Праваслаўныя вернікі 21 верасня святкуюць Раство Прасвятой Багародзіцы — адно з дванадзясятых непераходных свят, устаноўленае ў гонар нараджэння Прачыстай Дзевы Марыі. Менавіта з гэтага дня вядзе свой адлік гадавое кола царкоўных свят.
Бацькі Багародзіцы — праведныя Іаакім і Ганна, якія жылі ў галілейскім горадзе Назарэце, доўгі час былі бяздзетныя. Дасягнуўшы старэчых гадоў, Іаакім і Ганна не страчвалі надзеі на міласць Божую, цвёрда верачы, што Богу ўсё магчыма.
У адно са свят старац Іаакім прынёс у Іерусалімскі храм сваю ахвяру ў дар Богу, але першасвяшчэннік не прыняў яе, назваўшы Іаакіма недастойным з-за яго бясплоднасці, якое лічылася ў яўрэйскім народзе пакараннем Божым за грахі. Іаакім у глыбокім горы пайшоў у пустыню і там са слязамі маліўся Госпаду аб дараванні дзіцяці. Ганна, даведаўшыся, што адбылося ў Іерусалімскім храме, горка плакала, але не наракала на Госпада, а малілася, прызываючы на сваю сям’ю міласэрнасць Божую. У час гэтай малітвы з’явіўся да яе анёл і сказаў: «Малітва твая пачута, Гасподзь пашле табе дачку, якую назавеш Марыяй». Адначасова з’явіўся анёл да Іаакіма і абвясціў тую ж радасную вестку.
За цярпенне, веру і любоў да Бога і адзін да аднаго Гасподзь даў Іаакіму і Ганне вялікую радасць — у іх нарадзілася дачка. Нараджэнне Марыі прынесла радасць не толькі яе бацькам, але і ўсім людзям, таму што ёй было прызначана стаць маці Сына Божага, Збавіцеля свету. Калі дзяўчынцы споўнілася тры гады, бацькі аддалі дачку на выхаванне ў храм Божы.
У дзень святкавання Раства Прасвятой Багародзіцы ў храмах праходзіць урачыстае богаслужэнне, якому папярэднічае ўсяночная.
Традыцыйным абрадавым дзействам у гэта свята лічылася выпяканне асаблівага хлеба, на якім маляваліся літары Р і Б, якія сімвалізуюць назву свята — Раство Багародзіцы. Гэтыя булачкі раздавалі ўсім сваякам і сябрам, таксама імі частавалі хворых. Людзі верылі, што, з’ядаючы хлеб і запіваючы яго святой вадой, яны выганяюць хваробы