Асноўныя правілы выплат бальнічных для тых, хто працуе па працоўных дагаворах, нагадалі БелТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Памер бальнічных залежыць ад сярэднядзённага заробку, працягласці выплаты ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) і колькасці каляндарных дзён бальнічнага. Таксама ўлічваюцца падстава непрацаздольнасці і права на льготы.
Пры стажы выплаты ўзносаў 10 гадоў і больш выплачваюць 100% сярэднядзённага заробку з першага дня хваробы, пры стажы менш за 10 гадоў — 80% за ўвесь перыяд хваробы. Але ёсць і шэраг выключэнняў, напрыклад, бальнічны па доглядзе за хворым дзіцем да 14 гадоў, дапамога па цяжарнасці і родах аплачваюцца ў памеры 100% незалежна ад перыяду выплаты ўзносаў. Для асобных ільготных катэгорый таксама прадугледжана аплата 100%. Пры разліку ўлічваецца агульны працоўны або стаж з выплатай узносаў у ФСАН. Сумуюцца перыяды ў розных наймальнікаў. З 2026 года ўлічваюцца таксама перыяды ваеннай і іншай прадугледжанай заканадаўствам службы, адлюстраваныя ў сістэме персаніфікаванага ўліку.
Пры разліку заробак бяруць за 18 каляндарных месяцаў, якія папярэднічаюць кварталу, у якім пачаўся бальнічны. Напрыклад, калі работнік захварэў у кастрычніку 2026 года, то разліковы перыяд — з 1 красавіка 2025 года па 30 верасня 2026-га. Улічваюцца выплаты ва ўсіх наймальнікаў за гэты перыяд, уключаючы ранейшых і працу па сумяшчальніцтве. Прэміі ўваходзяць у разлік, калі на іх налічваюцца ўзносы на сацыяльнае страхаванне.
Мінімальны памер бальнічных разлічваюць зыходзячы з мінімальнай заработнай платы за месяц перад месяцам пачатку бальнічнага. Права на такі разлік вызначаецца ў залежнасці ад стаўкі, на якую прыняты работнік. Таму аднолькавай мінімальнай сумы для ўсіх няма. Максімум за поўны каляндарны месяц — тры сярэднія заробкі па краіне за месяц, які папярэднічае пачатку бальнічнага. За частку месяца максімальны і мінімальны памер вызначаюць прапарцыянальна каляндарным дням непрацаздольнасці. Дапамога прызначаецца за каляндарныя дні, засведчаныя лістком непрацаздольнасці, уключаючы выхадныя і святочныя дні.
Тэрмін выплаты лічаць з дня прадастаўлення бальнічнага наймальніку, а не аўтаматычна з дня закрыцця бальнічнага. Звычайна дапамогу прызначаюць на працягу 10 дзён. Калі патрэбныя дадатковыя дакументы або звесткі — на працягу месяца. Грошы выплачваюць ва ўстаноўленыя ў наймальніка дні выплаты зарплаты.