Ужо заўтра, 28 мая, прафсаюзнымі юрыстамі будзе аказана юрыдычная дапамога грамадзянам у абароне іх працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў. Падрабязней пра месца і час правядзення прававога прыёму можна даведацца на сайтах абласных (Мінскага гарадскога) аб’яднання прафсаюзаў.
У час выязных прававых прыёмаў грамадзян кансультуюць, напрыклад, па пытаннях аплаты працы, прадастаўлення гарантый па калектыўных дагаворах, працоўных і сацыяльных водпускаў, правамернасці дысцыплінарных спагнанняў, умоў выканання кантрактаў і інш.
Асаблівасць такіх прыёмаў — не толькі магчымасць атрымаць тлумачэнне заканадаўства, але і практычная падтрымка. Прафсаюзныя спецыялісты пры неабходнасці звязваюцца з прадстаўнікамі наймальнікаў для ўрэгулявання пытанняў.
У прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адзначылі, што такая практыка запатрабавана ў людзей, таму прынята рашэнне праводзіць выязныя прававыя прыёмы круглы год — без сезоннай паўзы. Раней у сувязі з актыўнай адпускной парой у летні перыяд рабіўся перапынак.
Так, летась на прафсаюзны прававы прыём на Віцебшчыне па кансультацыю звярнулася жыхарка рэгіёну, якую хвалявала будучыня яе дачкі. Дзяўчына была прынята на працу на час дэкрэтнага водпуску асноўнай супрацоўніцы, аднак цяпер дачка сама рыхтуецца сысці ў дэкрэт. Маці хацела даведацца, ці захаваецца за ёй працоўнае месца, калі «асноўны» работнік ужо выйдзе з водпуску па догляду за дзіцем, і ці зможа дачка вярнуцца на гэтую пасаду пасля заканчэння свайго «дэкрэта».
Прафсаюзны юрыст растлумачыла, што ў падобных выпадках, як правіла, заключаецца тэрміновы працоўны дагавор на час выканання абавязкаў часова адсутнага работніка. Згодна з працоўным заканадаўствам, такі дагавор спыняецца ў дзень, які папярэднічае выхаду супрацоўніка, які раней быў часова адсутным. Іншымі словамі, пасля завяршэння дэкрэтнага водпуску «асноўнай» работніцы наймальнік абавязаны спыніць працоўныя адносіны з часовым супрацоўнікам.
Таксама заяўніцы растлумачылі, што пасля заканчэння ўласнага водпуску па доглядзе дзіцяці яе дачка не зможа аўтаматычна вярнуцца на ранейшую пасаду. Паўторнае працаўладкаванне магчымае толькі на агульных падставах.
Далікатнае пытанне таксама цікавіла работніцу ў Камянецкім раёне. Яно датычылася рэгулявання перапынкаў для кармлення дзіцяці. У прыватнасці, іх працягласці і частаты. Прафсаюзны спецыяліст даў разгорнуты адказ. Згодна з заканадаўствам, жанчыны, якія працуюць з дзецьмі да паўтара года, маюць права на перапынкі для кармлення дзіцяці пры наступных умовах: перапынкі прадастаўляюцца кожныя 3 гадзіны. Мінімальная працягласць — 30 хвілін для аднаго дзіцяці. Калі ў жанчыны двое ці больш дзяцей ва ўзросце да паўтара года, працягласць перапынку складае не менш за 1 гадзіну. Перапынкі ўключаюцца ў працоўны час і аплачваюцца па сярэднім заробку. Юрыст таксама ўдакладніў, што жанчыны могуць гнутка распараджацца гэтымі перапынкамі, гэта значыць далучаць іх да перапынку для адпачынку і харчавання або падсумоўваць і пераносіць на пачатак ці канец працоўнага дня (змены) з адпаведным скарачэннем працоўнага часу.
Яшчэ адно пытанне на Гомельшчыне задала жанчына, якая адна выхоўвае дваіх дзяцей 10 і 14 гадоў. Наймальнік хацеў накіраваць яе ў камандзіроўку на два дні. У сувязі з чым жанчына пацікавілася, ці мае яна права адмовіцца і якія дакументы трэба прадставіць.
Прафсаюзны юрыст адказала, што работніца мае права адмовіцца ад камандзіроўкі, і наймальнік не можа прымяніць да яе ніякіх мер дысцыплінарнага спагнання за гэтую адмову, паколькі без пісьмовай згоды накіраванне ў камандзіроўку з’яўляецца незаконным.
Алена КРАВЕЦ