Top.Mail.Ru

Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын правёў нараду па пытанні аб правядзенні меліярацыйных мерапрыемстваў

Тактыка меліярацыі


У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы і ўрада ў краіне праводзіцца работа па ўключэнні ў гаспадарчы абарот зямель сельскагаспадарчага прызначэння, занятых драўняна-хмызняковай расліннасцю, нагадалі ў прэс-службе Савета Міністраў.

Мерапрыемства сабрала шырокае кола ўдзельнікаў, у ліку якіх і старшыні профільных камісій Савета Рэспублікі Леанід Заяц і Міхаіл Русы, якія замацаваны Прэзідэнтам Беларусі ажыццяўляць кантроль за правядзеннем меліярацыйных мерапрыемстваў і эфектыўным выкарыстаннем сельгасзямель.

Варта асабліва адзначыць, што прыборка зарослых хмызняком угоддзяў і павелічэнне контурнасці палёў — адзін з рэзерваў для нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці сельгаспрадукцыі. Работа ў гэтым кірунку ўжо вядзецца па ўсёй краіне.

Дарэчы, за апошнія пяць гадоў (2021–2025 гг.) у краіне ў гэтым кірунку праведзена каласальная работа. Праведзены рэканструкцыя і культуртэхнічная меліярацыя на плошчы 416 тысяч гектараў (101 % да задання). Як вынік: больш за 75 тысяч гектараў дадаткова ўцягнуты ў гаспадарчы абарот.

Падчас нядаўняй рабочай паездкі ў Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці кіраўнік дзяржавы заявіў аб неабходнасці мяняць тактыку меліярацыі. Савету Міністраў даручана сумесна з аблвыканкамамі перагледзець падыходы па вызначэнні структуры і аб’ёмаў меліярацыйных мерапрыемстваў на перыяд да 2030 года, а таксама схемы і крыніцы іх фінансавання ў мэтах павелічэння контурнасці палёў і эфектыўнага выкарыстання сельскагаспадарчых зямель і прыняць меры па іх рэалізацыі. Вынікі па рабоце за 2026 год будуць даложаны ў рамках комплекснага даклада па выкананні меліярацыйных мерапрыемстваў.

У тэму

Зніжэнне затрат і рост прадукцыйнасці

Напярэдадні старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц расказаў аб тым, як будуць выконвацца даручэнні Прэзідэнта адносна меліярацыі і што ўжо зроблена за папярэднюю пяцігодку, паведамілі ў прэс-службе Савета Рэспублікі.

Леанід Заяц паведаміў, што задача па меліярацыі, якую ставіў кіраўнік дзяржавы на 2021–2025 гады, была паспяхова выканана:

— З запланаваных 412 тысяч гектараў меліярацыйныя мерапрыемствы былі праведзены на плошчы больш як 416 тысяч гектараў. Таксама за мінулыя пяць гадоў у сельскагаспадарчы абарот дадаткова былі ўведзены яшчэ 75 тысяч гектараў. Калі параўноўваць з усёй краінай, то па плошчы гэта тэрыторыя аднаго сярэдняга раёна.

Як адзначыў Леанід Заяц, на 2026–2030 гады стаіць задача правесці комплекс меліярацыйных мерапрыемстваў на плошчы 431 тысяча гектараў:

— Гэта велізарная тэрыторыя. Але з улікам патрабавання Прэзідэнта краіны — увесці ў сельскагаспадарчы абарот землі, якія размешчаны на неасушанай тэрыторыі і зараслі кустамі, — план па 431 тысячы гектараў будзе выкананы. Мы пераразмяркуем рэсурсы для таго, каб гэтыя высокабальныя землі, якія ёсць практычна ва ўсіх абласцях нашай краіны, былі ўцягнуты ў сельскагаспадарчы абарот.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі падкрэсліў, што гэта работа дасць магчымасць забяспечыць большую контурнасць палёў, павялічыць прадукцыйнасць працы і знізіць затраты на апрацоўку глебы.

— З усіх бакоў гэта добрае рашэнне, — лічыць Леанід Заяц. — За мінулую пяцігодку мы зрабілі вялізны аб’ём работы. Самыя складаныя плошчы ўжо прыведзены ў парадак. Таму мы можам пераразмеркаваць фінансавыя сродкі, якія выдаткоўваюцца ў агульным аб’ёме на меліярацыю. Гэта будзе выгадна сельгаспрадпрыемствам і землекарыстальнікам. Таксама мы зэканомім бюджэтныя сродкі. На нашу думку, гэта дазволіць зэканоміць каля 92 мільёнаў рублёў.

Сенатар дадаў, што ўвесь комплекс работ па меліярацыі дасць вынік:

— За бягучую пяцігодку мы плануем цалкам пазбавіцца ад дзікай расліннасці на нашых асушаных і неасушаных землях. Толькі на неасушаных тэрыторыях мы плануем увесці каля 45,6 тысячы гектараў па ўсёй краіне. Мы адваюем гэту плошчу ў прыроды, каб павялічыць нашы сельскагаспадарчыя землі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю