Прэм’ера балета «Шчаўкунчык» адбудзецца ў Вялікім тэатры 28 лістапада, паведамляе БелТА.
Доўгачаканая прэм’ера адкрые новую старонку ў гісторыі 93-га тэатральнага сезона. Свет «Шчаўкунчыка» ажыве на сцэне Вялікага тэатра Беларусі дзякуючы камандзе таленавітых пастаноўшчыкаў: балетмайстру, харэографу, аўтару лібрэта Ігару Колбу; дырыжору — мастацкаму кіраўніку тэатра народнаму артысту Башкартастана Арцёму Макараву; мастаку Вользе Мельнік; мастаку па святле заслужанаму работніку культуры Расіі Ірыне Аўторнікавай; мастаку па камп’ютарнай графіцы і відэашэрагу Вікторыі Злотнікавай.
Гледачы ўбачаць «Шчаўкунчыка» ў новым чытанні дзякуючы смелай і цікавай харэаграфіі Ігара Колба. Для яго гэта будзе чацвёртая вялікая балетмайстарская работа і трэці аўтарскі балет на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Балетмайстар ужо працаваў над містычнай драмай «Жызэль», «Ілюзіямі кахання» і вечарам аднаактавых балетаў «Танцы».
«Усе чакаюць прыгожую, бліскучую, снежную, з узорамі на вокнах ад марозу гісторыю. Бо галоўнай у казцы пра Шчаўкунчыка застаецца... казка», — адзначыў Ігар Колб.
Галоўныя партыі выканаюць вядучыя салісты балета.