Top.Mail.Ru

Правялі адзін дзень з ваеннымі лётчыкамі

У трэцюю нядзелю жніўня ў Беларусі адзначаюць Дзень Ваенна-паветраных сіл. Свята тых, для каго неба стала прафесіяй. Карэспандэнты «Звязды» адправіліся на 50-ю змешаную ордэна Чырвонай Зоркі авіяцыйную базу ў Мачулішчах, каб пагутарыць з тымі, хто штодня падымае ў неба баявыя машыны.


Напярэдадні свята на аэрадроме — звычайны дзень. Сёння тут нясуць дзяжурства тры члены экіпажа верталёта Мі-8МТВ-5: камандзір верталёта Уладзімір, лётчык-штурман Марк і бартавы тэхнік. Двое з іх — Уладзімір і Марк — пагадзіліся расказаць пра сябе і сваю службу.

Калі вырастаюць крылы

Камандзір верталёта Уладзімір прызнаецца, што яго з дзяцінства цягнула да арміі:

— Яшчэ ў школе мяне цікавіла ваенная тэматыка. Потым паступіў у сувораўскае вучылішча. Калі скончыў яго, трэба было вырашаць, куды ісці далей. Выбар паў на Ваенную акадэмію, на авіяцыйны факультэт. А на які менавіта тып авіяцыі патрапіш — вырашылася ўжо падчас вучобы. Спачатку падзялілі на самалёты і верталёты, потым на выпускным курсе — па тыпах. Мне дастаўся Мі-8.


І вось ужо шэсць гадоў Уладзімір абдымае неба моцнымі рукамі, як пяецца ў вядомай песне.

— Справа наша цікавая, разнастайная. У кожным палёце — нешта новае. І заўсёды ёсць куды расці, — кажа Уладзімір.

Лётчык-штурман Марк трапіў у авіяцыю дзякуючы свайму дзядзьку. Хлопец нарадзіўся ў Светлагорску Гомельскай вобласці. Пасля дзявятага класа паступіў у каледж, каб стаць электрыкам. 

І нішто не прадказвала, што ён калісьці будзе звязаны з небам, хаця заўсёды марыў пра яго.

— Аднак склаліся такія сямейныя абставіны, і мяне ўзяў пад сваё крыло мой дзядзька. Ён ветэран Ваенна-касмічных сіл Расійскай Федэрацыі, заслужаны штурман, цяпер у адстаўцы. Калі я скончыў каледж, ён спытаў: «А што далей?» Я адказаў, што буду працаваць па спецыяльнасці, адслужу ў арміі. А дзядзька прапанаваў: «Давай паспрабуем паступіць у Ваенную акадэмію на лётчыка...»

Паспрабавалі. Марк прайшоў ваенна-лётную камісію, здаў цэнтралізаванае тэсціраванне і стаў курсантам Ваеннай акадэміі ў Мінску. Зараз яму 25 гадоў, і два з іх ён ужо штурман. 
І ніколькі не шкадуе, што прыслухаўся да парады дзядзькі.

Адна каманда

Экіпаж Мі-8МТВ-5 складаецца з трох чалавек. У кожнага — свае задачы.

— У камандзіра — кіраванне, прыняцце рашэнняў, агульная адказнасць за экіпаж і машыну. Лётчык-штурман вядзе навігацыю, выконвае разлікі, кантралюе маршрут. Бартавы тэхнік адказвае за тэхнічны стан верталёта, кантроль сілавых установак, усёй вінтаматорнай групы, — тлумачыць Уладзімір.


Перад кожным палётам верталёт праходзіць старанную праверку. Адну з яе стадый называюць газоўкай.

— Газоўка — гэта праверка працы рухавікоў на зямлі. Уключаем, слухаем, глядзім па прыборах, ці ўсё працуе карэктна. Калі выяўляем нейкія недахопы — ліквідуем да вылету. Гэта пытанне бяспекі, — тлумачыць Марк.

— У небе няма права на памылку, — дадае Уладзімір.

Адчуванне палёту

На пытанне, што самае прыемнае ў яго прафесіі, Марк адказвае без ваганняў:

— Адчуванне палёту. Калі ўзлятаеш — адчуваеш сябе сапраўды жывым. Калі доўга не лятаеш — пачынаеш сумаваць.

Уладзімір расказвае пра тыповы тыдзень лётнага складу. У панядзелак — планаванне. Камандзір часці ставіць задачу на тыдзень. Нарада, планавыя табліцы, размеркаванне задач. Калі камусьці з лётчыкаў падыходзіць чарговая праверка — яе неабходна «слятаць». Без гэтага да наступных палётаў не дапусцяць.

— У нас ёсць праверкі па розных відах: адмова рухавіка, навігацыя, элементы пілатавання. Кожная такая праверка — раз у паўгода. Каб заўсёды быць у гатоўнасці.

Цяпер Уладзімір — дасведчаны камандзір. Але, як ён прызнаецца, у любой прафесіі ёсць выклікі:

— Тэхніка складаная. Не заўсёды ўсё атрымліваецца з першага разу. Таму галоўнае ў характары — упартасць. 


І стрыжань. Трываласць.

— Што параіце тым, хто марыць стаць лётчыкам?

— Быць здаровым, шмат займацца спортам, вучыць матэматыку і фізіку. Яны — аснова. А яшчэ — мець жаданне. Без яго нічога не атрымаецца. Усе лётчыкі — рамантыкі. Авіяцыя — гэта не проста служба. Гэта стан душы. Аднойчы палятаўшы, ад гэтага ўжо не адысці.

А на пытанне пра традыцыі святкавання Дня ВПС Уладзімір адказвае проста:

— 16 жніўня будзе ўрачыстае пастраенне. Канцэрт — па плане.


А Марк дадае:

— Галоўнае — гэта свята для ўсіх, хто звязаў сябе з небам. Для нас гэта не проста дзень у календары.

Дзень Ваенна-паветраных сіл — свята тых, хто абраў неба. Хто вучыцца лятаць, каб абараняць. І хто ведае: пакуль у небе ёсць тыя, хто гатовы ўзняцца ў любую хвіліну, — неба будзе мірным.

Надзея ЗУЕВА
Фота Вларыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю