«Я ўжо неаднойчы казаў: будучы 2025 год будзе няпростым. Не толькі таму, што разам з Расіяй нас пачалі ціснуць і душыць з усіх бакоў. Пакуль тыя тактыка і стратэгія, якія мы вызначылі, дапамагаюць нам не толькі ўтрымацца на плаву, але і жыць годна».
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. 7 студзеня 2025 г., падчас наведвання храма Мікалая Цудатворца ў Лагойску.
Кіраўнік беларускага ўрада Раман Галоўчанка расказаў аб ключавых паказчыках, устаноўленых Кіраўніком дзяржавы. Спойлер — вынікі вельмі нават станоўчыя.
Фота з Тэлеграм-канал «Правительство Беларуси»
Напружанае, але цалкам выканальнае заданне
Па росце ВУП, напрыклад, пры заданні 103,8 % спрацавалі на 104 %.
— Мы цяпер ужо можам падвесці некаторыя вынікі. Больш глыбока мы іх, вядома, разгледзім крыху пазней, калі прыйдзе інфармацыя з усіх узроўняў. Але ключавыя макраэканамічныя лічбы ўжо вядомыя — Белстат іх падвёў, — пазначыў у пачатку пасяджэння Раман Галоўчанка.
Ён нагадаў, што ў 2024 год эканамічны блок краіны ўваходзіў з досыць напружаным заданнем, якое было ўстаноўлена ўказам Прэзідэнта:
— Кіраўнік дзяржавы падкрэсліваў, што гэта напружанае, але цалкам выканальнае заданне. І, зыходзячы з гэтых установак, мы, як вы памятаеце, ва ўрадзе сфарміравалі своеасаблівы мабілізацыйны план, які быў накіраваны на выкананне гэтых задач і каскадзіраваўся фактычна па ўсіх галінах эканомікі, спускаючыся да кожнага асобнага прадпрыемства.
Прэм’ер-міністр растлумачыў:
— Гэта значыць, сістэма агульнадзяржаўных паказчыкаў разбівалася на больш дробныя фрагменты і кожны кіраўнік (ад прамысловага гіганта да невялікага камунальнага прадпрыемства) ведаў, якая перад ім стаіць задача. Адпаведна, урад забяспечваў штотыднёвы маніторынг выканання гэтых задач. Прымаліся шматлікія тактычныя рашэнні (дзесьці бачылі — неабходна было падтрымаць, дзесьці, наадварот, напружыць).
Раман Галоўчанка падкрэсліў: дзякуючы гэтай працы і ўстаноўкам Прэзідэнта, які пастаянна трымаў у фокусе ўвагі сітуацыю ў эканоміцы краіны, былі атрыманы пэўныя вынікі, якія, на яго думку, можна назваць дастаткова нядрэннымі:
— Такім чынам, ключавы паказчык ступені развіцця эканомікі ў краіне — валавы ўнутраны прадукт. Заданне па ім было 103,8 %. Па факце мы спрацавалі на 104 % роўна.
Рост рэальных наяўных даходаў — 9,5 %
Таксама Раман Галоўчанка расказаў аб напружанай задачы па інфляцыі:
— Задача была пастаўлена, каб інфляцыя не выйшла за 6-працэнтны ўзровень. Гэта было досыць нялёгка, таму што праінфляцыйны ціск, асабліва ў перыметры вакол нас, захоўваўся досыць моцна. Плюс мы забяспечылі істотную дабаўку ў заробках, у даходзе насельніцтва, што, па вядомых эканамічных законах, таксама аказвае ўплыў на інфляцыю. Аднак пры задачы 6 % фактычна інфляцыя склала 5,2 %.
Прэм’ер-міністр адзначыў, што ва ўмовах цэнавай стабільнасці і адносна нізкай інфляцыі эканамічны рост дазваляе вырашаць ключавую задачу — павышэння даходаў насельніцтва.
— Рэальныя наяўныя даходы насельніцтва — гэта не толькі заработная плата, гэта і пенсіі, і стыпендыі, і дапамогі, усе іншыя віды сацыяльных выплат. Таму план быў 3,5 %, па факце — 9,5 % — гэта найлепшы паказчык за ўсю пяцігодку. Пры гэтым рэальная заработная плата (гэта значыць, калі мы бяром толькі заработную плату без пенсій і дапамог) вырасла яшчэ больш — на 12 працэнтных пунктаў. І па выніках студзеня — лістапада ўзровень заработнай платы склаў больш за 2200 рублёў, — агучыў даныя Раман Галоўчанка.
Акрамя таго, ён нагадаў, што ў 2024 годзе двойчы павышаліся працоўныя пенсіі для пенсіянераў: з 1 лютага — на 10 %, з 1 кастрычніка — яшчэ на 5 %.
— Такім чынам, рэальны рост пенсій па ўзросце (толькі пенсій) склаў 109,6 %, — акцэнтаваў увагу кіраўнік урада.
План па росце інвестыцый перавыкананы амаль у тры разы
Ён таксама звярнуў увагу на тое, што вельмі важным, акрамя ВУП, з’яўляецца паказчык якаснага росту эканомікі — гэта інвестыцыі і іх структура.
— Калі казаць у цэлым па інвестыцыях, то пры заданні ў 103,9 % інвестыцыі склалі 108 %. Гэта значыць, фактычна ў тры разы перавысілі план, — падкрэсліў Раман Галоўчанка.
Прэм’ер-міністр таксама спыніўся на структуры інвестыцый:
— Гэта вельмі важны паказчык, які дэманструе, куды ідуць грошы, якія інвестуюцца ў эканоміку (тут і бюджэтныя інвестыцыі, і прамыя замежныя інвестыцыі, і інвестыцыі прыватных асоб і арганізацый). Можна з упэўненасцю сказаць, што структура інвестыцый палепшылася. Большая частка іх накіроўваецца ў абсталяванне і тэхналогіі (гэта значыць, у актыўную частку вытворчых фондаў) — рост долі інвестыцый у машыны і абсталяванне перавысіў 40 %.
Прэм’ер-міністр растлумачыў, што ў цяперашні час у краіне актыўна развіваецца больш за восем сотняў камерцыйных праектаў на суму больш за восем мільярдаў рублёў.
— Гэта толькі тое, што алічбавана і знаходзіцца на кантролі ва ўрадзе, — дапоўніў ён. — Цэнтрам прыцягнення інвестыцый сталі як традыцыйныя для нас зоны (як беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень», дзе штогод рэгіструюцца новыя рэзідэнты; свабодныя эканамічныя зоны, якія з’яўляюцца традыцыйна інвестыцыйна прывабнымі), так і спрацоўвае наша стаўка на развіццё тэхнапаркаў. Літаральна ўчора Прэзідэнт пра гэта гаварыў пры наведванні Мінскага мотавелазавода.
Кіраўнік урада нагадаў: яшчэ два гады таму ў краіне было прынята рашэнне, што тэхнапаркі неабходна развіваць не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах.
— У прыватнасці, у Пінску і ў Баранавічах цяпер актыўна ідзе будаўніцтва інфраструктуры для новых тэхнапаркаў. Адпаведна, гэта цягне за сабой павелічэнне дабаўленай вартасці прадукцыі, што выпускаецца, і колькасці працоўных месцаў, — пракаментаваў ён.
Чарговы рэкорд: экспарт — каля 50 млрд долараў
Падводзячы вынік выканання мэтавых паказчыкаў, ён адзначыў, што чатыры паказчыкі выкананы і перавыкананы, а адзін паказчык, хутчэй за ўсё, будзе недавыкананы:
— Гаворка ідзе пра экспарт, — патлумачыў Раман Галоўчанка і дадаў, што лічбы па ім статыстыка дае крыху пазней. Цяпер мы ведаем статыстыку за 11 месяцаў, гэта 103,8 %. Мяркуем, што прыкладна на гэтай жа лічбе складзецца і год. Гэта крыху менш, чым план. Але, тым не менш, гэта рэкордная лічба ў абсалюце: практычна мы выйдзем на 50 мільярдаў долараў экспарту ў бягучым годзе.
Прэм’ер-міністр акцэнтаваў увагу, што яшчэ адзін важны фактар, які спрыяў падтрыманню попыту на беларускую прадукцыю, — актыўная дзейнасць на знешніх рынках.
— Паводле вынікаў 11 месяцаў краіна экспартавала тавараў больш чым на 45 мільярдаў долараў ЗША, што з’яўляецца рэкордным значэннем за апошнія 12 гадоў. Гэта, нагадаю, ва ўмовах санкцый, вар’яцкай лагістыкі, росту выдаткаў і гэтак далей, — пракаментаваў Раман Галоўчанка.
Ён адзначыў, што да ўзроўню 11 месяцаў мінулага года экспарт вырас на 3,8 %, або на 1,7 мільярда долараў.
— Ёсць пэўная тэндэнцыя, якая звязана з невялікім павелічэннем дэфіцыту гандлёвага балансу. Звязана гэта ў першую чаргу з тым, што цэны на сыравіну і матэрыялы растуць значна хутчэй, чым цэны на гатовую прадукцыю, — расказаў ён, патлумачыўшы, што цяпер сітуацыя выпраўляецца. — Гэта значыць, мы бачым, што гэтыя нажніцы сціскаюцца. Гэта дазволіць нам, думаю, сёлета праблему зняць. Тым не менш мы яе бачым і аналізуем.
Кіраўнік урада нагадаў, што беларуская прадукцыя экспартавалася ў 154 краіны свету:
— Гэта значыць, практычна наша татальная прысутнасць ёсць у сусветным гандлі. Пры гэтым у 2024 годзе ўпершыню была пастаўлена прадукцыя ў 14 новых дзяржаў. У асноўным гэта краіны Афрыкі і так званага глабальнага Поўдня. Прычым пастаўкі ў некаторыя краіны Афрыкі выраслі ў разы.
Ён таксама нагадаў аб адной з выразных установак Прэзідэнта — павялічваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і развіваць яго з краінамі глабальнага Поўдня, уключаючы Афрыканскі кантынент.
— Нядрэнна спрацавалі на рынках нашых традыцыйных партнёраў — краін Еўразійскага эканамічнага саюза, дадаўшы некалькі працэнтных пунктаў у пастаўцы ў ЕАЭС.
Аб задачах на 2025 год
Што датычыцца задач, вызначаных адпаведным указам Прэзідэнта, Раман Галоўчанка падкрэсліў:
— Кіраўнік дзяржавы глыбока валодае сітуацыяй у эканоміцы (як у нас у краіне, так і ў свеце), таму мы падзяляем, безумоўна, ацэнку. Яна аб’ектыўная. Тое, што год будзе складаны, няпросты, звязана не толькі з нашымі асноўнымі эканамічнымі партнёрамі, але і з агульнай сітуацыяй у сусветнай эканоміцы, якая застаецца складанай.
Ён растлумачыў, што ва ўрадзе свядома ідуць на напружаныя лічбы задання, якія стаяць у бягучым годзе.
— Але яны рэалістычныя. Дасягаць іх будзем такімі ж метадамі, якія пацвердзілі сваю эфектыўнасць у бягучым годзе, — гэта эканамічная мабілізацыя ў першую чаргу. Таму будзем працаваць напружана над выкананнем гэтай задачы. У нас іншага шляху няма, — адзначыў прэм’ер-міністр.