Top.Mail.Ru

Праз некалькі дзён стартуюць навагоднія дабрачынныя акцыі «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Эстафета дабра

Гэтыя любімыя многімі, ужо традыцыйныя для нашай краіны мерапрыемствы праводзяцца па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі. Пасыл кіраўніка дзяржавы аб тым, што ў чароўныя дні навагодніх і калядных свят трэба падзяліцца цяплом і ўвагай з тымі, каму іх не хапае, знайшоў шчыры водгук у сэрцах беларусаў, і сёння гэтыя акцыі можна назваць сапраўды народнымі.

Чужых дзяцей не бывае

Рэпубліканская акцыя «Нашы дзеці» ахопіць сёлета больш за мільён дзяцей з усёй краіны. Пра гэта расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віктар ДОЎНАР. Яна пройдзе ў Беларусі з 15 снежня 2025 года па 14 студзеня 2026 года. Вышэйшымі службовымі асобамі дзяржавы, кіраўнікамі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, дзяржаўных і іншых арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, удзельнікамі грамадзянскай супольнасці запланавана наведванне больш за 150 устаноў, сярод якіх — дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, арганізацыі аховы здароўя, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, установы адукацыі, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. 

  • «Старт акцыі „Нашы дзеці“ будзе праходзіць у Гомелі, галоўнай пляцоўкай краіны стане Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Адкрыццё пройдзе ў выглядзе тэлемоста з усімі абласцямі нашай краіны. На сувязі з Гомелем будуць усе рэгіянальныя лакацыі, дзе будуць вітаць удзельнікаў гэтай акцыі вышэйшыя службовыя асобы аблвыканкамаў, прадставяць творчыя нумары. Далей гэта акцыя пойдзе па ўсёй краіне», — расказаў Віктар Доўнар.

Па традыцыі ў рамках акцыі будзе дадзена дабрачыннае мерапрыемства ад імя кіраўніка дзяржавы ў Палацы Рэспублікі. На галоўную ёлку краіны запрошаны 2370 дзяцей з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гэта дзеці ад 8 да 14 гадоў з сацыяльна неабароненых катэгорый — хлопчыкі і дзяўчынкі, якія знаходзяцца пад апекай, страцілі сваіх бацькоў. Будуць і дзеці, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, спорце, культурнай дзейнасці. Таксама па традыцыі ўдзел у гэтым мерапрыемстве прымуць дзеці з Расіі.


Акрамя таго, больш за 330 найлепшых навучэнцаў краіны трапяць на навагодні баль у Палацы Незалежнасці. Сярод іх — студэнты ВНУ, навучэнцы каледжаў, школ і кадэцкіх вучылішчаў. 

Традыцыйна мерапрыемствы акцыі пройдуць не толькі на рэспубліканскім узроўні. У кожным абласным цэнтры запланаваны навагоднія мерапрыемствы для дзяцей. Пройдуць балі, адбудуцца віншаванні дзяцей у інтэрнатных установах. Напрыклад, у Мінскай вобласці старт акцыі дасць арт-фестываль «Запальваем зоркі». У ім паўдзельнічаюць навучэнцы ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і дадатковай адукацыі. Спаборнічаць будуць у розных намінацыях, сярод іх — «Вакал», «Выкананне на музычных інструментах», «Харэаграфія», «Літаратурная творчасць», — праінфармаваў прадстаўнік Міністэрства адукацыі. 

Такія мерапрыемствы будуць праходзіць у кожнай вобласці. «Як неаднаразова падкрэсліваў кіраўнік нашай дзяржавы, самая галоўная мэта акцыі — падарыць свята кожнаму дзіцяці, бо чужых дзяцей у нас няма. Таму акцыя так і называецца — „Нашы дзеці“. Перакананы, што кожны з неабыякавых грамадзян краіны зможа прыняць пасільны ўдзел у віншаванні нашых дзяцей», — дадаў Віктар Доўнар.

З павагай да старэйшых

З 23 снежня па 14 студзеня 2026 года ўключна ў краіне пройдзе рэспубліканская навагодняя дабрачынная акцыя для пажылых людзей «Ад усёй душы». Пра гэта журналістам паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай падтрымкі, апекі і папячыцельства Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна ЛАЗАРЭНКА.

У перыяд правядзення акцыі пад пільнай увагай застаюцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, іх у краіне на кастрычнік пражывала 698 чалавек, таксама тыя, хто пацярпеў ад наступстваў вайны, іх амаль 5,7 тысячы чалавек, таксама больш за 42 тысячы доўгажыхароў ва ўзросце 90 гадоў і старэйшых, у тым ліку 586 доўгажыхароў ва ўзросце 100 гадоў і больш. Акцыя закране і адзінокіх пажылых грамадзян (каля 126 тысяч чалавек), адзінока пражываючых пажылых грамадзян (амаль 808 тысяч чалавек), а таксама каля 2 мільёнаў ветэранаў працы. 

  • Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны зацверджаны план мерапрыемстваў правядзення сёлетняй акцыі. У яго ўключана больш за 20 разнастайных ініцыятыў. Цэнтральнымі элементамі стануць традыцыйныя адзіныя тэматычныя дні. Сярод асноўных мерапрыемстваў — урачыстыя акцыі ў абласцях і Мінску, якія пройдуць 23 снежня. Плануецца, што ў першы дзень у акцыі прымуць удзел каля 2,5 тысячы чалавек. Акрамя таго, 3 студзеня 2026 года Вялікі тэатр запрашае пажылых гасцей на навагодні святочны канцэрт, пераважна ўдзел прымуць жыхары Мінска і Мінскай вобласці. Таксама 9 студзеня адбудзецца тэматычны дзень баляў «Калядная сімфонія». Плануецца, што ўдзел у мерапрыемствах прымуць прыкладна 700 чалавек. Завершыць акцыю 14 студзеня адзіны тэматычны дзень «Добрыя справы на Новы год», у рамках якога валанцёры сярэбранага ўзросту разам з моладдзю павіншуюць са святамі пажылых грамадзян, у тым ліку тых, якія пражываюць ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання. Плануецца, што ў гэтым мерапрыемстве прымуць удзел звыш 23 тысяч чалавек з ліку пажылых грамадзян і моладзі. Усяго ў адзіных тэматычных днях мяркуецца ўдзел больш за 27 тысяч чалавек.


Акцыя «Ад усёй душы» — натуральны працяг традыцый навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», адзначыла Галіна Лазарэнка. Пасыл заключаецца ў тым, што спачатку надаюць увагу пераважна маладому, падрастаючаму пакаленню, а потым моладзь прымае ініцыятыву клопату пра старэйшае пакаленне. Такім чынам, сімвалічна, што эстафета дабра перадаецца ад дзяцей да пажылых. «Мэта нашай акцыі даволі простая, але вельмі важная — выказаць глыбокую ўдзячнасць і павагу нашым бабулям і дзядулям, паказаць моладзі важнасць беражлівых адносін да старэйшага пакалення, адзначыць неабходнасць аказання дапамогі і падтрымкі, умацавання традыцый сямейнага дабрабыту. Задача акцыі — акружыць асаблівым клопатам усіх пажылых людзей», — падкрэсліла спецыяліст.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю