ХХХІІ міжнародная кніжная выстава-кірмаш збірае самых розных людзей. Нават алімпійскіх чэмпіёнаў, якія сталі ўдзельнікамі прэзентацыі кнігі «Па той бок медаля» Валерыі Сцяцко, што выйшла ў выдавецкім доме «Звязда».
Удзел у прэзентацыі прынялі героі кнігі, яны ж сапраўдныя героі спорту: алімпійскі чэмпіён па веславанні, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Дзмітрый Даўгалёнак, алімпійскія чэмпіёнкі па лёгкай атлетыцы Юлія Несцярэнка, Яніна Правалінская-Карольчык, двухразовы чэмпіён свету па грэка-рымскай барацьбе, старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў і ганаровы член НАК Беларусі Мікалай Ананьеў. Усе яны давалі ў сваім жыцці не адзін дзесятак інтэрв’ю для розных СМІ, але адзінагалосна сышліся ў тым, што даць інтэрв’ю, каб затым убачыць сваю гісторыю ў кнізе — гэта зусім іншыя ўражанні і пачуцці.
«Вельмі важна захаваць гісторыю спорту, гісторыю алімпійскага руху нашай краіны менавіта ў кнігах. На жаль, нашы ветэраны спорту адыходзяць, але іх гісторыі павінны быць захаваныя, каб пра гэтых людзей ведалі новыя пакаленні», — адзначыў Дзмітрый Даўгалёнак. З ім пагадзіўся і Алім Селімаў, па яго словах, сёння маладыя спартсмены паспяваюць не толькі трэніравацца, але і чытаць кнігі, таму літаратуры, у якой яны могуць узяць нешта карыснае, даведацца нешта цікавае пра сваіх куміраў, павінна быць болей.
Госці прэзентацыі не саромеліся задаваць свае пытанні спартсменам. Гучалі пытанні наконт таго, ці хацелі б яны паўтарыць свой спартыўны шлях, цікавіліся самымі памятнымі момантамі, распытвалі пра пачатак спартыўнай кар’еры. Чэмпіёны на ўсе пытанні чэсна адказалі, але заўважылі, што больш цікавостак пра іх лёсы і лёсы іх калег ёсць у кнізе «Па той бок медаля». Прыемным бонусам для гасцей мерапрыемства сталі сэлфі і аўтографы ад спартыўных знакамітасцяў.
Фота Віктара ДРАЧОВА