З пачаткам школьных канікулаў праваахоўнікі фіксуюць рост здарэнняў з удзелам непаўналетніх на дарогах, каля вадаёмаў, на гульнявых пляцоўках і ў дварах. Яшчэ адна вялікая небяспека для маленькіх дзяцей — адкрытыя вокны ў дамах і кватэрах. Бацькам, асабліва ў летні час, трэба не толькі ведаць, дзе і што робяць іх дзеці, але і пастаянна нагадваць ім правілы бяспечных паводзін.
Негатыўная тэндэнцыя
Начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Вікторыя ФІНЕВІЧ адзначыла, што ў Беларусі па-ранейшаму захоўваецца негатыўная тэндэнцыя росту колькасці дзяцей, якія загінулі ад знешніх прычын. За першае паўгоддзе ўжо загінула 61 дзіця (за аналагічны перыяд мінулага года — 57 дзяцей). Асноўнымі прычынамі гібелі з’яўляюцца дарожна-транспартныя здарэнні, утапленні, суіцыды, падзенні з вышыні, пажары. Найбольш такіх выпадкаў у Брэсцкай, Гродзенскай і Віцебскай абласцях. У першую чаргу гібель дзяцей абумоўлена адсутнасцю бацькоўскага кантролю, невыкананнем правілаў бяспекі, дзіцячай неасцярожнасцю і бестурботнасцю. Трагічны выпадак здарыўся ў красавіку ў вёсцы Страдзеч Брэсцкага раёна: непаўналетні 2008 года нараджэння падарваўся на мінамётнай міне, якую знайшоў раней і захоўваў, таксама пацярпелі яго брат і дзядуля.
Штогод улетку фіксуюцца няшчасныя выпадкі, звязаныя з падзеннем дзяцей з вокнаў. У чэрвені ў Віцебску ў кватэры знаходзілася пяцёра дарослых і трое дзяцей. У нейкі момант малыя засталіся ў пакоі адны. Яны змаглі адкрыць акно, двухгадовы хлопчык выпаў і загінуў. Бацькам трэба памятаць, што нават хвілінная страта кантролю за дзіцем з іх боку можа прывесці да страшнай трагедыі.
У спякотныя і сонечныя дні асабліва востра стаіць праблема бяспекі дзяцей на вадзе.
— Важна памятаць, што вадаёмы, асабліва месцы, забароненыя для купання, уяўляюць сур’ёзную пагрозу для жыцця і здароўя дзяцей. Небяспечнымі могуць быць: глыбіня, цячэнне, тэмпература вады, крыніцы, забруджванне, а таксама дно і бераг. Тонуць нават тыя, хто ўмее плаваць, часам у прысутнасці дарослых, — нагадала Вікторыя Фіневіч
Пры гэтым не заўсёды ўмовай утаплення дзяцей становіцца купанне ў вадаёмах. У асобных выпадках прычына гібелі — пакіданне без нагляду ў ваннай, як гэта адбылося ў Ганцавічах, дзе маці пакінула гадавалую дачку ў ваннай, а сама пайшла ў пакой да старэйшага дзіцяці і на некаторы час заснула. А калі прачнулася, знайшла дачку без прыкмет жыцця.
Халатнае стаўленне службовых асоб да выканання сваіх абавязкаў па забеспячэнні бяспекі ўмоў эксплуатацыі аб’екта таксама ў асобных выпадках становіцца прычынай гібелі дзяцей. Непаўналетні 2008 года нараджэння ў студзені бесперашкодна пракраўся на тэрыторыю пустога будынка, размешчанага ў Мінску. У выніку кантакту з электраправодкай трансфарматарнай скрыні ён атрымаў смяротны ўдар токам. Доступ да будынка, які не эксплуатаваўся абмежаваны не быў, трансфарматарную скрыню не абясточылі. Суд Фрунзенскага раёна Мінска ў маі прыгаварыў дзве службовыя асобы прадпрыемства за службовую халатнасць, якая прывяла да смерці дзіцяці, да чатырох гадоў абмежавання волі з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых функцый, тэрмінам на пяць гадоў.
Не меншую небяспеку для непаўналетніх уяўляе невыкананне правіл бяспекі, адсутнасць бацькоўскага кантролю пры катанні на веласіпедах, самакатах, гіраскутэрах.
— Я заклікаю ўсіх дарослых: будзьце ўважлівымі да дзяцей, станьце асабістым прыкладам, апорай. Іх жыццё неацэннае. У нашых сілах зберагчы яго. Не заставайцеся абыякавымі да лёсу не толькі сваіх дзяцей, але і тых, што знаходзяцца побач з вамі, — заклікала прадстаўнік Генпракуратуры.
Непаўналетнія за рулём
За мінулыя шэсць месяцаў на тэрыторыі Беларусі адбылося 200 ДТЗ, у якіх пацярпелі 225 дзяцей (сярод іх 208 параненых і 17 загінулых). Пад асаблівую ўвагу супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі трапляюць непаўналетнія за рулём. За паўгода ў ДТЗ пацярпелі 19 падлеткаў-вадзіцеляў, з якіх 17 параненых і 2 загінулых. З 19 пацярпелых у аварыях 14 кіравалі мотатранспартам. Пры гэтым дзевяць непаўналетніх з агульнай колькасці пацярпелых не мелі права кіравання.
- — Падлеткі ад 14 да 18 гадоў лічаць, што яны ўжо дарослыя і могуць карыстацца бацькоўскім транспартам. Бацькі ж самі часам не валодаюць інфармацыяй, дзе знаходзяцца іх дзеці, асабліва ў летні канікулярны перыяд, — адзначыла начальнік аддзялення арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху ўпраўлення дарожна-патрульнай службы і прафілактыкі галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Вераніка РАМАНЬКОВА. — Яны павінны тлумачыць дзецям, што да 16 гадоў кіраваць тэхнікай — скутэрам, мапедам, легкавым аўтамабілем — без пасведчання кіроўцы адпаведнай катэгорыі забаронена.
Адказнасць дарослых
Амаль усе выпадкі ўтаплення адбываюцца ў неабсталяваных для купання месцах. Сёлета ад утаплення загінулі 136 чалавек, з іх 10 дзяцей (у мінулым годзе — 15).
— 99 % выпадкаў патаплення і дарослых, і дзяцей адбываецца ў неабсталяваных для купання месцах. Што такое абсталяванае для купання месца? Гэта тое, што было абследавана спецыялістамі, дзе своечасова будзе аказвацца неабходная дапамога. У гэтым годзе купанне дазволена ў 494 месцах, — патлумачыў начальнік Цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Максім КЛАЧКО.
Прадстаўнік МНС таксама адзначыў, што з пачатку года пры пажарах загінулі 324 чалавекі, сярод іх чацвёра дзяцей (за аналагічны перыяд мінулага года загінулі 283 чалавекі, у тым ліку 6 дзяцей). Менавіта дарослыя павінны стаць прыкладам правільных, бяспечных паводзін для непаўналетніх.
— Дзеці не шукаюць небяспекі, яны проста гуляюць. А трапляючы ў небяспечную сітуацыю, яны не могуць бяспечна з яе выйсці з-за недахопу жыццёвага вопыту. Я б сказаў, што за ўсе выпадкі дзіцячай гібелі, траўматызму — перш за ўсё адказваюць дарослыя. Менавіта старэйшыя могуць недаглядзець за непаўналетнімі, недавучыць іх або стаць прычынай таго, што яны акажуцца ў ліку пацярпеўшых, — рэзюмаваў Максім Клачко.