Top.Mail.Ru

Праверка баявой гатоўнасці ва Узброеных Сілах выходзіць на завяршальны этап

У аўторак на 227-м агульнавайсковым палігоне адбыўся асноўны этап вучэння падраздзяленняў, якія прыцягваюцца да праверкі баявой гатоўнасці Узброеных Сіл. У ходзе тактычнага эпізоду ваеннаабавязаныя вялі агонь па ўмоўным праціўніку з рознага роду зброі. Авіяцыя, артылерыя, беспілотныя лятальныя апараты, выбухі і стрэлы гармат — нягледзячы на непагадзь, на палігоне было сапраўды горача. Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да захапляльнага мерапрыемства.


Праверыць, прааналізаваць, удасканаліць

«Калі я чую выразы, што мы палохаем кагосьці сваімі праверкамі, пагражаем, гэта не выклікае нічога, акрамя пачуцця іроніі і смеху, — заявіў міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар ХРЭНІН. — На жаль, становішча вакол нашай краіны нельга назваць міралюбным. І, ацэньваючы так абстаноўку, мы абапіраемся на факты. У суседніх з намі дзяржавах колькасць мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі вырасла ў дзясяткі разоў. 

Сёння войскі НАТА знаходзяцца паблізу ад нашых дзяржаўных граніц. Мы бачым комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы інфраструктуры: дарог, партоў, узмацненне мастоў. Мы фіксуем пастаяннае вядзенне разведкі супраць нашай дзяржавы. Гэтыя факты, якія гавораць самі за сябе, паказваюць, хто насамрэч каму пагражае. І тая рыторыка, якая сёння гучыць ад заходніх палітыкаў, носіць адпаведны характар. Маскі ўжо цалкам скінуты».

Міністр абароны адзначыў, што правядзенне такіх праверак — даўняя практыка: «Тут, напэўна, не трэба быць вялікім ваенным аналітыкам. Гэта ўжо даўно адпрацаваная ў нас практыка, якую мы праводзім з году ў год. Асноўная мэта — праверыць існуючую сістэму падрыхтоўкі нашых войскаў. Мы разумеем, што такія праверкі — найбольш эфектыўная форма падрыхтоўкі войскаў, таму што мы можам не толькі праверыць ці кантраляваць узровень боегатоўнасці, але і прааналізаваць, а таксама своечасова і хутка ўнесці адпаведныя змяненні ў тыя сістэмы, якія сёння патрабуюць удакладнення».

Ці фінальная гэта кропка праверкі боегатоўнасці? Паводле слоў кіраўніка ведамства, не. Гэта ўсяго толькі завяршальны этап аднаго са злучэнняў Узброеных Сіл, якое правяраецца: «Мэта маёй работы на палігоне сёння — праверыць, як арганізавана камандна-штабное вучэнне, як апрацоўваюцца перш за ўсё пытанні кіравання, здольнасць камандзіраў кіраваць на павялічаных дыстанцыях з наяўнымі сродкамі кіравання ў нашых Узброеных Сілах. Пракантраляваць, як арганізаваны пытанні ўсебаковага забеспячэння, наколькі ўкаранёны новыя формы і спосабы прымянення розных узораў узбраення, такіх як беспілотныя лятальныя апараты, сродкі радыёэлектроннай барацьбы».

«Не трэба думаць, што вораг прыйдзе, а трэба думаць, з чым яго сустрэнем»

Журналісты сталі сведкамі завяршальнага эпізоду вядзення баявых дзеянняў адным з падраздзяленняў. Яно прайшло дагэтуль сур’ёзную падрыхтоўку, пачынаючы ад прызыву «на зборы» каля пяці тысяч ваеннаабавязаных, зняцця тэхнікі з захоўвання, аднаўлення навыкаў, здзяйснення маршаў на палігон, прычым на незнаёмую мясцовасць. Віктар Хрэнін дадаў, што пакуль рана падводзіць нейкія вынікі, таму што трэба будзе ўсё сур’ёзна прааналізаваць: «Адно магу сказаць дакладна: нашым людзям можна сказаць дзякуй. Бачым, наколькі высока яны падрыхтаваныя і наколькі праяўляюць жаданне быць датычнымі да абароны. Яны дэманструюць гэта не на словах, а на справе».

Віктар Хрэнін адзначыў, што інфармацыя пра Беларусь часта наўмысна скажаецца, каб дэзынфармаваць насельніцтва той ці іншай краіны: «Свежы таму прыклад — зусім нядаўна абвясцілі, што будзем праводзіць на тэрыторыі Беларусі з Узброенымі Сіламі Расіі вучэнне „Захад-2025“. Яшчэ ідзе работа над выпрацоўкай задумы гэтага вучэння, а яно ўжо абрасло такімі небыліцамі... Мы выдатна разумеем, з якой мэтай гэта робіцца. Мы будзем кіравацца прынцыпам: „Не трэба думаць, што вораг не прыйдзе, а трэба думаць, з чым мы яго сустрэнем“. Наша задача — рабіць сваю справу, каб нашы людзі адчувалі абароненасць, бяспеку. Калі для таго, каб на тэрыторыі нашай краіны не было баявых дзеянняў, спатрэбіцца знаходзіцца на палігонах і дзень, і ноч — мы так і будзем рабіць».

«Кожны мужчына павінен умець абараняць сваю Радзіму»

Перад пачаткам тактычных дзеянняў удалося пагутарыць з некаторымі ваеннаабавязанымі. Зараджаныя і мэтанакіраваныя, яны выдатна гатовыя да выканання задач па прызначэнні, нават нягледзячы на тое, што тэрміновая служба ў арміі засталася, здавалася б, далёка ў мінулым. «Задачы сёння ў нас стаяць простыя — адбіць накат праціўніка, — расказвае ваеннаабавязаны снайпер. — Мы прыбылі з самай раніцы, занялі раён баявых дзеянняў і ўжо гатовыя да выхаду. Мы падрыхтавалі пазіцыі, размеркаваліся па іх. Чакаем з’яўлення ўмоўнага ворага. У маёй рабоце самае галоўнае — заняць добрую пазіцыю і замаскіравацца, дачакацца праціўніка, выбраць галоўныя цэлі, адпрацаваць па іх і непрыкметна схавацца. Той факт, што снайпер на поле бою (гэта цэль нумар адзін), накладвае дадатковую адказнасць пры падрыхтоўцы».

Паводле яго слоў, на зборах няма нічога страшнага і спецыфічнага: «Мяне шмат чаму навучылі пры праходжанні тэрміновай службы, таму я гатовы з лёгкасцю выконваць любыя задачы. Дарэчы, адслужыў крыху менш за адзін год таму ў Слоніме. Падчас службы нам давялося выконваць задачы па ўмацаванні ўчасткаў дзяржаўнай граніцы. Сённяшнія ж зборы даволі насычаныя. Тут праводзяцца розныя заняткі, кожны дзень адпрацоўваем і тактыку. Я лічу, што правядзенне такіх збораў неабходна ў любым выпадку, таму што кожны мужчына павінен умець абараняць сваю Радзіму, умець карыстацца зброяй таксама неабходна».

Сваімі ўражаннямі ад збораў падзяліўся яшчэ адзін ваеннаабавязаны — старшы стралок: «Наша задача — разгортванне і абарона, па-простаму — паражэнне мішэняў. Мы павінны адпрацаваць свае агнявыя пазіцыі. Вялікая ўвага тут удзяляецца агнявой і тактычнай падрыхтоўцы. З улікам спецыфікі сучасных баявых дзеянняў нас навучаюць, як правільна страляць, перамяшчацца, эвакуіраваць параненых з поля бою. Ёсць моманты, якія змяніліся з таго часу, як я прайшоў тэрміновую службу. А служыў у 2010 годзе ў падраздзяленні сувязі. На такіх зборах упершыню. На работу прыйшла павестка, і літаральна праз некалькі дзён я адправіўся сюды. Вядома, калі ты знаходзішся ў камфортных умовах — дома, з сям’ёй, з дзецьмі — гэта адно. Але мы выдатна разумеем, што ўсе мужчыны павінны праз гэта прайсці. Час сёння неспакойны. Тут жа кожны можа паказаць, на што ён здольны, а якія моманты неабходна дапрацаваць. І, у прынцыпе, гэтыя зборы карысныя і патрэбныя для таго, каб было разуменне, ці гатовыя мы ў выпадку чаго ўстаць на абарону родных рубяжоў. На гэтых зборах выразна відаць, што ўсе нашы мужчыны гатовыя да абароны сваёй краіны».

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю