Праверка баявой гатоўнасці па даручэнні Прэзідэнта Беларусі працягваецца ў Ваенна-паветраных сілах і войсках супрацьпаветранай абароны. Пра гэта журналістам паведаміў дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, перадае БелТА.
«Працягваецца праверка Узброеных Сіл, іншых структур ваеннай арганізацыі дзяржавы. Нядаўна мы завяршылі праверку Міністэрства ўнутраных спраў. Літаральна на мінулым тыдні быў раптоўна правераны адзін з танкавых батальёнаў механізаванай брыгады. Дарэчы, з задачамі справіліся даволі добра. Больш дэталёвы аналіз яшчэ ідзе. Яго вынікі будуць даложаны Прэзідэнту. Сёння на чарзе — ВПС і войскі СПА», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.

Дзяржсакратар Савета Бяспекі адзначыў, што праверку праходзіць адзін з найважнейшых відаў Узброеных Сіл. «Ваенна-паветраныя сілы і войскі СПА і ў мірны час выконваюць задачы баявога дзяжурства, аховы паветраных межаў не толькі нашай краіны, але і знешняга перыметра Саюзнай дзяржавы. Таму яны павінны заўсёды быць гатовы выканаць задачы, якія раптоўна ўзнікаюць, прыкрыць крытычна важныя аб’екты», — адзначыў ён.