Праваслаўныя вернікі сёння адзначаюць адно з вялікіх двунадзясятых свят — Успенне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Дзевы Марыі, паведамляе БелТА.
Свята Успення Божай Маці з’яўлялася паўсюдным ужо ў IV стагоддзі. Усеагульнае святкаванне яго 28 жніўня ўстаноўлена пры імператары Маўрыкіі ў VI стагоддзі. Святу папярэднічае двухтыднёвы пост, які называецца Успенскім і па сваёй строгасці набліжаецца да Вялікага посту.
Паводле царкоўнага падання, пасля Узнясення на неба Ісуса Хрыста Прасвятая Дзева, застаючыся пад апекай Святога Іаана Багаслова, знаходзілася ў посце і малітве і ў жаданні ўбачыць Сына. Прасвятая Маці Божая стала для ўсіх вучняў Хрыстовых агульнай маці. Яны разам з ёй маліліся і слухалі яе павучальныя гутаркі пра Збавіцеля. Калі хрысціянская вера распаўсюдзілася, многія хрысціяне прыходзілі з далёкіх краін убачыць і паслухаць Маці Божую.
За тры дні да Успення да Прасвятой Багародзіцы з’явіўся архангел Гаўрыіл, паведаміўшы аб маючай адбыцца падзеі. Па просьбе Дзевы Марыі цела яе было пахавана ў Гефсіманіі паблізу Іерусаліма, паміж трунамі яе бацькоў і Іосіфа Абручніка. Ад дотыку да смяротнай пасцелі Божай Маці сляпыя станавіліся відушчымі, дэманы выганяліся і ўсякая хвароба вылечвалася. На трэці ж дзень, калі апостал Фама, які не паспеў на пахаванне, прыйшоў да труны і папрасіў яе адкрыць, каб развітацца з Багародзіцай, аказалася, што цела святой Марыі ўжо не было ў грабніцы. Тут ляжалі толькі яе адзенні, ад якіх зыходзіла дзіўная духмянасць.
Праваслаўная царква верыць, што Маці Божая ўваскрэсла на трэці дзень пасля свайго Успення — падобна да таго, як некалі ўваскрос і яе Сын, і ўзнеслася цялесна на неба — падобна да таго ж, як на саракавы дзень пасля ўваскрэсення ўзнёсся на Елеонскай гары Ісус. У гэтым паданні — хрысціянская ісціна аб будучым усеагульным Уваскрэсенні людзей у дзень другога прышэсця Гасподняга.
На свята Успення Прасвятой Багародзіцы праваслаўныя святары здзяйсняюць службу ў блакітным адзенні. Святочнае богаслужэнне пачынаецца напярэдадні і праходзіць у выглядзе ўрачыстага усяночнага няспання з літыяй. На наступную раніцу — у самы дзень Успення — служыцца Боская Літургія. Царква ўслаўляе Маці Божую, якая прыняла пад сваё заступніцтва ўвесь род чалавечы і хадайнічае за яго перад Богам. На трэці дзень здзяйсняецца чын пахавання плашчаніцы. Гэтая плашчаніца падобная да той плашчаніцы Хрыста, якую можна бачыць у праваслаўных храмах на Страсным тыдні, аднак яна адлюстроўвае ўжо не Госпада, а Маці Божую, якая ляжыць у труне.
Раней існавала народная традыцыя: у дзень Успення ў храм прыносілі насенне і каласы для блаславення і асвячэння, а на полі пакідалі трохі няўбраных каласоў. Такім чынам людзі спадзяваліся вярнуць зямлі сілу, патрачаную ёю на вырошчванне ўраджаю.