Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч у адпаведнасці з задумай Прэзідэнта ўручыў міністру ўнутраных спраў Івану Кубракову распараджэнне аб прывядзенні ў баявую гатоўнасць у адпаведнасці з прызначэннем 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС, перадае БелТА.
«У адпаведнасці з задумай, зацверджанай кіраўніком дзяржавы, мы працягваем праверку дзяржаўных органаў сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі. На мінулым тыдні міністру абароны было ўручана распараджэнне аб прывядзенні ў поўную баявую гатоўнасць 51-й артылерыйскай брыгады. І зараз Узброеныя Сілы выконваюць комплекс мерапрыемстваў па прывядзенні гэтага злучэння ў баявую гатоўнасць», — расказаў Аляксандр Вальфовіч.
Дзяржсакратар падкрэсліў, што ні для кога не было сакрэтам: кіраўнік дзяржавы паставіў задачу праверыць і іншыя структуры ваеннай арганізацыі дзяржавы. «У прыватнасці, адной з асноўных з’яўляецца Міністэрства ўнутраных спраў. Таму сёння міністру ўнутраных спраў было ўручана распараджэнне аб прывядзенні ў баявую гатоўнасць у адпаведнасці з прызначэннем 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС, якая дыслакуецца ў Віцебску», — адзначыў ён.

Так, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў атрымаў распараджэнне Прэзідэнта, вывучыў яго і паставіў задачу камандаванню ўнутраных войскаў, якое адразу пачало работу. «Ацэнім, паглядзім, як распрацаваны алгарытмы ў Міністэрстве ўнутраных спраў, ва ўнутраных войсках», — дадаў Аляксандр Вальфовіч.

Дзяржсакратар зазначыў, што на яго памяці такіх праверак структур Міністэрства ўнутраных спраў яшчэ не было. «Праверым увесь алгарытм і ўвесь ланцужок — ад пастаноўкі задач міністрам унутраных спраў да камандзіра злучэння. Таму мы паглядзім, якія алгарытмы распрацаваны ў МУС, у адрозненне ад Узброеных Сіл», — сказаў ён.

Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што ўпор будзе зроблены на пытанні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці ўнутраных войскаў МУС, у тым ліку на адмабілізаванне і даўкамплектаванне да штатаў ваеннага часу. «Паглядзім, як ва ўнутраных войсках укаранёны вопыт спецыяльнай ваеннай аперацыі і іншых сучасных канфліктаў. Задачы для ўнутраных войскаў спецыфічныя: гэта найперш забеспячэнне грамадскага парадку на тэрыторыі нашай краіны ва ўмовах дэстабілізацыі абстаноўкі. Для таго, каб умовы былі максімальна набліжаны да баявых, да праверкі будуць прыцягнуты войскі абазначэння. Убачым, як камандзір брыгады, выконваючы задачы, паралельна будзе рэагаваць на змены абстаноўкі. Таму ацэнім, паглядзім і зробім адпаведныя вывады, аб чым будзе даложана кіраўніку дзяржавы», — падсумаваў ён.