Новыя правілы ажыццяўлення дабрачыннай дзейнасці ў сферы аховы здароўя далі магчымасць зрабіць зборы на лячэнне больш празрыстым, расказала БелТА дырэктар Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў, старшыня праўлення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Людміла Кандрашова.
Паводле слоў Людмілы Кандрашовай, дабрачыннасць моцна змянілася за апошнія дзесяцігоддзі. На старце стварэння Беларускага дзіцячага фонду 38 гадоў таму ўмовы дабрачыннасці, людзі і запыты былі іншыя. Трапіўшым у бяду дапамагалі суседзі, знаёмыя.
Цяпер жа просьбы аб дапамозе шырока распаўсюджваюцца ў інтэрнэце, і гэта стварыла магчымасці для злоўжыванняў і спроб зарабіць на чужой бядзе. «Мне здаецца, абсалютна не было адказнасці ў тых людзей, якія выходзілі ў інтэрнэт-прастору і звярталіся за дапамогай. Было вельмі шмат спакус для заработку хуткіх грошай на лёсах людзей, на бядзе», — сказала яна.
Людміла Кандрашова падкрэсліла, што Беларускі дзіцячы фонд прадаўжае працаваць у рамках указа № 300 «Аб бязвыплатнай (спонсарскай) дапамозе». Пры гэтым указ № 304 «Аб фондах і дабрачыннай дзейнасці ў сферы аховы здароўя» рэгулюе дабрачынную дзейнасць менавіта ў сферы аховы здароўя.
«Для мяне як кіраўніка фонду прыняцце гэтага ўказа — гэта вельмі знакавая падзея», — сказала яна, падкрэсліўшы, што давер людзей да дабрачыннасці грунтуецца на празрыстасці кожнага рубля, які паступае на рахунак і выкарыстоўваецца ў абазначаных мэтах.
Вядомы выпадкі, калі зборы сродкаў вялі людзі, не звязаныя з дабрачыннымі арганізацыямі. Людміла Кандрашова згадала выкарыстанне фатаграфіі хлопчыка, якому сапраўды патрэбна была дапамога, і пры гэтым сродкі збіраліся на некалькі рахункаў, адзін з якіх не меў дачынення да дзіцяці.
Фонд неаднаразова сутыкаўся і з фэйкавымі аб’явамі, у якіх указваліся рэквізіты, якія не належаць арганізацыі. «І нават супрацоўніка такога ў нас у фондзе не было ніколі», — удакладніла яна.
Старшыня праўлення фонду адзначыла, што адзін дабрачынны рахунак, магчымасць адкрыцця якога прадугледжана новымі правіламі, дае магчымасць праверыць інфармацыю аб зборы і пералічыць сродкі на заяўленыя мэты.
«У кожнага (дабрачыннага фонду. — Заўвага БелТА) ёсць сайт, дзе можна вывучыць інфармацыю, — сказала Людміла Кандрашова. — Вельмі важна праверыць, куды ідуць грошы. Гэта важна як атрымальніку, так і дарыльшчыку. Кожная пералічаная капейка павінна ісці на карысць, а не на рамонт даху і іншыя гаспадарчыя патрэбы».