Top.Mail.Ru

Права на абавязковую долю

Развяліся з мужам пяць гадоў таму. У шлюбе нарадзілася дачка, на дадзены момант ёй 10 гадоў. Былы муж ажаніўся другі раз, дзяцей у гэтым шлюбе не меў. Разам з новай жонкай яны жылі ў доме, які ён атрымаў у спадчыну пасля смерці сваёй маці. Два месяцы таму былы муж памёр пасля працяглай хваробы. Вядома, што перад смерцю ён завяшчаў усю сваю маёмасць жонцы. Ці можа наша з ім дачка прэтэндаваць на долю ў спадчыне?

Святлана, Копыльскі раён



Адказвае натарыус Мінскай абласной натарыяльнай акругі Кацярына КАРНІЦКАЯ:

— Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь вызначае завяшчанне як волевыяўленне грамадзяніна па распараджэнні маёмасцю, якая яму належыць, на выпадак смерці. Законам вызначана права грамадзяніна адпісаць усю сваю маёмасць або частку яе адной або некалькім асобам, якія ўваходзяць ці не ўваходзяць у кола спадчыннікаў паводле закона, а таксама Рэспубліцы Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам. Завяшчальнік таксама мае права без тлумачэння прычын пазбавіць спадчыны аднаго, некалькіх або ўсіх спадчыннікаў паводле закона.

Разам з тым законам устаноўлена кола асоб, правы якіх пры афармленні спадчыны па завяшчанні абаронены асаблівым чынам. Гэта асобы, якія маюць права на абавязковую долю ў спадчыне.

Пад абавязковай доляй разумеецца частка спадчыннай маёмасці, якая пераходзіць да пэўных спадчыннікаў незалежна ад зместу завяшчання. Гэта частка спадчыны, якую вызначаныя законам спадчыннікі атрымаюць, нават калі спадчынадавец не згадае іх у сваім завяшчанні.

Спіс такіх асоб з’яўляецца вычарпальным і вызначаны артыкулам 1064 Грамадзянскага кодэкса. Імі з’яўляюцца:

  • непаўналетнія або непрацаздольныя дзеці спадчынадаўцы;

  • непрацаздольны сужэнец спадчынадаўцы;

  • непрацаздольныя бацькі спадчынадаўцы.

Указаныя асобы ўспадкоўваюць незалежна ад зместу завяшчання не менш за палавіну долі, якая належала б кожнаму з іх пры ўспадкаванні паводле закона.

Права на абавязковую долю ўзнікае ў названых асоб толькі пры наяўнасці абумоўленых законам умоў: непаўналетнія дзеці — дзеці, якія не дасягнулі на момант адкрыцця спадчыны (дзень смерці завяшчальніка) узросту 18 гадоў; непрацаздольныя дзеці, сужэнец, бацькі — асобы, якія дасягнулі ўстаноўленага законам пенсіённага ўзросту на момант адкрыцця спадчыны або якія з’яўляюцца на дзень смерці завяшчальніка інвалідамі І, ІІ, ІІІ групы.

Такім чынам, у дадзенай сітуацыі непаўналетняя дачка спадчынадаўцы мае права атрымаць абавязковую долю ў спадчыне, якая складзе адну чацвёртую долі ў спадчыннай маёмасці.

Што можна завяшчаць?

У адносінах да якой маёмасці можа быць складзена завяшчанне, і якія дакументы спатрэбяцца натарыусу для яго засведчання?

Яўгенія, г. Брэст

Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Анастасія СУША:

— Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжаны прынцып свабоды завяшчання, у адпаведнасці з якім спадчынадавец мае права здзейсніць завяшчанне, якое змяшчае распараджэнне аб любой маёмасці, у тым ліку аб маёмасці, уласнікам якой ён можа стаць на дзень адкрыцця спадчыны.

Часцей за ўсё прадметам завяшчання з’яўляюцца рэчы, аднак гэта можа быць таксама іншая маёмасць, у тым ліку маёмасныя правы і абавязкі. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што асобныя віды маёмасці і правоў не могуць пераходзіць у спадчыну, напрыклад, правы членства (удзелу) у камерцыйных і іншых арганізацыях, якія з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, калі іншае не ўстаноўлена законам або ўстаноўчымі дакументамі. А таксама правы на кампенсацыю шкоды, прычыненай жыццю або здароўю, правы і абавязкі па аліментных абавязацельствах, правы на пенсіі, дапамогу і іншыя выплаты на аснове заканадаўства аб працы і сацыяльным забеспячэнні, асабістыя немаёмасныя правы, не звязаныя з маёмаснымі.

Грамадзянін мае права скласці завяшчанне ў адносінах да маёмасці, якую ён можа набыць у будучым.

Пры ажыццяўленні завяшчання ад завяшчальніка не патрабуецца прадастаўлення дакументаў, якія пацвярджаюць права ўласнасці на маёмасць. Разам з тым завешчаная маёмасць можа з’яўляцца прадметам атрымання ў спадчыну толькі ў тым выпадку, калі да моманту адкрыцця спадчыны яна належыць спадчынадаўцу.

Віктар ЛЮБІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю