Top.Mail.Ru

Прэстыж сям’і і яе каштоўнасці абмеркавалі моладзь і эксперты

У рамках Тыдня бацькоўскай любові, які адзначаецца з 14 да 21 кастрычніка, для моладзі на пляцоўцы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка быў арганізаваны інтэрактыўны форум «Час сямейных каштоўнасцяў». У ім прынялі ўдзел каля сотні маладых людзей — спецыялісты прадпрыемстваў, якія далучыліся да ініцыятывы «Кампаніі, сяброўскія бацькам», а таксама студэнты старшых курсаў ВНУ. У інтэрактыўным фармаце запрошаныя эксперты і маладыя людзі абмяркоўвалі пытанні, якія датычацца рэпрадуктыўнага здароўя, псіхалогіі адносін, балансу работы і сям’і і нават будучых пенсіённых назапашванняў.


З прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму звярнулася намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Юлія БЕРДНІКАВА. Яна падкрэсліла: сям’я знаходзіцца ў фокусе ўвагі нашай дзяржавы і вельмі важна, што аказваецца падтрымка праз сістэму дапамог, працоўнае заканадаўства, праз працаўладкаванне моладзі і стварэнне камфортных працоўных месцаў. Тым не менш важна ўдзяляць увагу сямейным каштоўнасцям, у тым ліку пераемнасці пакаленняў.

— Шанаваць наша старэйшае пакаленне, нашу гісторыю — гэта таксама аснова асноў, на што варта абапірацца і, адштурхоўваючыся ад гэтага, ствараць светлую будучыню, развівацца, нараджаць дзяцей. У нас у краіне створаны ўсе ўмовы для нараджэння і выхавання дзетак, гэтак жа як і для прафесійнай рэалізацыі кожнага маладога чалавека, — засяродзіла ўвагу намеснік міністра.

Яна канстатавала, што моладзь цяпер іншая. І задача дзяржавы — адаптавацца да яе патрэб.

— Сёння малады чалавек, які скончыў навучальную ўстанову, перш за ўсё думае, як рэалізаваць сябе, стварыць фінансавую падушку бяспекі, і толькі пасля — пра сваю другую палавінку і нараджэнне дзетак. Статыстыка паказвае, што павялічыўся ўзрост уступлення ў шлюб, гэта 26-27 гадоў. Безумоўна, расце і ўзрост, у якім маладыя людзі становяцца бацькамі. Гэта нядрэнна, калі ўсё адбываецца асэнсавана, але сёння створаны камфортныя ўмовы для работы, працоўнае заканадаўства абараняе маладых бацькоў. Таму можна не баяцца нараджаць дзетак. Можна паспяваць усё: скончыць універсітэт, нарадзіць, паралельна працаваць, рэалізоўвацца прафесійна і як бацькі, — рэзюмавала Юлія Берднікава.

Удзельнікі мерапрыемства праяўлялі актыўнасць у абмеркаванні і інтэрактывах форуму.

— На мой погляд, такія мерапрыемствы не проста важныя, а абавязковыя. Не ведала, што гэта будзе настолькі маштабна, тэхналагічна і ярка, — выказала меркаванне ўдзельніца форуму галоўны спецыяліст упраўлення па працы Салігорскага райвыканкама Дар’я БІЧАН.

— Сучаснае ўспрыманне сям’і змянілася з часоў нашых бабуль і дзядуль, але асабіста ў мяне яно засталося традыцыйным. Для мяне важна знайсці свайго чалавека па жыцці і заключыць з ім саюз. Галоўнае, каб сям’я была не фармальнасцю, а насамрэч аб’ядноўвалася агульнымі інтарэсамі і мэтамі, — падзялілася Крысціна ВАЙНІЛОВІЧ, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Савецкага раёна г. Мінска, студэнтка Міжнароднай маскоўскай акадэміі.

Яшчэ адзін удзельнік, Сяргей СЕМЧАНКА, ваеннаслужачы Роты ганаровай варты, прыйшоў на сямейны форум з жонкай.

— У нашай дзяржаве дапамога маладым сем’ям аказваецца ў належным аб’ёме, — адзначыў ён. — Напрыклад, мы з жонкай стаім у чарзе на жыллё як маладая сям’я і, спадзяюся, хутка атрымаем сваю кватэру. У найбліжэйшы час плануем з’яўленне дзіцяці. Адкладвалі гэту падзею восем гадоў, бо спачатку хацелася забяспечыць фінансавы падмурак і атрымаць сваё жыллё.

Алена КРАВЕЦ

Фота «Минск-Новости»

Чытайце таксама: Маладыя сем’і з Віцебскай вобласці збяруцца на форуме

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю