Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр адкрыў новы тэатральны сезон прэм’ерай, якая моцна вылучаецца ў рэпертуары. Спектакль-антыўтопію «Адзін дзень да канца света» паставіў Анатоль Лагутэнкаў, якога адданыя гледачы гэтага тэатра больш ведаюць як акцёра, але ўжо не першы раз ён выступае як рэжысёр. Ён жа выступіў і як аўтар інсцэніроўкі: пастаноўка створана паводле твораў Рэя Брэдберы — культавана рамана «451 градус па Фарэнгейце» і апавядання «Заўтра конец света».
Дзеянне спектакля разгортваецца ў аддаленай будучыні — у 2226 годзе. Але прыкметы гэтай будучыні мы можам ужо пазнацць: жыццё як шоў, лічбавы свет і віртуальная рэальнасць... Згодна з бачаннем класіка фантастыкі, пераасэнсаваным стваральнікамі пастаноўкі, свет ператварыўся ў тэхнагенную пустыню, дзе віртуальная рэальнасць цалкам выцесніла жывыя пачуцці, мастацтва і кнігі — іх наогул паляць. А разам з імі згараюць і некаторыя людзі, якія не бачаць сябе ў новай рэальнасці. Таму што навокал пануюць экранавыя панэлі, рэкламныя патокі, і відовішчы, якія замяняюць розум і мысленне, а чалавецтва слепа крочыць да абрыву, нават не заўважаючы гэтага. Але правілы ёсць правілы. За іх выкананнем сочыць карпаратыўная машына пад назвай «Саламандра». Яе задачай з’яўляецца знішчэнне апошніх купак сапраўднай культуры — кніг і шэдэўраў мінулага. Галоўны герой Гай Мантэг (артыст Яўген Лук’янаў) — адзін з тых, хто аддана выконвае гэтыя функцыі, пакуль адна дзяўчына раптам не задае яму пытанне. Каб даць на яго адказ, трэба задумацца. Чалавек, які задумваецца, упускае ў душу сумненні. Тут падвоены асобасны пералом: а ці правільна тое, што яны робяць, бо душа ж ёсць, і ёй хочацца прыгожых і цёплых словаў пра Любоў. Для служкі «Саламандры» гэта фактычна здрада, і за лёс Гая варта перажываць. Але ён не адзіны, хто ў цемры хоча бачыць жывыя кветкі...


На вялікай сцэне ўзведзена прастора, якая адразу выклікае напружанне: «тэхнагенная звалка» з кучай знішчаных кніг — вось ключ да разумення сутнасці гэтай катастрофы. Жывое слова, жывая думка, жывыя эмоцыі падменены штучнастворанай таблеткай шчасця. Як яна дзейнічае, дэманструе жонка Гая Мантэга і яе сяброўкі — у яркіх зялёных колерах, якія рэжуць вока. Але іх свет як шоў аказваецца не менш уражальным: чалавек перастае быць самім сабой.


Спектакль ставіць перад залай пытанні пра трываласць існуючага свету і яго каштоўнасці, галоўная з якіх — сам чалавек, які можа апынуцца на мяжы поўнай страты індывідуальнасці ў свеце лічбавых тэхналогій. Пры тым, што са сцэны рэхам разносіцца слова «шоў», гэта сур’ёзны і актуальны спектакль, калі можна зазірнуць ў будучыню (якая закладзена шляхам нашага цяперашняга тэхналагічнага развіцця). І яшчэ да ўваходу ў залу гучыць папярэджанне, што да канца света засталіся лічаныя хвіліны... Пры тым, што тэма няпростая і патрабуе асэнсавання, прэм’ерны паказ прайшоў пры аншлагу — у зале не было ніводнага вольнага месца, а фінал суправаджаўся моцнымі апладысментамі і крыкамі «Брава!». Што сведчыць: сярод нашай публікі нямала тых, хто не шукае простых шляхоў і шукае ў тэытры думак, а не толькі забаў.

Ларыса ЦІМОШЫК