Хто не працуе, той есць — дэвіз маладога пакалення, якое хоча жыць на шырокую нагу, не прыкладаючы асаблівых намаганняў. Але як зумеры апраўдваюць сваю ляноту (і ці лянота гэта)? І што сапраўды хаваецца за нежаданнем працаваць?
Рэсентэізм — новы трэнд, асабліва распаўсюджаны сярод моладзі, якая не так даўно выйшла на рынак працы («зумеры», пакаленне, якое нарадзілася пасля 1997 года). Ключавая ідэя заключаецца ў тым, каб не працаваць на поўную сілу, а выконваць такую колькасць задач, да якой не ўзнікне пытанняў у начальства.
Маладыя людзі вінавацяць ва ўсім выгаранне і заяўляюць: «Працаваць, як належыць, не будзем — беражом сваё ментальнае здароўе». Нярэдка чалавек, схільны да рэсентэізму, застаецца на ненавіснай рабоце гадамі, выконваючы задачу па мінімуме і не спрабуючы шукаць нешта новае: ён баіцца, што нічога лепшага ўсё роўна не знойдзе.
Само слова «рэсентэізм» паходзіць ад англійскага resent — «абурацца», «гневацца», гэта значыць у нейкім сэнсе рэсентэізм можна назваць адной з формаў пасіўнай агрэсіі (у адносінах да работадаўцы). Гэта з’ява часткова перасякаецца з так званым «ціхім звальненнем»: калі супрацоўнік максімальна фармальна ставіцца да сваіх абавязкаў і паступова зводзіць работу на нішто, у выніку звальняючыся.
Чаму ў моладзі выпрацавалася такое стаўленне да работы?
На думку псіхолагаў, рэсентэізм можа ўзнікнуць як у маладога пакалення, так і ў людзей старэйшага ўзросту, расказвае psychologies.ru.
Гэта адбываецца тады, калі супрацоўнік адчувае, што яго старанні і намаганні недаацэньваюцца работадаўцам ці не прыносяць маральнага, матэрыяльнага задавальнення. Такі стан лёгка і часта пераходзіць у выгаранне.
У гэтыя моманты чалавек адчувае гаму пачуццяў і перажыванняў з-за работы, што суправаджаецца эмацыянальным, ментальным і фізічным знясіленнем.

Таксама спецыялісты адзначаюць: трэнд рэсентэізму, што назіраецца сярод маладога пакалення, падаецца шмат у чым рэакцыяй на свет, які прымушае працаваць, часта ігнаруючы іх унутраныя запатрабаванні і імкненні. Не варта вінаваціць ва ўсім толькі выгаранне, хоць яно і з’яўляецца значным фактарам.
Існуе комплекс прычын: ад незадаволенасці ўмовамі працы да адчування, што ўклад не ацэнены па заслугах, што асабліва адчувальна для маладога пакалення, якое шукае пацвярджэння сваёй значнасці і каштоўнасці.
Да прычын, чаму моладзь ідзе за трэндам, таксама можна аднесці:
-
адсутнасць вопытнага трэнера, настаўніка на перыяд стажыроўкі — у гэты перыяд закладваецца разуменне працы, адчуванне далейшай падтрымкі і ўпэўненасці;
-
недастатковыя стымул, матывацыя і цікавасць да выкананых задач;
-
бессэнсоўнасць работы, на іх думку;
-
маральна-псіхалагічны клімат у калектыве, канфлікты.
Важна ўсведамляць: рэсентэізм і выгаранне, якое суправаджае яго, пасля могуць мець сур’ёзныя наступствы не толькі для здароўя, але і для развіцця ў прафесійным плане.

Як можна справіцца з праблемай?
Калі з’яўляецца адчуванне, што не хочацца працаваць у поўную сілу, але пры гэтым няма магчымасці змяніць род дзейнасці, варта разабрацца ў сваіх пачуццях і паспрабаваць знайсці крыніцу дысбалансу. Магчыма, праблема не ў рабоце, а ў непадыходным графіку, абстаноўцы або ў адсутнасці кар’ернага росту.
-
Размова з кіраўніцтвам аб пераглядзе ўмоў працы або пошуку новых магчымасцяў для развіцця можа быць адпраўным пунктам на шляху да змен.
-
Таксама важна не забываць аб тым, што работа — гэта не ўсё, што ў нас ёсць. Асабістае жыццё, хобі, водпуск і зносіны з блізкімі — неад’емныя складнікі паўнавартаснага жыцця.
-
Калі не хочацца працаваць «на ўсе 100%», але абставіны патрабуюць працягваць, першым крокам можа быць пошук спосабаў паляпшэння свайго стаўлення да работы. Гэта можа быць перагляд сваіх прафесійных мэт: шукайце тое, што прыносіць задавальненне і што можа вас матываваць. Паспрабуйце знайсці аспекты сваёй работы, якія прыносяць вам радасць, і засяродзьцеся на іх.
-
Да таго ж не забывайце і пра свае захапленні, якія дазволяць вам аднавіцца. Калі ж вы адчуваеце, што выгаранне дасягнула крытычнай мяжы, магчыма, настаў час пашукаць новыя гарызонты, дзе ваша работа будзе больш цаніцца і дзе вы зможаце рэалізаваць свой патэнцыял цалкам.
-
Варта памятаць і аб адпачынку на працягу працоўнага дня. Ён неабходны для пераключэння і перазагрузкі працэсаў арганізма, як фізічных, так і псіхалагічных.
Памятайце, што, знаходзячыся ў рэсурсным, гарманічным і пазітыўным стане, вы зможаце лёгка дасягаць пастаўленых мэт, атрымліваць ад гэтага энергію і задавальненне.