Top.Mail.Ru
171

Прэзентацыя двух новых зборнікаў з серыі «Фальклорныя скарбы Беларусі»

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі прайшла прэзентацыя двух новых зборнікаў з серыі «Фальклорныя скарбы Беларусі».



З ініцыятывай зрабіць больш даступнымі напрацоўкі вучоных, у тым ліку пазнаёміць чытачоў з фальклорнымі запісамі, якія яшчэ ніколі не друкавалася, выступіў акадэмік Уладзімір Гусакоў. Кожны з тамоў серыі знаёміць з асобным жанрам. Так, першымі пабачылі кнігі, прысвечаныя легендам і былічкам, прыказкам і прымаўкам, замовам. Сёлета ў рамках Тыдня роднай мовы адбылася прэзентацыя двух новых тамоў. Не выпадкова на сустрэчу навукоўцы запрасілі фальклорныя гурты, якія выконвалі аўтэнтычныя песні. Адзін з новых тамоў прысвечаны баладам, другі — беларускім народным каляндарным песням. 

Для назвы чацвёртага тома серыі «Абярнуся я шэрай зязюляй» абраны словы з адной з самых вядомых беларускіх балад. У ёй расказваецца, як дзяўчына, выдадзеная замуж на чужыну, не вытрымала і птушкай вырашыла злятаць дадому. Наогул сюжэты з ператварэннем даволі пашыраныя ў баладах. Можна згадаць, напрыклад, пра каханых, ператвораных у явар з бярозаю ці чырвоную каліну і горкую рабіну. Кніга дае магчымасць убачыць наколькі багаты гэты жанр. Даследчыкі выдзелілі міфарытуальныя балады, казачныя, навелістычныя, карагодна-гульнявыя і нават балады з загадкамі. Хаця самі носьбіты назву «балады» не выкарыстоўваюць, а доўгія песні пераважна называюць «бяседнымі», «жаласнымі», «паставымі». Справа ў тым, што некаторыя з такіх фальклорных твораў «прывязаны» да пэўнага каляндарнага свята, прычым у розных мясцовасцях часам яшчэ і не да аднаго.


Сучаснік, які чуе слова балада, хутчэй падумае пра мінорны, павольны, тужлівы твор. Сёння цяжка паверыць, што спачатку гэта слова выкарыстоўвалася для вясёлай танцавальнай песні (сам тэрмін прыйшоў з Заходняй Еўропы ў эпоху рамантызму).

Даследчыкі адзначаюць, што менавіта балада стала першым фальклорным жанрам — у цэнтры якога аказаўся чалавек, якому часам даводзіцца рабіць няпросты выбар паміж дабром і злом, альбо які сутыкаецца з нейкімі выпрабаваннямі. Некаторыя сюжэты падаюцца казачнымі, іншыя, як, пажартавалі падчас прэзентацыі, нагадваюць крымінальную хроніку. 

Назва пятага тома серыі «Фальклорныя скарбы» — «Ой, пушчу стралу па ўсяму сялу».

У зборнік увайшлі песні з розных рэгіёнаў. Укладальнікі стараліся паказаць і жанрава-відавую разнастайнасць каляндарна-абрадавага фальклору. 

Асаблівасць абодвух выданняў — тэксты можна не толькі пачытаць, па QR- кодах яшчэ і паслухаць. Гэта аўтэнтычныя запісы з фондаў з архіва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Гэты архіў мае статус нематэрыяльнага здабытку Рэспублікі Беларусь. У канцы кніг пазначаны пашпарты запісаў, можна даведацца ад каго і ў якім рэгіёне была запісана канкрэтная песня.


Уся серыя мае асаблівае афармленне, для кожнага тома выбраны выцінанкі розных майстроў. Так, для чацвёртага тому іх рабіла Галіна Жураўлёва, для пятага — Вольга Налівайка і Натялля Бярнадская. Альбом «Ой, пушчу стралу па ўсяму сялу» знаёміць з фальклорам, які можна «пабачыць», таму тут размешчаны і фатаграфіі, зробленыя падчас розных абрадаў.

Серыя «Фальклорныя скарбы Беларусі» дазволіць пазнаёміць са здабыткамі нашага народа не толькі беларусаў. У кнігах падаюцца пераказы на рускую і англійскую мовы, а ў томе з прыказкамі — адпаведнікі на іншых мовах. А гэта асобны няпросты фронт работ. 

Як расказала Ніна Сянкевіч, якая рабіла пераказы для «спеўных» тамоў, цяжкасці былі звязаны з перакладам тых слоў, якія пазначаюць рэаліі, характэрныя для Беларусі, якія не сустракаюцца ў англамоўных краінах. У такім выпадку яна давала каментарыі, каб замежны чытач змог зразумець, пра што ідзе гаворка. Напрыклад так было са словамі «валачобнікі», «талака» ці «каза» (некалькі каласкоў, якія пакідаюць не зжатымі на полі). Складанасці былі і ў перакладзе святаў. Агульныя хрысціянскія святы перакладаліся англійскімі назвамі, але і тут былі нюансы Напрыклад, англамоўны чытач можа не зразумець чаму пасля Міколы беларусы сеюць зерне. Тут трэба было тлумачыць, што ў Беларусі гэтаму святому прызначаны два дні, расказваць пра традыцыі на веснавога Міколу. 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю