Top.Mail.Ru

Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын правёў сустрэчу з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым

«Парадак дня сфарміраваны — 15 пытанняў»

На сустрэчы абмяркоўваўся парадак дня пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое адбудзецца 1 кастрычніка ў Мінску.

Адкрываючы рабочае мерапрыемства, Аляксандр Турчын адзначыў, што правядзенне пасяджэння саюзнага Саўміна другі раз на працягу года сведчыць аб нарошчванні інтэграцыйных працэсаў.

— Парадак дня сфарміраваны — 15 пытанняў, — падкрэсліў кіраўнік урада. — Адна з ключавых тэм — выкананне асноўных кірункаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гады і падрыхтоўка праекта дакумента на наступны перыяд. Трэба старанна разгледзець дакументы, таму што нам іх трэба будзе дакладваць кіраўнікам нашых дзяржаў на пасяджэнні ВДС (Вышэйшы дзяржаўны савет. — «Зв.»).

Па словах Аляксандра Турчына, бачныя вынікі за трохгадовы перыяд.

— У макраэканамічнай сферы мы распрацавалі і ўзгаднілі прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Саюзнай дзяржавы на перыяд да 2028 года. І мы бачым эфекты ад нашай інтэграцыі, — сказаў Прэм’ер-міністр Беларусі.

Аляксандр Турчын таксама адзначыў, што ў прамысловай сферы было прынятае рашэнне аб наданні прадукцыі расійскіх і беларускіх вытворцаў статусу «тавар Саюзнай дзяржавы». Створаны калегіяльны орган, які ажыццяўляе арганізацыю і каардынацыю дзейнасці ў галіне забеспячэння якасці выпускаемай прадукцыі, — Камітэт па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы.

— Значная работа праведзена ў транспартнай сферы, — дадаў кіраўнік урада. — Гэта і выраўноўванне тарыфаў на перавозкі чыгуначным транспартам мінеральна-будаўнічых грузаў, і запуск трансгранічных прыгарадных чыгуначных зносін.

У сферы электраэнергетыкі падпісаны Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб фарміраванні аб’яднанага рынку электрычнай энергіі Саюзнай дзяржавы.

Аляксандр Турчын падкрэсліў, што да канца года неабходна будзе вырашыць яшчэ шэраг задач.

— Гэта і аграрная наша палітыка, лічбавы подпіс, — адзначыў Прэм’ер-міністр. — Таму ёсць над чым плённа папрацаваць для таго, каб у снежні далажыць нашым прэзідэнтам, што абсалютная большасць нашых планаў выкананая.

Аляксандр Турчын адной з ключавых тэм у Саюзнай дзяржаве таксама назваў забеспячэнне роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі.

— Яна на асаблівым кантролі старшыні ВДС Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, і вы кіруеце рабочай групай, — звярнуўся Прэм’ер-міністр да Дзяржаўнага сакратара Саюзнай

дзяржавы. — Таму я ўпэўнены, тут з вашай дапамогай тое, што мы яшчэ не дарабілі, мы гэта ўсё рэалізуем.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю