Top.Mail.Ru

Прэм’ер-міністр правёў пасяджэнне Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій

Рэгуляторыка ў крыптасферы і адукацыйны трэк


У панядзелак пад кіраўніцтвам Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына адбылося чарговае пасяджэнне Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій. У Доме ўрада абмеркавалі ІТ-адукацыю і фарміраванне прававога поля для функцыянавання крыптабанкаў.


Дзейнасць крыптабанкаў і KYT-правайдары

«Асноўная тэма — гэта рэгуляторыка ў крыптасферы. Літаральна праз некалькі дзён уступаюць у сілу палажэнні ўказа кіраўніка дзяржавы аб крыптабанках, — патлумачыў актуальнасць чарговага пасяджэння Назіральнага савета Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. — Таму на разгляд вынесены праекты дакументаў, якія рэгламентуюць асобныя аспекты іх дзейнасці». 

У прыватнасці, прапануецца вызначыць патрабаванні да правіл унутранага кантролю, а таксама патрабаванні да заяўнікаў, якія плануюць ажыццяўляць дзейнасць крыптабанка, і іх бізнес-праектаў, дадаў кіраўнік урада. 

Важным рашэннем стане ўвядзенне новага віду дзейнасці — KYT-правайдараў. Гэта тэхналогія аналізу фінансавых транзакцый у рэжыме рэальнага часу з мэтай выяўлення падазронай актыўнасці і ацэнкі звязаных з імі рызык, што неабходна для забеспячэння бяспекі сектара, адпаведнасці міжнародным стандартам і развіцця айчынных тэхналагічных рашэнняў. Пры гэтым крыптабанкі атрымаюць магчымасць паўнавартасна абслугоўваць знешнеэканамічную дзейнасць.

На пасяджэнні Назіральнага савета ПВТ таксама быў разгледжаны блок пытанняў, якія датычацца развіцця стартап-экасістэмы і адукацыйных ініцыятыў. Акрамя таго, разгледжана пытанне аб выдзяленні грантаў і стыпендый студэнтам і выкладчыкам, якія ўжо маюць практычныя камерцыялізаваныя рашэнні ў сферы высокіх тэхналогій.

«Назіральны савет адобрыў выдзяленне падтрымліваючых сродкаў для арганізацыі ячэек стартап-цэнтраў»

У размове з журналістамі начальнік Сакратарыята Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій Ганна Рабава адзначыла, што падчас пасяджэння была заслухана справаздача аб выдзяленні і праверцы запуску падтрымкі стартап-сістэм у 12 ВНУ краіны.

«Як мы ў мінулы раз гаварылі, Назіральны савет адобрыў выдзяленне падтрымліваючых сродкаў для арганізацыі ячэек стартап-цэнтраў, — звярнула ўвагу яна. — Мы здзейснілі аб’езды з Міністэрствам адукацыі па ўсіх ВНУ, канстатавалі, што стартап-рух набывае больш фармалізаваны выгляд. І рыхтуемся да запуску акселератаў. Да канца года падвядзём вынікі, колькі ўдалося ўцягнуць туды маладых людзей і колькі стварыць патэнцыяльных стартапаў».

Ганна Рабава дадала, што зараз у ПВТ пакуль няма опцыі фінансавання стартапаў. «Але мы не выключаем магчымасці, што ў далейшым мы будзем уваходзіць у камерцыйныя кампаніі з нейкай сваёй часткай статутнага капіталу. На гэты від дзейнасці ў нас ёсць мандат», — удакладніла яна. 

Другое пытанне, якое абмяркоўвалася на пасяджэнні, — выдзяленне трох грантаў і 30 стыпендый студэнтам і выкладчыкам у сферы высокіх тэхналогій. «Былі вельмі ўважліва разгледжаны ўсе пададзеныя дакументы. Падчас пасяджэння было даложана Назіральнаму савету аб тых кандыдатах, якія адпавядаюць нашым крытэрыям і якія, спадзяёмся, атрымаюць свае гранты», — рэзюмавала Ганна Рабава.

«Важны сігнал для ўсёй крыптаэкасістэмы, што можна і трэба рухацца ў гэтым кірунку»

У сваю чаргу першы намеснік начальніка Сакратарыята Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій Дзмітрый Калечыц падкрэсліў, што зараз ідзе актыўная работа па фарміраванні прававога поля для функцыянавання крыптабанкаў. «На мінулым пасяджэнні Назіральнага савета ПВТ таксама былі вынесеныя два рашэнні савета. Перш за ўсё гэта дакумент, які вызначае патрабаванні да заяўнікаў на атрыманне статусу крыптабанка, а таксама да бізнес-праекта», — паведаміў ён. 

Другі дакумент — гэта патрабаванні да правіл унутранага кантролю. Што датычыцца першага дакумента, то ён будзе спалучаць пытанні, звязаныя з функцыянаваннем і работай з крыптаактывамі, а таксама элементы банкаўскага рэгулявання. Ён распрацоўваўся сумесна з Нацыянальным банкам, устанаўлівае базавыя патрабаванні да структуры бізнес-плана, патрабаванні да заяўнікаў, да бенефіцыяраў, да інфармацыйнай сістэмы, у якой будзе функцыянаваць крыптабанк.

Другі дакумент, паводле слоў спецыяліста, накіраваны на тое, каб сфарміраваць гібрыдныя патрабаванні да такога роду інстытуту, якія дазвалялі б эфектыўна процідзейнічаць легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаванню тэрарызму. 

«Ён вызначае адзіныя сістэмныя падыходы да работы ў гэтым кірунку, па сутнасці, сумяшчае тое рэгуляванне, якое ёсць у банкаўскім сектары, з асаблівасцямі функцыянавання крыптабанка, — удакладніў Дзмітрый Калечыц. — У цэлым, гэтыя дакументы завяршаюць фарміраванне прававой базы, неабходнай для функцыянавання крыптабанка, і даюць важны сігнал для ўсёй крыптаэкасістэмы, што можна і трэба рухацца ў гэтым кірунку».

Акрамя таго, паводле яго слоў, падчас пасяджэння ўдзельнікі абмеркавалі ўвядзенне новага віду дзейнасці ў рамках юрысдыкцыі ПВТ — гэта KYT-правайдар. «Гэта вельмі важны элемент з пункту гледжання фарміравання бяспечнага і стабільнага функцыянавання гэтага сектара. Гэта патрабаванні ў тым ліку міжнародных арганізацый у галіне процідзеяння легалізацыі злачынных даходаў, фінансавання тэрарызму. Таксама гэта будзе накіравана на тое, каб развіваць айчынныя рашэнні ў Беларусі, якія пабудаваны ў рамках дадзенай бізнес-логікі», — рэзюмаваў Дзмітрый Калечыц.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю