Адна з самых вядомых жывапісных карцін мастака ўпершыню экспануецца на яго радзіме
Дзе б ён ні знаходзіўся, з ім заўсёды быў вобраз Віцебска, які ён насіў у сабе, дзе сустрэў і пакахаў Бэлу, якая была яго музай. Віцебск і Бэла суправаджалі мастака, дзе б і з кім бы ён ні быў за сваё доўгае жыццё. І вось яны ў адной карціне — рамантычнай і ўзнёслай, як і пачуцці аўтара. У бліжэйшыя тры месяцы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі праходзіць выстава аднаго шэдэўра са збору Дзяржаўнага Рускага музея: на радзіме Марка Шагала яго карціна «Прагулка».

Гэта адна з работ знакамітага трыпціха. «Двайны партрэт з бакалам віна» мастак падарыў Францыі, цяпер праца ў калекцыі Цэнтра Пампіду. Дзве карціны знаходзяцца ў Расіі — «Прагулка» ў Рускім музеі Санкт-Пецярбурга, а «Над горадам» знаходзіцца ў зборы Траццякоўскай галерэі Масквы.

— У Шагала велізарная спадчына, і яна раскіданая па ўсім свеце. З таго, што ёсць у Расіі, «Прагулка», вядома, — цэнтральны твор, — адзначыла Ала Манілава, генеральны дырэктар Дзяржаўнага Рускага музея. — Падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі Шагал напісаў свой знакаміты трыпціх. У 1920 годзе «Прагулка» была перададзена на вечнае пастаяннае захоўванне Рускаму музею, што дазволіла ўжо ў 1927-м упершыню зрабіць экспазіцыю найноўшага мастацтва. Больш за тое, менавіта калекцыя Шагала, якая паступіла ў Рускі музей (у нас не толькі «Прагулка»), дазволіла сфарміраваць калекцыю рускага авангарда (гэта Філонаў, Малевіч, Кандзінскі і іншыя). Сёння гэта самы буйны, самы поўны і самы дарагі збор рускага авангарда ў свеце. А пачалося ўсё з Шагала, які нарадзіўся пад Віцебскам, выхоўваўся і першыя ўрокі па мастацтве браў тут, перш чым прыехаў у імперскую сталіцу працягваць адукацыю. У школе «Таварыства заахвочвання мастацтваў», вучыўся ў Мікалая Рэрыха. А потым браў заняткі ў прыватнай школе ў Льва Бакста. У Еўропу ён прыехаў ужо вядомым мастаком.
- Ва ўсіх успамінах, у даследаваннях мастацтвазнаўцаў заўсёды падкрэсліваецца яго неверагодная любоў да Віцебска, якая прайшла праз усю яго творчасць і нават выявілася ў яго роспісах парыжскай оперы Гарнье. У 1973 годзе па запрашэнні Міністэрства культуры СССР мастак наведаў Ленінград і Маскву. Здавалася б, як, чаму ён абышоў родны горад увагай? Магчыма, баяўся разбурыць адчуванне, якое вельмі трапятліва захоўваў столькі гадоў. Але менавіта тады ў Рускім музеі ён убачыў сваю «Прагулку»: упершыню музей арганізаваў выставу аднаго шэдэўра спецыяльна для аўтара.
Сёння своеасаблівы дыялог з ім праз час і прастору — адкрыццё выставы аднаго шэдэўра Марка Шагала — прымеркавалі да правядзення «Дзён Рускага музея» ў Беларусі. Ніколі і ні ў адной краіне, ні ў адным рэгіёне Расіі гэты музей не праводзіў такіх мерапрыемстваў у такім маштабе, прычым, па двух трэках: грамадска-адукацыйным — для больш шырокай публікі і асобны — для спецыялістаў музейнай справы Беларусі, каб яны маглі павысіць кваліфікацыю. Асабліва актуальная для нас праца рэстаўратараў, у тым ліку жывапісных твораў, а спецыялісты Рускага музея сярод лідараў у Еўропе ў гэтым майстэрстве, маюць каласальны досвед, падкрэсліў міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі і падзякаваў прадстаўнікам музея за тое, што захавалі шэдэўр для землякоў найвялікшага аўтара, які праславіў Віцебск і Беларусь ва ўсім свеце:

— «Прагулка» дэманструецца сёння ўпершыню на роднай зямлі майстра, у Беларусі. Гэта адна з самых значных падзей для нашай культуры.
Яна натхняе людзей з досведам, якія раней наведвалі выставы Марка Шагала, што ладзіліся ў Беларусі з канца ХХ стагоддзя, у тым ліку з удзелам прадстаўнікоў сям’і мастака. Яго жывапіс натхняе і нашу сучасную моладзь: асаблівай часткай выставы стала прагулка ў акулярах віртуальнай рэальнасці, якую прапанавалі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Глебава. Гэта выдатны спосаб паглыбіцца ў свет Шагала, прайсці ўслед за ім па тых жа вуліцах Віцебска.
Для Шагала родны горад заставаўся часткай яго сэрца, нагадала Ірына Мацяс, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: «Марк Шагал быў патрыётам сваёй радзімы. Калі спыталі: «Чый вы мастак?» — ён адказаў: «Віцебскі».

Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Лізаветы ГОЛАД