У нашай краіне вядзецца работа па стварэнні духоўных цэнтраў, якія стануць новымі пунктамі прыцягнення для вернікаў. З такой прапановай у лютым на сустрэчы з прадстаўнікамі вядучых канфесій выступіў Прэзідэнт.
Беларуская Праваслаўная Царква для развіцця духоўных цэнтраў вызначыла Свята-Успенскі Жыровіцкі мітрапаліцкі манастыр і Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы мітрапаліцкі манастыр. Гістарычна гэтыя духоўныя комплексы з’яўляюцца тымі месцамі, якія прыцягваюць як вернікаў Беларусі, так і шматлікіх гасцей з усяго свету.
— Манастыры заўсёды выконвалі функцыю духоўных цэнтраў. Пра гэта сведчыць гісторыя. Тут можна згадаць імя Ефрасінні Полацкай, якая зрабіла значны ўнёсак у справу асветы духоўнай культуры, — заўважае айцец Аляксандр Пальчэўскі, які выконвае абавязкі старшыні Сінаідальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ. — Тое, што кіраўнік дзяржавы звярнуўся з ініцыятывай аб стварэнні духоўных цэнтраў, гаворыць аб тым, што ён адзначае ролю традыцыйных канфесій у фарміраванні духоўных каштоўнасцяў нашага народа. Сёння Царква актыўна ўзаемадзейнічае з дзяржаўнымі структурамі па розных кірунках, сярод якіх — адукацыя, культура, турызм, сацыяльная работа. Стварэнне духоўных цэнтраў надасць новы імпульс гэтай рабоце.
— Калі гасцей у Жыровічах і Полацку стане больш, ці змогуць манастыры іх прыняць?
— Тэрыторыя манастыроў за апошнія гады моцна змянілася.
Я быў студэнтам Мінскай духоўнай семінарыі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Жыровіцкага манастыра, і памятаю, у якім стане знаходзіліся вучэбны корпус і галоўны храм манастыра — Успенскі сабор.
А якое цяпер хараство! І яшчэ шмат плануецца зрабіць. Так, запланавана будаўніцтва званіцы, якая павінна стаць адной з самых высокіх у Беларусі. Гэта будзе яшчэ адно ўпрыгожанне Жыровіцкага манастыра. Уражвае і Полацкі манастыр. На тэрыторыі абодвух комплексаў створана добрая інфраструктура. Заўсёды ёсць магчымасць прыняць групы на пэўны перыяд. Паломнікі могуць спыніцца ў гасцініцах, якія знаходзяцца на тэрыторыі манастыра, і далучыцца да жыцця духоўнага прыстанку, даведацца пра праекты, якія там здзяйсняюцца.
— Прэзідэнт не раз наведваў Жыровічы. Такая ўвага з боку кіраўніка дзяржавы садзейнічае адраджэнню і развіццю святыні?
— Кіраўнік дзяржавы прымае значны ўдзел у падтрымцы духоўных цэнтраў. Фінансаванне, якое здзяйснялася і працягвае здзяйсняцца ў рамках дзяржаўных праграм, дазваляе не проста захоўваць цудоўныя старажытныя храмы, людзі бачаць гэту прыгажосць. Але я б перш за ўсё звярнуў увагу на духоўны складнік. Чалавек, які наведвае такія мясціны, вязе з сабой не столькі знешнія ўражанні пра тое, наколькі там дагледжаныя месцы. Ён атрымлівае духоўны вопыт.
— Атрымліваецца, што такія каштоўнасці, як вера, духоўнасць, вельмі важна падтрымліваць і на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі?
— Вядома. Царква і дзяржава не могуць развівацца і існаваць асобна. Гэта натуральна і гарманічна, калі Царква і дзяржава, вырашаючы свае задачы, разам з тым дабіваюцца агульных мэт на карысць нашага народа. Калі кіраўнік дзяржавы і кіраўнікі розных ведамстваў удзяляюць увагу Царкве і праектам, якія рэалізуюцца ў тым ліку разам з дзяржавай, гэта служыць прыкладам для вернікаў, садзейнічае таму, каб больш людзей станавілася бліжэй да нашай духоўнай традыцыі, каранёў.
— За апошняе дзесяцігоддзе моцна змяніліся манастыры. Гэта паўплывала на тое, што больш людзей стала сюды прыязджаць?
— Сапраўды, усё больш людзей звяртаюць увагу на гэтыя прыгожыя помнікі. Важна, што не толькі прыхаджане наведваюць такія месцы. Прыязджаюць студэнты, навучэнцы, работнікі розных прадпрыемстваў. Вядомыя выпадкі, калі пасля знаёмства з духоўнымі здабыткамі ў якасці турыстаў у такіх месцах людзі адкрывалі для сябе свет веры.
— Галоўныя духоўныя цэнтры могуць дазволіць больш даведацца ў тым ліку пра іншыя храмы, святыні, якія ёсць у Беларусі?
— Людзі, якія ўпершыню адкрываюць для сябе значныя святыні, могуць задавацца пытаннямі, ці ёсць нешта падобнае побач з тымі мясцінамі, дзе яны жывуць. На тэрыторыі Беларусі багата храмаў і манастыроў, якія таксама з’яўляюцца вялікімі цэнтрамі праваслаўя і духоўнымі маякамі.
— Чым павінны стаць нашы духоўныя цэнтры?
— У апошнія гады колькасць праектаў, і адукацыйных, і асветніцкіх, якія рэалізуе Праваслаўная царква пастаянна расце. Стварэнне духоўных цэнтраў дазволіць зрабіць іх больш маштабнымі. Хацелася б, каб больш людзей мела магчымасць далучыцца да гэтых праектаў, каб беларусы ведалі і разумелі сваю гісторыю, традыцыі, культуру. Галоўнае, каб духоўныя цэнтры ўспрымаліся як наш духоўны дом, каб кожны чалавек лічыў такое месца сваім, дзе яго заўсёды гатовы будуць прыняць, дзе яму будуць рады.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ