Ратавальнік МНС — гучыць горда! Гэта прафесія, якая патрабуе мужнасці, самаадданасці і гатоўнасці прыйсці на дапамогу людзям у самых экстрэмальных сітуацыях. Супрацоўнікі МНС Беларусі заўсёды першымі аказваюцца там, дзе здарылася бяда: на месцы пажараў, навадненняў, абвальванняў будынкаў, аварый і іншых надзвычайных сітуацый. Іх галоўная задача — ратаванне чалавечых жыццяў. Але ці лёгка даецца чалавеку такая важная служба? Адказ на гэтае пытанне карэспандэнты «Звязды» знайшлі, прымерыўшы на сябе не толькі абмундзіраванне, але і ролі сапраўдных ратавальнікаў падчас практычнага семінара «Адзін дзень з МНС».
Пагружэнне ў прафесію ратавальніка ўжо стала добрай традыцыяй. Вось ужо трэці год запар напярэдадні прафесійнага свята Дня пажарнай службы журналісты і блогеры мяняюць мікрафоны і камеры на вогнетушыцелі і ратавальную экіпіроўку. І кожны раз беларускія ратавальнікі дадаюць у праграму семінара нешта новае. Галоўная мэта такіх мерапрыемстваў — паказаць, што бяспека грамадзян залежыць не толькі ад іх асцярожнасці, пільнасці і ўважлівасці, але і ад цяжкай працы спецыялістаў, якія адказваюць за жыцці людзей.
Калі ўся краіна — як на далоні
Сёлета практычны семінар для журналістаў і блогераў прайшоў на базе эксперыментальна-выпрабавальнага палігона Навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС. Удзел у семінары ўзялі 80 чалавек. Журналісты і блогеры азнаёміліся са спецыфікай работы ратавальных падраздзяленняў і асаблівасцямі ўзаемадзеяння са СМІ ў надзвычайных сітуацыях, а таксама прайшлі выпрабаванні на інтэрактыўных пляцоўках.
Пагружэнне ў прафесію ратавальніка пачалося ярка і эфектыўна. На палігон журналісты і блогеры прыбылі на гіганцкім верталёце Мі-26 авіяцыі МНС! Гэта сапраўдная баявая машына, якая выконвае вельмі складаныя задачы як унутры краіны, так і падчас міжнародных ратавальных місій. Узлёт прайшоў крыху нервова, асабліва для тых, хто да гэтага і на самалёце нават не лётаў. А ў цэлым, калі не глядзець у ілюмінатар, палёт адчуваўся як паездка ў цягніку: дзесьці ледзь узрушвае, адчуваецца хуткасць. Адрозніць можна толькі па ўзроўні шуму. Але калі зазірнуць у акенца — уся краіна, здаецца, ляжыць у цябе на далоні. Вялікія азёры выглядаюць як лужыны, а палі — як невялікі бабулін агарод. Тут і разумееш, наколькі высока ты забраўся...

Прыляцеўшы на месца, усе мы задаваліся адным пытаннем: «Што ж чакае нас наперадзе?». Як аказалася, каб максімальна пагрузіцца ў спецыфіку прафесіі, для ўдзельнікаў семінара было арганізавана 8 інтэрактыўных пляцовак. На кожнай з іх можна было атрымаць тэарэтычныя веды па бяспецы і практычныя навыкі дзеянняў у розных надзвычайных сітуацыях.
«24/7 на службе, каб быць першымі там, дзе патрэбна дапамога»
Галоўная мэта мерапрыемства — аб’яднаць журналістаў і блогераў краіны і падрабязней паказаць ім, як дзяржава з дапамогай нашых ратавальнікаў забяспечвае бяспеку людзей, звяртаючыся да прысутных, заявіў памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях — прэс-сакратар МНС Яўген Бараноўскі: «Мы хочам, каб вы адчулі, наколькі гэта важная і складаная праца — выратаванне жыцця. Таму што менавіта вы рознымі спосабамі даносіце патрэбныя думкі да насельніцтва».

Як адзначыў Яўген Бараноўскі, інфармацыйная палітыка ратавальнага ведамства мае два важныя напрамкі, і яе шырокае асвятленне напрамую залежыць ад прадстаўнікоў медыясупольнасці: «Першае — гэта дэманстрацыя гонару за нашу краіну, за наша ведамства, за яго штодзённыя дасягненні, за працу ратавальнікаў, якія прыходзяць на дапамогу кожную секунду, 24/7 знаходзяцца на службе для таго, каб быць першымі там, дзе гэтая дапамога патрэбна. І, безумоўна, другі кампанент, які вельмі важны, — гэта фарміраванне культуры бяспекі жыццядзейнасці. І тут без дапамогі лідараў меркаванняў, без тых людзей, якія распаўсюджваюць павестку больш маштабна, мы не справімся. Таму для нас работа з журналістамі, работа з лідарамі меркаванняў — гэта прынцыповае, прыярытэтнае значэнне. Сёння тут сабраліся журналісты з усіх куткоў нашай краіны: каб гаварыць пра бяспеку, расказваць пра жыццёвыя каштоўнасці і для таго, каб зрабіць нашу краіну больш устойлівай да надзвычайных сітуацый».
Задымлены калідор, чатырохногія сябры і «пенная вечарынка»
Адной з самых цікавых і запамінальных стала пляцоўка «Дымакамера». Гэта спецыялізаваны трэніровачны комплекс, прызначаны для адпрацоўкі навыкаў ратавальнікаў па пошуку і выратаванні людзей ва ўмовах моцнага задымлення і абмежаванай бачнасці, умовах, максімальна набліжаных да рэальных надзвычайных сітуацыях. Надзеўшы дыхальныя апараты, вага якіх складае каля 15 кілаграмаў, мы пагрузіліся ў задымлены свет, дзе ратавальнікі штодня шукаюць пацярпелых. Гэта дапамагло ў поўнай меры ўсвядоміць складанасць працы ва ўмовах, непрыдатных для дыхання. Дарэчы, дыхаць, пераносячы цяжкасць, перасоўваючыся седзячы або паўзком, — тая яшчэ задача, з якой можа справіцца далёка не кожны.


Пасля паспяховага праходжання дымакамеры нашу каманду чакала выстава аварыйна-ратавальнай і спецыяльнай тэхнікі, ахоўнага адзення. На ёй размясціліся найноўшыя ўзоры тэхнікі і сродкаў індывідуальнай абароны ратавальнікаў, а таксама элементы спецыяльнай ахоўнай экіпіроўкі. Кожны мог вывучыць, памацаць і нават прымерыць прадстаўленыя ўзоры ратавальнай экіпіроўкі.
Там жа свае навыкі прадэманстравалі чатырохногія памочнікі. Цудоўныя сабакі, якія здаюцца такімі мілымі, на самай справе ў экстранных сітуацыях выконваюць вельмі важную функцыю — шукаюць людзей у лясах, завалах і на вадзе. Гледзячы на іх, разумееш, што ў МНС нават чацвераногія — вялікія прафесіяналы.
Але, вядома, больш за ўсё ўразіў каленчаты аўтапад’ёмнік, які падняў нас на вышыню да 55 метраў, што адпавядае прыкладна 18 паверхам звычайнага жылога дома, даўшы магчымасць палюбавацца выдатнымі відамі з вышыні птушынага палёту! Такая тэхніка дапамагае тушыць пажары на высокіх паверхах або ратаваць кагосьці з вышыні.
Ні адно знаёмства з работай ратавальніка-пажарнага не абыходзіцца без тушэння агню! Таму мы змаглі адчуць сябе ліквідатарамі ўзгарання, хай і ўмоўнага, на лакацыі «Ліквідацыя пажару». Тут нас чакалі падпаленыя покрыўкі. Аднак перад тым як бегчы іх ратаваць, трэба было абмундзіравацца — надзець баявую вопратку. Для пажарных устаноўлены нарматыў у 18 секунд, у нас на гэта сышло значна больш часу. Камбінезон, куртка, пальчаткі, каска — здаецца, можна прыступаць да тушэння, але галоўнае — не забыцца зачыніць забрала. Тэхніку бяспекі мы таксама не забыліся.
Усе, сабраўшыся, ідуць тушыць. Дасведчаны ратавальнік спачатку правёў інструктаж і расказаў аб відах вогнетушыцеляў. Дарэчы, яны дзеляцца па класах: А — для падпаленых цвёрдых рэчываў, B — для падпаленых вадкасцяў і іншыя. Вырвалі чэку, моцна ўзяліся за рычаг і тушым. Уражанняў — мора, але самае цікавае наперадзе.


Перад намі расклалі пажарныя рукавы са стваламі. Усяго тры віда: адзін з іх выкарыстоўваецца для падачы вады ці пены на вялікія адлегласці і вышыні, іншы — для падачы вады ці пены непасрэдна да месца узгарання. Але больш за ўсё ўсім, вядома, спадабаўся трэці від — пенны ствол. За два падыхода ўся пляцоўка была залітая велізарным пластом пены. Так што выйшла самая сапраўдная «пенная вечарынка».
Заваяванне высот і ратаванне тапельца
Пасля ліквідацыі ўзгаранняў наша каманда адправілася пакараць паверхі. Альпінісцкая пляцоўка аказалася самай уражлівай. Нас навучалі навыкам прамысловага ўздыму і спуску — таму, што выкарыстоўваюць пры эвакуацыі з вышыні або ўздыме ў будынак пры пажары. Усяго нам далі паспрабаваць два варыянты: самаратаванне і спуск з вяроўкі.
Кожны рух правераны, кожнае замацаванне — пад кантролем. Там нельга спяшацца, але і марудзіць нельга. Там няма другога шанцу — як і ў рэальнай сітуацыі. Прынцып самаратавання просты: ты чапляешся за вяроўку, становішся на край і пачынаеш «класціся» ў паветры, пакуль не зоймеш гарызантальнае становішча, а потым як быццам крочыш па сцяне. Гучыць проста, але даверыцца таму, што цябе ўтрымае вяроўка і страхоўка, не так проста. Нахіліўшыся напалову, спрабуеш вярнуцца — бо становіцца вельмі страшна. Але ўжо ўсё — цяпер толькі крочыць па сцяне ўніз
Нягледзячы на страх, эмоцыі засталіся самымі станоўчымі. Вось гэта выкід адрэналіну! Задумваешся пра тое, як жа шмат страхаў пабаролі супрацоўнікі МНС, каб аказваць дапамогу так, як гэта адбываецца сёння — хутка і аператыўна.
Пасля паспяховага заваявання вышыні мы адправіліся на бераг штучнага вадаёма. Перад нашай камандай стаяла не менш адказная задача — ратаванне і аказанне першай дапамогі тапельцу. Гучыць проста: выцягнуў з вады, праверыў пульс, зрабіў масаж сэрца... Але на справе ўсё інакш. Калі ты павінен дзейнічаць хутка, дакладна і не губляючы самавалодання — ўсплывае рэальнасць: большасць з нас проста не гатова да такой экстранай сітуацыі.

Для ратавання тапельца супрацоўнікі МНС выкарыстоўваюць розныя сродкі. Адно з іх — ратавальны канец Аляксандрава. Гэта спецыяльны паплавок на 30-метровай вяроўцы, які кідаецца ў вадаём, каб за яго ўхапіўся чалавек. Ну і, вядома, у ход ідзе ратавальны круг. Як расказалі эксперты, ён важыць ад 4 да 7 кілаграмаў. Але ўсе гэтыя метады добрыя, калі чалавек у свядомасці. Калі ж тапелец не рэагуе, то МНС можа падключыць водны транспарт. Прафесіяналізм ратавальнікі прадэманстравалі: атрымаліся самыя сапраўдныя цуды на віражах.
А яшчэ нам расказалі, чаму важна працягваць аказваць дапамогу, нават калі здаецца, што ад яе няма выніку. Па словах ратавальнікаў, у сярэднім чалавечы мозг можа працягнуць без кіслароду да 5 хвілін, у той час як сярэдняя хуткасць прыезду медыкаў — 10-15 хвілін. І ў гэты час нават самы маленькі прыток кіслароду можа выратаваць чалавеку жыццё.
Дэблакіроўка пры ДТЗ, аварыя ў самалёце і... дроны!
На пляцоўцы «Дэблакіроўка пацярпелага пры ДТЗ» мы на свае вочы ўбачылі, як магутны гідраўлічны інструмент ратуе жыцці, «разразаючы» выкаранены метал. А самае галоўнае — мы не проста назіралі, але і асабіста ўзялі ў рукі абсталяванне ратавальнікаў, каб самастойна выканаць гэтую складаную аперацыю і правесці дэблакіроўку на практыцы.
Спачатку нам паставілі задачу лягчэй — зняць клемы з акумулятара. Пры дапамозе гідраўлічных разжымаў-кусачак мы ўскрылі капот. Потым звычайнымі кусачкамі знялі клемы. Дарэчы, перарэзаць іх трэба тры разы: два разы адну і адзін раз другую, каб пазбегнуць замыкання. Сам інструмент вельмі цяжкі. Падняць яго, а тым больш прымяніць па прызначэнні — задача з зорачкай. Таму перад семінарам дакладна варта было пахадзіць у трэгажорную залу.

Задача паскладаней — зняць дах з аўтамабіля. Як расказалі ратавальнікі, звычайна для гэтага патрэбны 4 чалавекі, каб дах не ўпаў на заблакаванага. Пераразаюцца стойкі пры дапамозе таго ж інструмента. Складаней з універсаламі — там дах доўгі. Таму абразаюць стойкі, падразаюць дах і згінаюць яго.
- Але самы кінематаграфічны момант — гэта аварыйная сітуацыя на борце самалёта. Мы апынуліся ўнутры сапраўднага самалёта, дзе адпрацоўваюцца дзеянні бортправаднікоў пры НС. Сідзячы на месцы як сапраўдныя пасажыры, мы даведаліся больш аб аснашчанасці самалётаў: аптэчкі, вогнетушыцелі і іншае. А потым у адзін момант пачалося: дым, ўспышкі святла і крыкі. Усё гэта моцна ціснула на псіхіку, а затым самалёт нахіліўся на 30 градусаў. У такіх умовах мы акуратна паспрабавалі выйсці. Таймінг, за які пасажыры павінны паспець выратавацца, — 90 секунд. У тэрмін мы не ўклаліся, але ўсё ж выбраліся.
Таксама кожны ўдзельнік мог паспрабаваць адкрыць дзвер самалёта, якая, важыць дастаткова, каб пачаць захапляцца сілай беларускіх сцюардэс.
Фінальным акордам нашага падарожжа стала кіраванне беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Гэта сапраўды найважнейшы інструмент у рабоце ратавальнікаў: з паветра можна за секунды ацаніць маштаб пажару, затаплення, абвальвання, знайсці людзей, да якіх на зямлі проста не дабрацца. Самае прыемнае — нам не толькі расказалі, але і далі паспрабаваць. Вядома, гаворка ішла больш пра палёт направа-налева, чым пра сапраўдны палёт. Але, трымаючы ў руках пульт кіравання, разумееш, якія магчымасці закладзены ў такой маленькай прыладзе. А яшчэ мы маглі паглядзець праз VR-акуляры на ўсё з камер беспілотніка. Уражанне адно — захапленне.
Падводзячы вынікі
У цэлым семінар атрымаўся па-сапраўднаму насычаным, яркім і поўным эмоцый. Задумка арганізатараў — даць удзельнікам цалкам пагрузіцца ў адзін дзень з жыцця тых, хто штодня ратуе чалавечыя жыцці, — увянчалася поўным поспехам. Журналісты і блогеры не толькі адчулі на сабе фізічную вагу ратавальнага абмундзіравання, але і ў поўнай меры ўсвядомілі ўсю цяжкасць адказнасці за забеспячэнне бяспекі, пранікліся сапраўднай цаной кожнага выратаванага жыцця і востра адчулі крытычную важнасць захавання правілаў бяспекі, набылі бясцэнны вопыт і новыя веды.
Думаю, што ўсе ўдзельнікі семінара прыйшлі да аднаго меркавання: за кожнай аперацыяй ратавальнікаў МНС стаіць велізарная праца, падрыхтоўка, дысцыпліна і неверагодная фізічная і псіхалагічная цягавітасць. Гэта не проста прафесія, гэта лад жыцця. Спакойны голас у дыме, моцныя рукі ў халоднай вадзе і ўпэўнены крок туды, дзе іншым страшна. І калі хаця б частку таго, чаму нас навучылі, дапаможа аднойчы выратаваць чыёсьці жыццё — значыць, гэты дзень быў пражыты нездарма.
фота Лізаветы ГОЛАД
Барысаўскі раён