Top.Mail.Ru

Працаваць на росквіт родных мясцін. З такім настроем глядзяць у будучыню кіраўніцтва і жыхары Кобрынскага раёна

Са старшынёй Кобрынскага райвыканкама Аляксандрам Майсеюком мы сустрэліся акурат пасля святкавання Дня горада, калі Кобрыншчына ўрачыста адзначыла свой чарговы дзень нараджэння. Таму і размова зайшла найперш пра дасягненні, некаторыя вынікі работы, з якімі падышлі да свята, і, вядома, пра людзей.

У нагу з часам

— Падчас святкавання мы ўшанавалі шмат жыхароў раёна, якія сваёй штодзённай працай спрыяюць развіццю і росквіту родных мясцін, — пачаў размову Аляксандр Уладзіміравіч. — Словы падзякі прагучалі ў адрас аграрыяў, якія літаральна вядуць бітву за ўраджай, працаўнікоў прамысловай галіны, сацыяльнага сектара — усіх шчырых і адданых працаўнікоў.

— У святле названай падзеі ёсць нагода напомніць пра пэўныя вынікі работы з пачатку гэтага года ў эканоміцы. Як ідуць справы ў прамысловых і іншых прадпрыемстваў?

— Па выніках паўгоддзя мы маем станоўчыя тэмпы росту літаральна па ўсіх кірунках — па інвестыцыях, экспарце, сельскай гаспадарцы, прамысловай вытворчасці, будаўнічай галіне. Гэта дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні.


Далёка за межамі раёна і нават краіны ведаюць нашы асобныя прадпрыемствы, такія як кампанія па вытворчасці пластмасавых цацак «Палессе» альбо наш масларобна-сыраробны завод з яго знакамітым брэндам «Кобрынскія сыры». Варта адзначыць, што апошнім часам упэўнена заяўляюць пра сябе і машынабудаўнічыя прадпрыемствы. На некаторых цяпер рэалізуецца цэлы шэраг інвестыцыйных праектаў, у тым ліку па стварэнні новых вытворчасцяў. Напрыклад, адкрытае акцыянернае таварыства «САЛЕО-Кобрын» ужо рэалізавала праект «Укараненне інавацыйнай тэхналогіі і абсталявання атрымання высокадакладных і трывалых зварных злучэнняў дэталяў гідрацыліндраў». Апошняе паслужыла паляпшэнню якасці прадукцыі. Цяпер прадпрыемства рэалізуе праект «Арганізацыя вытворчасці гідраўлічных размеркавальнікаў і пашырэнне мадэльнага раду гідрацыліндраў у рамках мадэрнізацыі дзеючай вытворчасці». Праект плануецца завяршыць да канца гэтага года.

Прадпрыемства «КІЗ СІТОМА» рэалізуе інтэграцыйны праект «Стварэнне вытворчасці храміраваных нарыхтовак штокаў гідрацыліндраў». Маецца на ўвазе інавацыйная ў Беларусі імпартазамяшчальная вытворчасць. Праект стаў магчымы дзякуючы дапамозе па праграме Саюзнай дзяржавы.

У нагу з часам стараецца крочыць і харчовая прамысловасць. Кобрынскі хлебазавод асвойвае інвестпраект па набыцці лініі для вытворчасці новых відаў пячэння.

Пералік можна працягваць. І названыя прыклады, і іншыя сведчаць пра тое, што прамысловыя прадпрыемствы развіваюцца, павялічваюць экспартныя пастаўкі, ствараюць працоўныя месцы.

Сёлета расце аб’ём будаўніча-мантажных работ, што азначае ўвядзенне ў строй новых жылых дамоў, аб’ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры, добраўпарадкаванне горада і сельскіх населеных пунктаў.

Дарэчы, у Дзень горада быў урачыста адкрыты абноўлены ЗАГС. Ён размяшчаецца ў прыгожым будынку, помніку архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, які знаходзіцца ў гістарычным месцы — на Замкавай плошчы. Гэта стала знакавым, сімвалічным падарункам жыхарам Кобрына. Яшчэ больш прыгожым, велічным стала месца, дзе нараджаецца аснова любой дзяржавы — сям’я.

Сапраўдная бітва

— У пачатку нашай размовы вы сказалі, што зараз ідзе сапраўдная бітва за ўраджай. І гэта ў вашым выпадку не выглядае метафарай. Маеце на ўвазе найперш катаклізмы надвор’я?

— Так, засуха ў нас працягваецца з ранняй вясны. Напрыклад, у сакавіку выпала 2 міліметры ападкаў, па 30 было ў красавіку і маі пры мінімальнай норме 70 міліметраў. Абсалютна сухім быў і чэрвень. Так што для земляробаў выдаўся даволі складаны сезон, але ж выпрабаванні яны вытрымалі з гонарам. Скажам, па выніках уборкі азімага ячменю ўраджай атрыманы нават большы за леташні. Усё гэта дасягаецца за кошт паўсядзённай працы, захавання тэхналогіі, агратэхнікі. Парадаваў і азімы рапс, яго ўраджай лепшы, чым у мінулым годзе. Спадзяёмся, што і на другіх культурах атрымаем годны вынік.

Такім чынам, нам ёсць чым і кім ганарыцца. Многія сельгаспрадпрыемствы навучыліся супрацьпастаўляць любым капрызам надвор’я зладжаную працу, высокатэхналагічныя падыходы. А ў Год беларускай жанчыны варта асабліва адзначыць нашых жанчын — кіраўнікоў гаспадарак.

Па многіх паказчыках найлепшай гаспадаркай раёна з’яўляецца СВК «Узыходзячая зара», якой шмат гадоў кіруе Таццяна Дземідзюк. На самых бедных землях яны здолелі дабіцца высокіх ураджаяў, адпаведных паказчыкаў жывёлагадоўчай галіны. Сёлета іх пясчаныя землі асабліва пацярпелі ад засухі. Вось гэта пра іх сказана, што даводзіцца літаральна змагацца за ўраджай.

Яднаючая сіла

— Калі гаворка зайшла пра ролю жанчын у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, варта асобна пагаварыць аб тым, які пласт народнай гаспадаркі трымаецца на іх плячах, сацыяльным сектары.

— Трэба адзначыць, што ў нас ёсць і жанчыны — кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў. Напрыклад, дырэктарам філіяла ААТ «Магатэкс» у Кобрыне працуе Зінаіда Андраюк.

Але самы вялікі ўнёсак робяць жанчыны ў функцыянаванне сацыяльнай сферы. Перш за ўсё трэба назваць ахову здароўя. Летась па выніках года медыцына нашага раёна заняла першае месца ў вобласці. 

А гэта адзнака работы як кіраўніка — галоўнага ўрача Алы Валатоўскай, — так і вялікага калектыву ўрачоў, медсясцёр, санітарак, якія стаяць на варце здароўя жыхароў раёна. Нашы медыкі таксама ідуць у нагу з часам. Раённая бальніца пастаянна набывае новае абсталяванне для паляпшэння аказання медыцынскіх паслуг. Цяпер вядзецца работа па ўкараненні электроннай чаргі ў паліклініцы.

Яшчэ адна не менш важная галіна — адукацыя. Больш за 90 % педагагічных работнікаў раёна — жанчыны. Значыць, практычна ўсю нагрузку па навучанні і выхаванні нашых дзяцей яны ўзялі на сябе. Сёння большасць школ раёна ўзначальваюць жанчыны. І працуюць нашы педагогі самааддана, творча, зацікаўлена. Цяпер у калектывы ўліваецца свежая кроў — маладыя спецыялісты. Прыемна бачыць зацікаўленую моладзь і важна ўсведамляць, што ёй ёсць у каго вучыцца.

Нашы жанчыны нясуць асноўны цяжар паспяховай работы ўстаноў культуры. Дзякуючы іх працавітасці, арганізатарскім здольнасцям, стараннасці зладжана функцыянуюць Дамы культуры, бібліятэкі, іншыя ўстановы названага кірунку.

Нельга не сказаць у гэтым кантэксце і пра ролю жанчыны ў рабоце прадстаўнічых органаў мясцовай улады. Больш паловы дэпутацкага корпуса раённага і мясцовых Саветаў — жанчыны, іх жа часцей за ўсё абіраюць старастамі вёсак.

Трэба прызнаць, што жанчыны даволі актыўныя ў грамадскім жыцці. А розныя грамадзянскія ініцыятывы, добрыя справы, якія праводзяцца талакой, арганізоўваюць і ажыццяўляюць старасты ды старшыні сельсаветаў, мясцовыя дэпутаты.

Работа з насельніцтвам нярэдка становіцца самым складаным у справе ажыццяўлення самакіравання. Як паказвае практыка, зацікавіць, арганізаваць на сумесную добрую справу лепш атрымліваецца менавіта ў жанчын. Іх рукамі нярэдка ствараецца і падтрымліваецца прыгажосць на вуліцах, у дварах населеных пунктаў. Іх клопат распаўсюджваецца на ўстановы для састарэлых і адзінокіх людзей.

Менавіта жанчына як захавальніца сям’і і дабрабыту становіцца фактарам, які аб’ядноўвае грамадства на стваральную працу. Аб гэтым давялося згадаць, калі мы ўзнагароджвалі першага камбайнера-тысячніка гэтага года ў нашым раёне — Юрыя Клімука. Як высветлілася, у яго сям’і гадуецца сямёра дачок. Бацька працуе так, каб годна ўтрымліваць сям’ю, быць прыкладам для дзяцей. А маці сямейства захоўвае парадак і лад у сям’і. Так і павінна быць.

Навідавоку і на рабоце, і ў грамадскім жыцці

На­мес­нік стар­шы­ні Коб­рын­ска­га рай­вы­кан­ка­ма Ган­на БРЫН­ЧУК ак­цэн­та­ва­ла ўва­гу на тым, што ў лі­ку ўша­на­ва­ных най­леп­шых пра­цаў­ні­коў пад­час свят­ка­ван­ня Дня го­ра­да бы­ло вель­мі шмат жан­чын.

— Нашы жанчыны-працаўніцы ўдала спалучаюць вытворчыя абавязкі з грамадскай работай, карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам у калектывах, — гаворыць Ганна Уладзіміраўна. — Такія, напрыклад, як старшыня Буховіцкага сельскага Савета Таццяна БІЧ, якая працуе цікава, творча. Таццяна Мікалаеўна ўмее задзейнічаць не толькі свой актыў, але і насельніцтва вёсак на справы добраўпарадкавання, паляпшэння тэрыторый. Зусім нядаўна мясцовая ўлада сумесна з грамадскасцю паспрыялі ўладкаванню месца для адпачынку дзяцей. У выніку з’явілася новая дзіцячая пляцоўка. З такіх, на першы погляд, дробязяў і складаецца паўсядзённае жыццё вёскі, ствараецца настрой яе жыхароў.

Сярод моладзі чалавекам года ў галіне медыцыны была прызнана ўрач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Алена ВЕЛІСЕВІЧ. Яна зарэкамендавала сябе і як высокапрафесійны спецыяліст, і як чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Алену Андрэеўну таксама ўшанавалі на ўрачыстым мерапрыемстве.

Асобна адзначыла Ганна Брынчук жанчын, якія па выніках мінулага года занесены на раённую Дошку гонару. Скажам, дырэктар Кобрынскай гарадской друкарні Ірына БРЫНЧУК, актывістка раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Яна вядомая ў раёне прыхільніца спартыўнага руху і нязменная ўдзельніца ўсіх спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку абласнога ўзроўню. У яе ўся сям’я такая. 

Напрыклад, малодшая дачка заўсёды побач з мамай на любым спаборніцтве. Сваім прыкладам Ірына Мікалаеўна сцвярджае здаровы лад жыцця, накіроўвае на гэта і ўвесь калектыў, які ўзначальвае.

А рэжысёр узорнай тэатральнай студыі «Рытм» Кобрынскага палаца культуры Таццяна ДРЫК — чалавек надзвычай творчы. Калектыў Таццяны Рыгораўны рыхтуе спектаклі і пастаноўкі, якія нярэдка становяцца ўпрыгажэннем раённых мерапрыемстваў, свят. Ён аб’ядноўвае дзяцей розных узростаў на падмурку разумення таго, што тэатр з’яўляецца інструментам для развіцця ўнутранага свету чалавека. Тэатральная студыя «Рытм» — шматразовы дыпламант розных конкурсаў і фестываляў.

Настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 9 г. Кобрына Наталля САЎЧУК падрыхтавала шэраг пераможцаў алімпіяд. Сярод яе вучняў ёсць 100-бальнікі, паспяховыя студэнты і спецыялісты. Стараста аграгарадка Хідры Вера ДУБІНКА — вельмі актыўны ўдзельнік вясковага самакіравання. У тым ліку клопатамі рабочай участка «Зелянгас» Ларысы ПРЫМАЧУК горад становіцца ўсё больш прыгожым і зялёным.

— Пра кожную са згаданых жанчын можна расказваць асобна і доўга, — падсумоўвае намеснік старшыні райвыканкама. — Кожная робіць унёсак у справу росквіту роднага краю.

Цэнтральная раённая бальніца вітала маладое папаўненне

На пашыраным медыцынскім савеце ў Кобрынскай ЦРБ калег пазнаёмілі з маладымі ўрачамі. У іх адрас прагучала шмат добрых слоў. З 1 жніўня да работы ў медустановах раёна прыступілі 18 урачоў, 3 інтэрны, 2 урачы пераехалі ў Кобрын пасля адпрацоўкі з іншых гарадоў. Яшчэ на работу прынялі 22 медработнікі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Маладое папаўненне шчыра вітала галоўны ўрач Кобрынскай ЦРБ Ала ВАЛАТОЎСКАЯ:

— Гэтымі днямі вы зрабілі адказны крок — крок у вялікую медыцыну. Памятайце, што заўсёды побач будуць вопытныя настаўнікі, гатовыя дапамагчы, падзяліцца вопытам.

Галоўны ўрач пажадала калегам, каб на рабоце рука ў іх заўсёды была цвёрдай, а сэрца заставалася добрым і спагадлівым да пацыентаў.


Павіншаваць маладых медыкаў з пачаткам працоўнай біяграфіі прыйшоў старшыня райвыканкама Аляксандр Майсяюк. Ён асабліва падзякаваў тым, хто прыехаў у Кобрын з іншых мясцін. І выказаў спадзяванне, што ім тут прыйдзецца даспадобы і яны звяжуць сваё жыццё з самым прыгожым, самым прывабным горадам, у якім захавалася часцінка сапраўднай Беларусі, дзе і сустракаюць, і праводзяць з дабром.

Па словах Аляксандра Майсяюка, у Кобрынскай ЦРБ створаны ўсе ўмовы для таго, каб маладыя ўрачы напрацоўвалі вопыт, станавіліся сапраўднымі прафесіяналамі, якія лечаць чалавека, вяртаюць яго да актыўнага жыцця і магчымасці жыць шчасліва. Кіраўнік раёна даў устаноўку маладым людзям хутчэй стварыць сем’і:

— Бо сям’я — аснова асноў жыцця асобнага чалавека і дзяржавы ў цэлым. Героі дня прыехалі ў Кобрын з дыпломамі розных універсітэтаў краіны. Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што дзяржава дала сённяшнім маладым спецыялістам дастойную адукацыю. «Цяпер толькі ад вас, вашага жадання, старання, цярпення будзе залежаць ваш прафесійны рост. 

І, спадзяюся, вы апраўдаеце наш давер», — сказаў ён.

У медустановы раёна сёлета прыйшлі ўрачы розных спецыяльнасцяў. Сярод маладых спецыялістаў ёсць хірург, афтальмолаг, анестэзіёлагі-рэаніматолагі, урачы агульнай практыкі, урачы-педыятры. Тры ўрачы накіраваны ў сельскія медыцынскія ўстановы.

Ірына Паступінская прыступае да работы ў Дзівінскай участковай бальніцы, Яўгенія Лесік атрымала накіраванне ў Кіселявецкую амбулаторыю, Эвеліна Рачкоўская ўжо прыняла першых пацыентаў у Імянінскай амбулаторыі. Іх работу курыруе намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва раёна Аксана СІВЯНКОВА. Аксана Алегаўна сама пачынала работу ў сельскай амбулаторыі, таму для калег яна стане добрым дарадцам і кваліфікаваным памочнікам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю