Top.Mail.Ru

Прайшло пятае пасяджэнне Сумеснай Беларуска-Суданскай камісіі па супрацоўніцтве

Пятае пасяджэнне Сумеснай Беларуска-Суданскай камісіі па супрацоўніцтве адбылося ў сталіцы. Бакі абмеркавалі шэраг пытанняў, якія датычацца ўзаемадзеяння ў прамысловай, нафтагазавай, сельска-гаспадарчай і іншых сферах. Па выніках перагавораў падпісаны шэраг дакументаў, накіраваных на паглыбленне партнёрства.


— Беларусь надае вялікае значэнне развіццю двухбаковага супрацоўніцтва з Рэспублікай Судан. Узаемадзеянне паміж нашымі грамадзянамі мае значны патэнцыял. Гэта шматразова адзначалася ў ходзе перагавораў на вышэйшым і высокім узроўнях у папярэднія гады. Мы спадзяёмся на аднаўленне ранейшай высокай дынамікі беларуска-суданскіх адносін і супрацоўніцтва па ўсіх кірунках, — сказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Егіпце Яўген САБАЛЕЎСКІ.

Ён падкрэсліў, што гэты візіт — добрая магчымасць ажыццявіць інвентарызацыю найбольш перспектыўных кірункаў двухбаковага ўзаемадзеяння.

— Мы ведаем аб зацікаўленасці суданскага боку ў шырокай лінейцы харчовай, фармацэўтычнай, тэкстыльнай прадукцыі, а таксама ў сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай і муніцыпальнай тэхніцы. Беларусь гатова прапанаваць гэтыя тавары пры паступленні канкрэтных запытаў ад суданскіх партнёраў, — адзначыў Яўген Сабалеўскі.

Так, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксандр ЯКАЎЧЫЦ сказаў, што Беларусь мае значны экспартны патэнцыял і гатова нарошчваць пастаўкі на рынак Судана.

— Мы зацікаўлены ў арганізацыі паставак высакаякасных прадуктаў харчавання: сухога абястлушчанага і цэльнага малака, дзіцячага харчавання, мяса птушкі. Для прадметнай прапрацоўкі кантрактаў важна ўзгадніць умовы доступу, мытныя пошліны і магчымасці атрымання квот, — адзначыў Аляксандр Якаўчыц.

Таксама беларускі бок гатовы прапанаваць кармы для буйной рагатай жывёлы і птушкі, ветэрынарныя прэпараты і вакцыны. Яшчэ адзін перспектыўны кірунак — супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Падрыхтоўка кадраў для аграрнай галіны ажыццяўляецца ў чатырох установах вышэйшай адукацыі, падпарадкаваных Мінсельгасхарчу, па ўсім спектры запатрабаваных спецыяльнасцяў.

Значныя поспехі дасягнуты і ў галіне прамысловага супрацоўніцтва. Так, у 2025 годзе па прадукцыі прадпрыемстваў сістэмы Міністэрства прамысловасці ўдалося нарасціць тавараабарот у 2,5 раза. Беларускі бок зацікаўлены ў арганізацыі доўгатэрміновага і ўзаемавыгаднага партнёрства ў частцы паставак збожжаўборачных камбайнаў, медыцынскай тэхнікі і абсталявання. Магчымы пастаўкі электронікі, бытавой, грузавой і дарожна-будаўнічай тэхнікі. 

— Мы зацікаўлены і ў прапрацоўцы арганізацыі прамысловай кааперацыі па зборачнай вытворчасці трактароў у Судане. Разумеем стратэгічную важнасць павелічэння суданскіх кампетэнцый і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з выкарыстаннем моцных бакоў абедзвюх дзяржаў, — расказаў намеснік міністра прамысловасці Беларусі Леанід РЫЖКОЎСКІ.

У ходзе пасяджэння былі падпісаны Генеральнае пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Судан аб выдзяленні экспартных крэдытаў і Пагадненне аб намерах паміж канцэрнам «Белнафтахім» і Міністэрствам энергетыкі Рэспублікі Судан. 

Таксама былі абмеркаваны магчымасці супрацоўніцтва ў галіне паставак беларускіх тэхналогій для распрацоўкі радовішчаў нафты, газу, падрыхтоўкі суданскіх кадраў у Беларусі ў нафтагазавай, энергетычнай сферах.

— Мы разлічваем на далейшае ўзмацненне ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі. Будзе працягнута работа па ўзгадненні Дарожнай карты па рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых у рамках пятага пасяджэння Сумеснай Беларуска-Суданскай камісіі па супрацоўніцтве. Упэўнены, што пасяджэнне камісіі, як і ўвесь візіт суданскай дэлегацыі, унясе істотны ўклад у паглыбленне нашага ўзаемадзеяння па ўсіх кірунках, — рэзюмаваў першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Максім ЛЫСЕНКА.

Суданская дэлегацыя пацвердзіла зацікаўленасць у развіцці гандлёва-эканамічных адносін паміж дзвюма краінамі і паглыбленні кааперацыі ў прамысловым сектары. 

Александрына ПАРШЫНА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю