Top.Mail.Ru
112

Праз сорак гадоў пасля аварыі на ЧАЭС можна гаварыць аб тым, што яе наступствы мы паспяхова пераадольваем

Назапашаны вопыт і новыя задачы


Наступствы чарнобыльскай аварыі, зробленыя краінай крокі асноўныя дасягненні па іх пераадоленні, выкладзеныя ў Нацыянальным дакладзе Рэспублікі Беларусь да 40-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, абмеркавалі прадстаўнікі Цэнтра па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы і Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС.

Паводле слоў галоўнага спецыяліста ўпраўлення па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і аб’ектамі ядзернай спадчыны Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Ірыны РАМАНЧУК, нацыянальны даклад па пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС забяспечвае пераемнасць пры вырашэнні бягучых задач з апорай на назапашаны вопыт, дапамагае ацаніць вынікі, пры неабходнасці карэкціраваць іх і ставіць новыя задачы.

У Беларусі рэалізавана 6 дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Увага надавалася такім пытанням, як сацыяльная абарона грамадзян (лячэнне, забеспячэнне выплат, харчаванне і інш.), сацыяльнае развіццё пацярпелых рэгіёнаў, радыяцыйная абарона. 

На рэалізацыю гэтых праграм было накіравана больш за 20 млрд долараў.

Так, значная ўвага ў Нацыянальным дакладзе ўдзелена захаванню здароўя, аздараўленню насельніцтва, дзейнасці рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў.

— Паводле даных РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, захваральнасць па ўсіх відах хвароб на пацярпелых тэрыторыях (Гомельская і Магілёўская вобласці) знаходзіцца практычна на ўзроўні сярэднерэспубліканскай, а па некаторых захворваннях нават ніжэйшая, — адзначыў загадчык аддзела навукова-арганізацыйнага суправаджэння і інфармацыйна-аналітычнай работы Цэнтра па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Мікалай БАРЫСЕВІЧ.

Арганізавана дыспансернае назіранне пацярпелых жыхароў Беларусі. Інфармацыя аб іх уносіцца ў спецыяльны рэестр, які вядзецца РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Дарэчы, дыспансерызацыя і санаторна-курортнае лячэнне гэтай часткі насельніцтва забяспечана практычна на 100 %.

Мікалай Барысевіч нагадаў, што перыяд паўраспаду цэзію і стронцыю (асноўных дозаўтваральных элементаў), якія ўплываюць на стан здароўя, ужо прайшоў. Скарачаюцца плошчы пацярпелых тэрыторый: калі пасля аварыі ў зоне забруджвання апынулася 23 % краіны, то сёння — каля 12 %. Летась Дзяржатамнагляд выдаў карту забруджвання гэтых тэрыторый.

На адраджэнне пацярпелых тэрыторый сфакусіравана работа не толькі па дзяржаўных праграмах Беларусі, але і саюзных.

— Асаблівыя намаганні накіраваны на атрыманне чыстай прадукцыі. Для гэтага праводзяцца аграхімічныя і агратэхнічныя мерапрыемствы, выкарыстоўваецца спецыяльна падабраная доза ўгнаенняў. Сёння практычна ўся прадукцыя сельскай гаспадаркі адпавядае самым жорсткім нарматывам па дапушчальным узроўні ўтрымання радыенуклідаў, — падкрэсліў прадстаўнік Цэнтра па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы.

Падчас мерапрыемства была анансавана распрацоўка Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС — «Стратэгія радыяцыйнай абароны». Гэта абагульняючы дакумент, створаны на аснове напрацовак, якія былі выкананы ў краіне шматлікімі інстытутамі Нацыянальнай акадэміі навук, арганізацыямі Міністэрства аховы здароўя, Мінпрыроды за апошнія 40 гадоў. Таксама ў стратэгіі ўлічаны рэкамендацыі МАГАТЭ, якія прад’яўляюцца да краін, якія развіваюць ядзерную энергетыку.

Важна

Доступ на адселеныя тэрыторыі ажыццяўляецца па прапусках. Аднак на Радаўніцу спецыяльныя дакументы не спатрэбяцца — жадаючыя змогуць наведаць могілкі і навесці там парадак. Дарэчы, рэгуляваннем пытанняў, звязаных з доступам на такія тэрыторыі, займаюцца адміністрацыі Гомельскага і Магілёўскага аблвыканкамаў. Неабходная інфармацыя, у тым ліку памяткі аб правілах паводзін на забруджаных землях з пункту гледжання забеспячэння радыяцыйнай і пажарнай бяспекі, размешчана на сайтах райвыканкамаў.

Александрына ПАРШЫНА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю