Для хрысціян свята напоўнена радасцю і дабром: яны вераць, што згода Дзевы Марыі выканаць волю Госпада і стаць маці Ісуса Хрыста паклала пачатак выратаванню чалавецтва.
Праваслаўныя вернікі 7 красавіка адзначаюць адно з самых вялікіх дванадзясятых свят — Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы.
Назва свята паходзіць ад словазлучэння «благая (добрая, шчаслівая, радасная) вестка», звязваецца з цудоўным зачаццем сына Божага — Ісуса Хрыста.
Згодна з Евангеллем ад Лукі, з такой шчаслівай (благой) весткай звярнуўся да Дзевы Марыі, якая жыла ў горадзе Назарэце, пасланец Бога — архангел Гаўрыіл, які паведаміў ёй, што ў вызначаны час яна народзіць збавіцеля свету і выратавальніка людзей — Ісуса. Лічыцца, што той момант, калі Марыя ўспрыняла благую вестку і згадзілася з наканаваным ёй лёсам, і з’яўляецца момантам цудоўнага зачацця.

Жанчыны бачаць у Дзеве Марыі ідэал Маці, самаадданай жанчыны з цяжкім, шматпакутным і шчаслівым лёсам і просяць дапамогі ва ўсіх справах.
Людзі здаўна ўшаноўвалі гэтае свята, лічылі цяжкім грахом займацца нават лёгкай работай, бо ўвесь свет радаваўся: сонца іграла на ўсходзе, птушкі нават гнёзды не вілі.
Благавешчанне штогод адзначаецца 7 красавіка (па новым стылі), роўна за дзевяць месяцаў да Ражства Хрыстова, якое прыпадае на 7 студзеня. З даўніх часоў свята з’яўляецца адным з найважнейшых і ўшанаваных у праваслаўі. Людзі верылі, што ў гэты дзень нават грэшнікаў не мучаць у пекле.
Паводле народных павер’яў, Благавешчанне азначае прыход вясны, калі сам Гасподзь благаслаўляе зямлю на сеянне, урадлівасць, г. зн. на дабрабыт чалавечы.
Вернікі пякуць на свята благавешчанскія просвіры — невялікія круглыя перапечкі, якія затым асвячаюцца ў царкве. Лічылася, што іх ужыванне ў ежу прынясе сям’і шчасце і дабрабыт. Раней асвячоную просвіру захоўвалі дома да першай сяўбы — для благаславення ўраджаю.
Адна з самых старых традыцый Благавешчання — выпуск птушак з клетак на волю. Людзі лавілі галубоў, сініц, вераб’ёў, а потым урачыста давалі ім паляцець. Такі звычай азначаў прыход вясны і цяпла.
Адначасова з забавай народ прыносіў бяскроўную ахвяру прыродзе. Традыцыя захавалася да нашых дзён. Палёт птушак сімвалізуе свабоду, якую Бог даў чалавеку.
Па праваслаўнай традыцыі, на Благавешчанне нельга было займацца прыборкай у доме і пачынаць новыя справы: людзі адкладалі бытавыя клопаты для сустрэчы светлага свята. Дзень праводзілі ў міры і згодзе.
Паводле павер’я, якое надвор’е на Благавешчанне, такое яно будзе і на Вялікдзень.