовага выканання, якія, у адпаведнасці з устаноўленымі працэдурамі, яго выконваюць, — патлумачыў Андрэй Лабовіч. — Так, работніку, чые правы былі парушаны, не трэба хадзіць у суд, яшчэ кудысьці звяртацца. Усё гэта робяць супрацоўнікі дэпартамента». 

Па словах міністра, за тры гады дзеяння ўказа адзначана яго эфектыўнасць. «Каля 26 тысяч чалавек аднавілі свае законныя правы ў частцы забеспячэння заработнай платы на суму прыблізна 68 мільёнаў рублёў, — канстатаваў кіраўнік ведамства. — Мы ўбачылі, што ў суды стала паступаць амаль удвая менш зваротаў. І, адпаведна, на 60 % павялічыліся звароты ў органы дэпартамента, што сведчыць аб даверы да гэтага інстытута і да органаў улады». 

Пры гэтым практыка паказала неабходнасць пэўнай дашліфоўкі дзеючага механізму. Акурат гэтыя пытанні абмяркоўваліся на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Па словах Андрэя Лабовіча, прапануецца распаўсюдзіць сістэму дасудовага разгляду спраў па грамадзянска-прававых дагаворах. «Мы сёння бачым, што гэта форма ўзаемаадносін суб’ектаў гаспадарання з грамадзянамі досыць папулярная, — канстатаваў ён. — Летась у краіне каля 650 тысяч чалавек працавала ў той ці іншай меры па грамадзянска-прававых дагаворах. З іх — больш за 220 тысяч — толькі па грамадзянска-прававых дагаворах. Мы бачым тэндэнцыю да павелічэння зваротаў грамадзян у дэпартамент дзяржінспекцыі працы ў пытаннях незабеспячэння выплаты ўзнагароджання ў выніку такіх дагавораў. Адпаведна, наспела неабходнасць рэгуляваць і ў рамках грамадзянска-прававых дагавораў пытанні нявыплаты ўзнагароджання па аналогіі, як і з нявыплатай заработнай платы». 

Міністр працы і сацыяльнай абароны заўважыў, што практыка таксама паказала, што асобныя нядобрасумленныя юрыдычныя асобы злоўжывалі нормамі заканадаўства. «Яны самі заяўлялі ў органы дэпартамента аб тым, што не могуць своечасова забяспечыць выплату заработнай платы, хоць мелі на гэта магчымасць, тым самым сыходзілі ад адказнасці ў форме штрафу за несвоечасовае забеспячэнне, — канкрэтызаваў Андрэй Лабовіч. — Гэтыя нормы мы таксама падкарэкціравалі. Прэзідэнтам былі падтрыманы названыя прапановы».

«На стадыі ўвозу вырабаў у краіну ўключаем жорсткі фільтр»

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур КАРПОВІЧ расказаў, што на стадыі падрыхтоўкі законапраекта, які прадугледжвае ўзмацненне ліцэнзавання гандлю электроннымі сістэмамі курэння, абмяркоўвалася два кірункі. «Альбо мы забараняем цалкам выкарыстанне электронных сістэм курэння, альбо абмяжоўваем на заканадаўчым узроўні меры па рэгуляванні гэтага кірунку, — паведаміў Артур Карповіч. — Спыніліся на другім шляху, зыходзячы з якога прыйшлі да высновы, што неабходна па максімуме пакінуць сёння ўсе суб’екты, якія займаюцца рознічным гандлем па рэалізацыі нікаціназмяшчальных электронных сістэм курэння. Пры гэтым зрабіць больш жорсткім ліцэнзійныя патрабаванні ў рознічным гандлі, каб кожны суб’ект гаспадарання разумеў зону адказнасці за тыя правапарушэнні, якія здзяйсняюцца ў гэтай сферы». 

Гаворачы аб змяненнях, міністр праінфармаваў, што скарачаецца пералік суб’ектаў гаспадарання, якія маюць права вырабляць электронныя сістэмы курэння, імпартаваць іх у краіну, займацца аптовым гандлем. Пры гэтым Прэзідэнт падтрымаў прапанову ўрада ў частцы захавання пераліку суб’ектаў гаспадарання, якія маюць права рэалізоўваць названыя сістэмы ў розніцу. 

«Гэта значыць, мы на стадыі ўвозу вырабаў у краіну ўключаем жорсткі фільтр, — патлумачыў кіраўнік ведамства. — Забараняем шырокаму колу займацца аптовым гандлем гэтых вырабаў. Пры гэтым па максімуме захоўваем працоўныя месцы і робім больш жорсткімі ліцэнзійныя патрабаванні».

За мінулы год Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю праманіторыла каля 500 астраўкоў, якія рэалізуюць гэтыя сістэмы курэння. «З іх — 70 % рэалізоўваюць тавары неналежнай якасці, нярэдка прадаюцца тавары з парушэннем нормаў і стандартаў, — канстатаваў Артур Карповіч. — Ёсць пытанні, але меры адказнасці, якія прымяняюцца да суб’ектаў гаспадарання, недастаткова жорсткія, таму праз два дні суб’ект зноў пачынае прадаваць тое, на чым зарабляе добрыя грошы». 

Распрацоўкай законапраекта займаецца канцэрн «Белдзяржхарчпрам». Плануецца, што дакумент паступіць у парламент у першай палове 2026 года.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю