На пасяджэнні калегіі Міністэрства ўнутраных спраў абмяркоўваліся пытанні прыёму, рэгістрацыі і разгляду заяў, паведамленняў аб злачынствах і правапарушэннях, працы са зваротамі грамадзян. Акрамя таго, у фокусе ўвагі — арганізацыя работы з асобамі, якія знаходзяцца на прафілактычных уліках у органах унутраных спраў, у тым ліку эфектыўнасць мер, што прымаюцца па ўключэнні іх у працоўную дзейнасць.
Адкрываючы калегію, міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ адзначыў, што якасны і своечасовы разгляд заяў і зваротаў грамадзян, аказанне ім усебаковай дапамогі павінна быць у прыярытэце. «Важна не толькі слухаць, але і чуць людзей! — падкрэсліў ён. — Станоўчая дынаміка паказвае, што намечаны ведамствам курс і прынятыя ў апошнія гады меры па ўмацаванні рэгістрацыйна-ўліковай дысцыпліны далі неабходны эфект».
Пастаўлена задача — захаваць гэту тэндэнцыю і не змяншаць абароты.
Кіраўнік міліцэйскага ведамства адзначыў, што супрацоўнікамі ўнутраных спраў асаблівая ўвага надаецца арганізацыі працы з асобамі, якія стаяць на ўліках, і, у першую чаргу, не занятымі ў эканоміцы. «Намаганні органаў унутраных спраў у цэлым дазваляюць уплываць на паводзіны грамадзян, — канстатаваў ён. — Аднак відавочна, што ёсць нерэалізаваны патэнцыял. Тымі, хто не вучыцца і не працуе, па-ранейшаму здзяйсняецца больш за палову злачынстваў. У асноўным — маёмасных, што тлумачыцца іх імкненнем атрымаць сродкі для існавання. Усе асобы, якія знаходзяцца ў нас на ўліках, павінны працаваць!»
Міністр акцэнтаваў увагу кіраўнікоў на неабходнасці сістэмнага аналізу існуючых праблем і ўнясення канкрэтных прапаноў па іх вырашэнні.
Начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр КУПЧЭНЯ далажыў, што меры, што прымаюцца органамі ўнутраных спраў адносна грамадзян, не занятых у эканоміцы, у многім садзейнічалі зніжэнню колькасці злачынстваў, учыненых беспрацоўнымі. Тым не менш для ўдасканалення правапрымяняльнай дзейнасці сумесна з зацікаўленымі прапрацоўваюцца змены ў заканадаўства.
«Прапануем аптымізаваць прафілактычны ўлік за хатні гвалт, — канкрэтызаваў ён. — Рашэнне будзе прымацца незалежна ад таго, прыцягнуты скандаліст да адміністрацыйнай адказнасці або прымірыўся з пацярпелым у судзе. Таксама прадугледжаны прафулік для грамадзян, якія вярнуліся з ЛПП. Гэта дасць магчымасць прымяняць да іх меры індывідуальнай прафілактыкі. Відавочна, што для аказання максімальнага карэкціруючага ўздзеяння названая работа павінна праводзіцца не толькі органамі ўнутраных спраў, але і іншымі суб’ектамі, у тым ліку наймальнікамі. Законапраектам прадугледжана ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці падуліковых за невыкананне абавязкаў па працаўладкаванні і праходжанні лячэння».
У завяршэнне калегіі адбылася цырымонія ўшанавання тых, хто вызначыўся на службе. Указам Прэзідэнта за высокі прафесіяналізм, значныя вынікі ў барацьбе са злачыннасцю, асабісты ўклад ва ўмацаванне грамадскага парадку высокіх узнагарод удастоіліся афіцэры, якія ўнеслі важкі ўклад у раскрыццё серыі рэзанансных забойстваў з 1990-х, пошук і затрыманне маньяка.
Па ініцыятыве міністра чарговае спецыяльнае званне падпалкоўніка міліцыі ў парадку заахвочвання на адну прыступку вышэй за прадугледжанае па займаемай пасадзе прысвоена старшаму ўчастковаму інспектару міліцыі Мазырскага РАУС Аляксандру Паўлаву. Супрацоўнік праявіў смеласць, рашучасць і прафесіяналізм, абясшкодзіўшы падазронага ў забойстве.
За ўмелыя і прафесійныя дзеянні пры затрыманні ўзброенага злачынца каштоўным падарункам — наручным гадзіннікам узнагароджаны міліцыянер-кіроўца аператыўна-дзяжурнай службы Кастрычніцкага РУУС Гродна Уладзіслаў Вараноўскі.
Таксама адбыўся рытуал уручэння пагон палкоўніка супрацоўнікам органаў унутраных спраў і вайскоўцам унутраных войскаў МУС. З рук кіраўніка ведамства ўзнагароды атрымалі прызёры спаборніцтваў на Кубак міністра ўнутраных спраў па стральбе. Сярод кіраўнікоў перамогу атрымаў першы намеснік міністра — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Юрый Назаранка. У камандным заліку вызначылася дружына Дэпартамента аховы МУС.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МУС