Рабочы тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі стартаваў з даклада Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі напярэдадні адкрыцця чацвёртай сесіі. Кіраўніку дзяржавы было даложана аб выніках папярэдняй парламенцкай сесіі і аб падрыхтоўцы да новай.
«Заканатворчая работа — цяжкая праца. Яна не церпіць нейкіх усплёскаў»
Кіраўнік дзяржавы падзяліў даклад Старшыні Палаты прадстаўнікоў на дзве часткі. Па-першае, беларускага лідара цікавіла, як гатовы парламент да будучай сесіі, якая пачнецца 15 верасня, што з праектамі законаў і якая магчыма патрабуецца дапамога. Прэзідэнта таксама цікавіла, як працуюць дэпутаты і ці ёсць да каго прэтэнзіі.
«Я так бачу, што ў агульным парламент працуе нядрэнна, — заўважыў беларускі лідар. — Палата прадстаўнікоў займаецца сваімі справамі. Разумею, што ў каляі Палата ў цэлым, ды і дэпутаты. Такіх асаблівых насцярожанасцяў я не бачу. І як былы дэпутат, я разумею, што справы ідуць спакойна і нядрэнна. Законатворчая работа — цяжкая праца. Яна не церпіць нейкіх усплёскаў. Наш парламент займаецца сваёй справай».
Другая частка дакладу, на якую звярнуў увагу Прэзідэнт, — работа ў Віцебскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Ігара Сергяенкі, які з’яўляецца ўпаўнаважаным Прэзідэнта ў гэтым рэгіёне, як ідуць справы, якія ўражанні складваюцца па рабоце вобласці. Асобна Аляксандр Лукашэнка спытаў пра дзейнасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія курыруе кіраўніцтва парламента.
«Вы шмат займаецеся з Наталляй Іванаўнай Качанавай (Старшынёй Савета Рэспублікі. — „Зв.“) Віцебскай вобласцю. Я інфармаваны, што ў вас калгас ёсць, адказныя вы за гэта. І яна таксама. Гэта вельмі правільна, — заўважыў беларускі лідар. — Фінансава дапаможаце, не дапаможаце — гэта пытанне не галоўнае. Але тое, што вы бачыце праблему і можаце своечасова падналадзіць, адрэгуляваць тое, што трэба, — для мяне гэты вопыт цікавы. Запросіце — я з задавальненнем хацеў бы пабываць у вашай гаспадарцы, якую курыруеце».

«Дэпутаты набылі вопыт работы па падрыхтоўцы законапраектаў»
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка далажыў, што за два з паловай гады работы восьмага склікання (практычна палова тэрміну) выбудаваная сістэма рэалізацыі дэпутацкіх паўнамоцтваў і дзяржаўнай палітыкі ў развіццё даручэнняў Прэзідэнта.
«Дэпутаты набылі за гэты перыяд вопыт работы па падрыхтоўцы законапраектаў, рыхтуючы канкрэтныя законапраекты, выступаючы на пасяджэннях, задаючы пытанні, каментуючы ў сродках масавай інфармацыі, набылі і пэўны вопыт міжнароднай дзейнасці. Ну і, вядома ж, немалаважна — гэта работа ў выбарчых акругах», — канкрэтызаваў кіраўнік дэпутацкага корпуса.

За трэцюю сесію Палаты прадстаўнікоў прынята 89 законапраектаў, 11 з якіх — у першым чытанні. Па 78 работа цалкам завершана, і яны сталі законамі. Чацвёртая сесія Палаты прадстаўнікоў адкрыецца 15 верасня. Адна з яе ключавых задач — прыняцце бюджэтна-падатковага пакета на 2027 год.
У ходзе чацвёртай сесіі дэпутацкі корпус працягне выкананне пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач, у тым ліку па заканадаўчым забеспячэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на бягучую пяцігодку і рашэнняў Усебеларускага народнага сходу.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА