Top.Mail.Ru

Прэпараты і матэрыялы, створаныя беларускімі хімікамі, дапамагаюць урачам пры лячэнні траўм і аперацыях

Гель, цэмент, пенакераміка

Вучоныя Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі за дзесяцігоддзі работы стварылі шэраг прэпаратаў і матэрыялаў, якія паскараюць зрошчванне і аднаўленне пашкоджаных касцей. Па сваіх уласцівасцях яны ні ў чым не саступаюць замежным аналагам і значна больш даступныя па цане.

Найбольш вядомы прэпарат, які ўжо ацанілі айчынныя медыкі, — «Гідрагель біяапатыту». Ён прызначаны для выкарыстання ў хірургіі, траўматалогіі, артапедыі, стаматалогіі. Па сваім складзе гэты біяматэрыял максімальна блізкі да структуры і мінеральнага кампанента касцявой тканкі чалавека. Гідрагель лёгка запаўняе складаныя па форме дэфекты (напрыклад, сківічныя, або лункі пасля выдалення зубоў, касцявыя кішэні). Ён дапамагае прадухіліць дробныя дэфекты ў тых выпадках, калі пры аперацыях на касцях выкарыстоўваецца нейкая канструкцыя, у прыватнасці металічны або палімерны імплант.

Матэрыял не адрываецца, ён нетаксічны, цалкам інтэгруецца з тканкамі, якія яго абкружаюць, не выклікае пабочных эфектаў.

— Сёння прэпарат прадстаўлены ў дзвюх формах, — расказвае загадчыца лабараторыі фотахіміі і электрахіміі Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі (ІАНХ) НАН Беларусі, кандыдат хімічных навук, дацэнт Валянціна Круцько. — Мякчэйшая, цякучая выкарыстоўваецца пры лячэнні складаных пераломаў і значна паскарае зрошчванне касцей. Больш густая ўжываецца для запаўнення буйных, адкрытых касцявых поласцяў, дзе важна ўтрымаць аб’ём матэрыялу ў зоне дэфекту да пачатку фарміравання маладой касцявой тканкі.

Яшчэ адна распрацоўка спецыялістаў Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі — кальцый-фасфатны цэмент. Ён таксама змяшчае блізкія арганізму фасфаты кальцыю, але ў адрозненне ад гелю гэты трывалы матэрыял, які зацвердзявае, ужываецца ў якасці заменніка касцявой тканкі.

— Цяпер мы актыўна працуем над гібрыдным кампазітам для сэптапластыкі (аперацыі па выпраўленні скрыўлення насавой перагародкі 

з мэтай аднаўлення нармальнага насавога дыхання — заўв. аўтара), — працягвае Валянціна Канстанцінаўна. — Ствараецца ён шляхам злучэння гідрагелю біяапатыту і кампанента крыві пацыента. Атрыманы матэрыял уносіцца ў перагародку носа для стымулявання аднаўлення насавога дыхання. Эксперымент паказвае перспектыўнасць такіх кампазітных матэрыялаў для аднаўлення і росту касцявой тканкі.

Навукоўцы перакананыя, што ў кальцый-фасфатнай пенакерамікі ёсць будучыня. Засталося ўдасканаліць яе тэхналогію, каб дабіцца неабходнай трываласці. Не выклікае сумневаў у навукоўцаў і запатрабаванасць прынцыпова новага матэрыялу, які вынайшлі хімікі, — мяккай кальцый-фасфатнай ваты, тэхналогія якой таксама пакуль яшчэ дапрацоўваецца.

Вельмі актуальны кірунак сёння — распрацоўка пакрыццяў для нанясення на тытанавыя імпланты, якія актыўна выкарыстоўваюць ва ўсім свеце. Недахоп іх у тым, што шчыльнасць у тытану большая, чым у касцей. І з часам, асабліва калі ў пацыента ёсць спадарожныя захворванні (астэапароз, астэаміэліт), з прычыны нагрузкі на каленныя або тазасцегнавыя суставы пры працяглым узаемадзеянні з імплантам можа адбывацца сціранне прылеглай касцявой тканкі.

Для такіх выпадкаў айчынныя хімікі ўжо распрацавалі кальцый-фасфатнае пакрыццё, здольнае паскараць працэс зрошчвання штучнага імпланта з жывой касцявой тканкай і забяспечваць прамежкавы пласт паміж тытанавым імплантам і пашкоджанай косцю.

Навукоўцы падкрэсліваюць: выбар матэрыялу (гель, цэмент, кампазіт, пакрыццё), які змяшчае фасфаты кальцыю, залежыць ад вобласці прызначэння і мэт.

— Мы займаемся тонкім хімічным сінтэзам, які дастаткова складана асвоіць, — адзначае Валянціна Круцько. — Вельмі няпроста знайсці арганізацыю або прадпрыемства, якія маглі б гэта рабіць у прамысловых маштабах. На шчасце, нам удалося знайсці такога партнёра ў асобе айчыннага прадпрыемства «Медбіятэх».

Вольга ПАКЛОНСКАЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю